Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Масква і Менск нарэшце ўзгаднілі асноўныя прынцыпы пастаўкі нафты празь беларускую тэрыторыю». Так паведамляе сёньня расейская інтэрнэт-газэта «РБК daily». Аднак афіцыйныя структуры як у Менску, так і ў Маскве гэтай інфармацыі дагэтуль не пацьвердзілі.

Расейскае выданьне спасылаецца на крыніцу, блізкую да перамоваў. Паводле яе, Расея пагадзілася павялічыць аб’ёмы бязмытнай пастаўкі паліва. Аднак не ўдакладняецца, наколькі.

Паводле крыніцаў «Свабоды» ў Маскве, размова можа ісьці пра ня надта значнае павялічэньне квоты — ад 6,3 мільёна тон нафты, пра якія ўжо ёсьць дамоўленасьць, да 8-9 мільёнаў. Хаця Беларусь настойвала, каб уся нафта — а гэта 21 мільён тон — паступала бяз мыта.

Тацяна Манёнак
Аглядальніца тыднёвіка «Белорусы і рынок» Тацяна Манёнак кажа, што нават магчымыя саступкі з боку Масквы не вырашаюць праблему:

Спадарыня Манёнак кажа: абмежаваньні бязмытнай пастаўкі нафты будуць пагаршаць становішча ня толькі галіновых прадпрыемстваў, але і ўсёй краіны:

«У бюджэце акумуляваліся валютныя сродкі ў вельмі сур’ёзных аб’ёмах. А цяпер прыйдзецца значна больш аплачваць. І бюджэт ад гэтага будзе шмат страчваць».

А кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка кажа: апошнім часам менавіта продаж бэнзіну, газы, дызэльнага паліва ды іншых прадуктаў з нафты прыносіў у дзяржаўную скарбонку найбольш валюты. Нават болей, чым экспарт калійных угнаеньняў.

Леанід Заіка
Магчыма, на ход нафтавых перамоваў паўплывае ліст Аляксандра Лукашэнкі да Дзьмітрыя Мядзьведзева. Беларускі лідэр нагадвае: 10 сьнежня на паседжаньні Вышэйшага дзяржсавету Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі была дасягнутая дамоўленасьць, што цягам першых двух-трох месяцаў 2010 году нафта будзе пастаўляцца ў Беларусь бяз мыта. Аднак Расея не выконвае дамоўленасьці і выставіла непрымальныя для Беларусі ўмовы.

Расейскі прэзыдэнт на гэта ліст пакуль не рэагуе. А маскоўскі палітоляг Андрэй Суздальцаў лічыць: Лукашэнка не выпадкова абраў такі стыль кантакту з расейскім калегам:

Андрэй Суздальцаў
«Ён хоча ўступіць у перамоўны працэс, але каб усё гэта адбывалася ў замаруджаным варыянце. У наўпроставы дыялёг Лукашэнка ўступаць ня хоча. Таму і абрана такая форма — ліст, тэкст якога не паказваюць.

Так Лукашэнка хоча стварыць сабе штучную перавагу. Ідзе гульня на нюансах — літаральна да тэлеграфнага стылю, якім стылем карыстаесься — больш хуткім, адкрытым ці марудным».

Маскоўскі палітоляг зьвяртае ўвагу: дамоўленасьці з прэзыдэнтам Расеі, пра якія піша Аляксандар Лукашэнка, нідзе не зафіксаваныя:

«Гэта — вусная размова. Яны выпрацавалі канву дзеяньняў. Яна натуральная і стандартная: мы адчыняем для вас, вы — для нас. Мы вам робім паслабленьне, а вы — нам. Тут няма аднабаковых рашэньняў».

А вось перамовы паміж кампаніяй «Интер РАО ЕЭС» і канцэрнам «Белэнэрга» аб транзыце расейскай электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі празь беларускія электрычныя сеткі сёньня ўзнавіліся ў Маскве. Папярэдні раўнд перамоваў адбыўся 12 студзеня ў Менску.

Беларускі бок, паводле інфармацыі «Интер РАО ЕЭС», запатрабаваў павялічыць плату за транзыт у 5 разоў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG