Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Калі “Нафтан” стане, то тут спыніцца ўсё…”


«Нафтан»

«Нафтан»

Што гавораць пра нафтавую вайну людзі ў гарадах, дзе разьмешчаныя беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы і якія цалкам залежаць ад паставак расейскай нафты? Адказы на гэтае пытаньне карэспандэнты «Свабоды» шукалі ў Наваполацку і Мазыры.

НАВАПОЛАЦК


«Гэта сытуацыя — праява таго, што пачынаецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія»


Многія працаўнікі Наваполацкага нафтаперапрацоўчага комплексу «Нафтан-Палімір» неахвотна гавораць на тэму расейскіх паставак. Вось што сказаў кіраўнік незалежнага прафсаюзу Іван Сьвятоха:

«Ведаеце, на гэтую тэму я ня буду даваць інфармацыю. Маю на гэта дзьве прычыны. Па-першае, мы працуем цяпер стабільна, а па-другое, не жадаю ўлазіць у гульні, якія вядуць вярхі Расеі і Беларусі».

Наступны суразмоўца — Антон Ясіновіч, які таксама працуе ў наваполацкім нафтавым комплексе.

Народ на нашым прадпрыемстве кажа, што Лукашэнка зь Мядзьведзевым сустрэнуцца і менавіта яны вырашаць гэту праблему.
«Народ на нашым прадпрыемстве кажа, што Лукашэнка зь Мядзьведзевым сустрэнуцца і менавіта яны вырашаць гэту праблему. Проста пачынаецца прэзыдэнцкая выбарчая кампанія. Вы ж паглядзіце: езьдзілі ў Маскву Ўладзімер Сямашка і міністры, але нічога не зьмянілася. А зьезьдзіць Лукашэнка — і будзе нафта. Вы ж разумееце: «Нафтан» дае столькі грашовага прыбытку ў дзяржаўны скарб, што калі ён стане, то тут спыніцца ўсё».

Далей разважае наваполацкі грамадзкі актывіст Валеры Шаўчэнка. Ён перакананы, што Расея схіляе Лукашэнку да перадачы нафтаперапрацоўчага комплексу ў яе ўласнасьць:

«Калі такая перадача ўласнасьці сапраўды адбудзецца і кран дармовай нафты будзе перакрыты, то беларусы і не заўважаць (хоць гэта ўсё робіцца скрытна), як пазбавяцца сваёй незалежнасьці».

МАЗЫР


«Нам трэба новага прэзыдэнта выбіраць і прымаць цывілізаваныя ўмовы Расеі»


У Мазыры, дзе працуе нафтаперагонны завод, тэма нафтавай вайны турбуе амаль усіх.

Гаворыць мазырскі адмысловец спадар Юры:

«З 2007 году была падпісана дамова да 2010 году. Усе выдатна ведалі, што, прынамсі, ільготныя пастаўкі нафты заканчваюцца праз тры гады. Чаму не займаліся гэтым пытаньнем зь лета? Улада ўлезла — і вось вынік. Калі цяпер ня будзе нафты, натуральна, будуць праблемы. Нафтаперапрацоўшчыкі — гэта самыя вялікія платнікі падаткаў у бюджэт».

Мазырскі эканаміст спадар Леанід лічыць, што Беларусі трэба наладжваць з Расеяй цывілізаваныя эканамічныя стасункі:

«Заводы працаваць будуць і нафту будуць купляць. Адно толькі, што паступленьні ў бюджэт будуць іншымі: расейцы сабе перахопяць гэтую рэнту. А нам трэба па тых кірунках, па якіх мы лічым, што яны нам не даплачваюць, браць у поўнай меры. Я маю на ўвазе транзыт, радыёлякацыйныя станцыі, супрацьпаветраную абарону й гэтак далей».

Шараговыя працаўнікі галіны ў Мазыры пакуль не адчулі, што завод мае патрэбу ў нафце. Кажуць, што да 21 студзеня запасы сыравіны ёсьць. Калі перапрацоўка зьнізіцца, упадуць заробкі ў нафтавікоў. Гэта адчуе нават гандаль, які асабліва ажыўляецца ў дні выдачы заробкаў на НПЗ.

Адсутнасьць нафты, які лічыць спадар Віктар, прывядзе да спыненьня прадпрыемства:

«Завод стане на капрамонт — і будзем займацца рамонтам. Мы ведаем, дзе і ў кім наша праблема. Усё хочам на халяву, а там ужо халяву даваць ня хочуць. Прайшла інфармацыя, што нібыта наш завод адмаўляецца купляць нафту. Як гэта адмаўляецца, калі яе няма? Бязглузьдзіца! Была, відаць, „указіўка“ зьверху. Нам што рабіць? Нам трэба новага прэзыдэнта абіраць і прымаць цывілізаваныя ўмовы Расеі».
XS
SM
MD
LG