Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Візыт Паўляка ня толькі эканамічны, але і палітычны


Вальдэмар Паўляк
Вальдэмар Паўляк

З аднадзённым рабочым візытам у Менск прыбыў віцэ-прэм’ер Польшчы Вальдэмар Паўляк. Ён узяў удзел у пасяджэньні сумеснай камісіі па эканамічным супрацоўніцтве, якое прайшло ў Нацыянальнай бібліятэцы з удзелам віцэ-прэм’ера Беларусі Івана Бамбізы.

Таксама спадар Паўляк сустрэўся з прэм’ер-міністрам Беларусі Сяргеем Сідорскім.

Апошні раз польскі віцэ-прэм’ер Вальдэмар Паўляк прыяжджаў у Менск у лютым 2009 году. Тады ён абмежаваўся сустрэчай зь віцэ-прэм’ерам Андрэем Кабяковым. Цяпер спадар сустрэўся і з прэм’ер-міністрам. Прадстаўнік польскай амбасады патлумачыў мэты візыту:

«Верагодна, што ў першай чарзе эканамічныя пытаньні. Але Беларусь — гэта краіна, дзе эканоміка ідзе поруч з палітыкай. Так што тут будуць вырашацца, напэўна, і палітычныя пытаньні, але найперш эканамічныя».

Беларусь — гэта краіна, дзе эканоміка ідзе поруч з палітыкай. Так што тут будуць вырашацца, напэўна, і палітычныя пытаньні.
Падчас мінулай сустрэчы бакі адзначалі рост таваразвароту паміж дзьвюма краінамі на 45%, амаль да трох мільярдаў даляраў. Цяпер жа па выніках студзеня-лістапада мінулага года беларуска-польскі таваразварот пад уплывам усясьветнага крызісу скараціўся амаль удвая і склаў каля паўтара мільярда даляраў. На пасяджэньні сумеснай камісіі ў Менску віцэ-прэм’ер Беларусі Іван Бамбіза выказаўся за пашырэньне супрацоўніцтва з Польшчай ва ўсіх сфэрах. Маўляў, для гэтага патрэбныя канкрэтныя эфэктыўныя крокі і мэханізмы. Паводле Бамбізы, апошнім часам абедзьве краіны істотна прасунуліся ў палітычным і эканамічным дыялёгу, а сустрэчы на ўзроўні віцэ-прэм’ераў сталі рэгулярнымі. Аднак трэба спрашчаць візавы рэжым, і дамова аб правілах памежнага руху знаходзіцца на заключнай стадыі ўзгадненьня.

Польскі віцэ-прэм’ер Вальдэмар Паўляк заявіў, што Польшча падтрымае Беларусь у кантактах з Эўразьвязам і ў імкненьні стаць сябрам Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. А праграма «Ўсходняе партнэрства» можа спрыяць «канкрэтным мерапрыемствам з выкарыстаньнем эўрапейскіх сродкаў».

Мінулым разам віцэ-прэм’ер Беларусі заклікаў палякаў удзельнічаць у беларускай прыватызацыі і падзяліцца сваім досьведам у гэтай сфэры. Падчас гэтага візыту спадар Паўляк сказаў, што ў Польшчы ўзрастае цікавасьць да ўдзелу ў беларускай прыватызацыі і да выкарыстаньня польскага досьведу. Пэрспэктыўным польскі віцэ-прэм’ер назваў супрацоўніцтва ў энэргетычнай сфэры, а таксама ў нафтагазавай і хімічнай прамысловасьці, чыгуначных перавозках і сельскай гаспадарцы. Ён нагадаў пра ідэю будаўніцтва электрастанцыі ў Зэльве на польскім вугалі.

Паводле палітоляга Алеся Лагвінца, гэты візыт — працяг эўрапейскай палітыкі ў спробе заангажаваць Беларусь у больш шчыльнае ўзаемадзеяньне:

«З боку Польшчы, якая, як і раней, вельмі актыўная ў падтрымцы беларускай грамадзянскай супольнасьці, ёсьць таксама разуменьне, што пэўныя рэчы, якія дазваляюць выйсьці на шырэйшае кола беларусаў, павінны абмяркоўвацца таксама і зь беларускімі ўладамі. Беларускі рэжым замарозіў сытуацыю ў Беларусі. Але варта думаць пра постлукашэнкаўскую Беларусь».
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG