Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракуратура спыніла перапіску з грамадзянкамі, якія на яе скардзяцца


Актывісткі ініцыятыўнай групы «Жанчыны супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» Галіна Юбко і Ларыса Чарнаморац атрымалі адказы на свае скаргі ў генэральную пракуратуру краіны, у якіх ім паведамляюць, што «перапіска зь імі спыненая».

Раней некалькі дзясяткаў актывістак гэтай групы скардзіліся на тое, што іх заявы аб завядзеньні крымінальных спраў не расьсьледуюцца, альбо аспрэчвалі рашэньні судоў паводле спраў сваякоў. Апошні раз жанчыны дамагаліся прыёму ў генэральнага пракурора Рыгора Васілевіча 10 сьнежня мінулага году. Рыгор Васілевіч жанчын не прыняў, але ў прыёмнай ім паведамілі, што ён аддаў загад разгледзець усе заявы актывістак групы. 14 студзеня 28 жанчын з розных месцаў Беларусі зноў паспрабавалі дамагчыся прыёму ў Рыгора Васілевіча і зноў з гэтага нічога не ўдалося.

«Цяперашнія адмовы ў выглядзе паведамленьня, што зь імі „спыненая перапіска“ варта ўспрыняць як беззаконьне. Бо ў законе няма такога паняцьця, як „спыненьне перапіскі“ з грамадзянінам. Колькі разоў грамадзянін зьвяртаецца з скаргай, столькі разоў яе трэба праверыць і даць адказ у адпаведны тэрмін і ў адпаведнай форме», — пракамэнтавала сытуацыю праваабаронца Тамара Сяргей, якая аказвае кансультацыі актывісткам групы «Жанчыны супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры». Паводле зьвестак Тамары Сяргей, цяпер актывісткі зьбіраюцца на прыём да кіраўніцтва адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.

Група «Жанчыны супраць беззаконьня ў судах і пракуратуры» аб’ядноўвае болей за сто грамадзянак, якія лічаць, што парушаныя іх правы альбо правы іхніх сваякоў. За перагляд пэўных крымінальных спраў некаторыя актывісткі змагаюцца ужо болей за 5 гадоў, у тым ліку яны зьвярнуліся ў міжнародныя інстанцыі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG