Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Крыж на татальнай аўтамабілізацыі Беларусі


Дзяржаўны мытны камітэт Беларусі папярэджвае: ільготныя мытныя пошліны на ўвоз з-за мяжы аўтамабіляў фізычнымі асобамі будуць дзейнічаць толькі да 1 ліпеня 2010 году.


Старшыня камітэту Аляксандар Шпілеўскі заявіў, што адпаведнае рашэньне прынятае, і ад сярэдзіны году так званая “растаможка” падвысіцца да расейскага ўзроўню. Паводле экспэртаў, у шэрагу выпадкаў пошліна вырасьце ў 5—10 разоў.

Прыватныя перагоншчыкі да апошняга спадзяваліся, што расейска-беларускі сыравінны канфлікт прынамсі адцягне разгляд пытаньня пра радыкальнае падвышэньне мыта для беларусаў на неакрэсьленую пэрспэктыву. Аднак кіраўнік мытнага ведамства Аляксандар Шпілеўскі канстатаваў: пазыцыя на скасаваньне ільготаў для фізычных асобаў у рамках Мытнага саюзу ўзгодненая. Ужо гэтым летам мытныя пошліны на аўтамабілі для прыватнікаў у Беларусі будуць гэткімі ж, як і ў Расеі. Адзін з перагоншчыкаў не хавае эмоцыяў ад такой навіны:

Аляксандар Шпілеўскі
“Ды вы што? Па расейскіх мерках усё ж будзе? Гэта ўжо дакладна? Проста жах, бо там мінімум ад двух эўра за кубік расцэнкі пачынаюцца. Зараз людзі адназначна машыны рваць будуць”.

Калі меркаваць паводле расейскіх мытных ставак, то падвышэньне будзе тычыцца якраз той гамы, за кошт якой і адбылася ўсеагульная аўтамабілізацыя беларускага грамадзтва. Памер стаўкі наўпрост будзе залежаць ад аб’ёму рухавіка і году выпуску аўто. Найбольш жорсткія пошліны чакаюцца на аўтамабілі ўзростам звыш 5 гадоў. Значнае падвышэньне памеру плацяжоў пагражае аўтамабілям ад 3 да 5 гадоў. У залежнасьці ад камплектацыі па некаторых аўтамабілях стаўкі будуць падвышаныя ў 10 разоў. Па іншых — у 5—7 разоў.

Між тым, на думку кіраўніка Асацыяцыі кіроўцаў і ўладальнікаў аўтатранспарту Алега Маркевіча, панікаваць усё ж рана. Экспэрт лічыць, што на тле непаразуменьняў паміж Менскам і Масквой адносна паставак нафты і транзыту электраэнэргіі, якія павінны былі прымацца ў адным пакеце з мытам на аўтамабілі, казаць пра нейкую ўніфікацыю ў рамках Мытнага саюзу пакуль не выпадае:
Беларусы прызвычаіліся езьдзіць на іншамарках, іх нельга перасадзіць на “Жыгулі” ...

”Я ўсё ж спадзяюся, што яны гэтае пагадненьне не падпішуць, не дамовяцца ўрэшце. Бо каб дамовіцца па аўтамабільных квотах, яны “ў пакеце” павінны былі дамовіцца і па нафце, і па энэрганосьбітах. А я бачу, што там пакуль ніякай згоды няма... Сам па сабе крок прывядзе, як мінімум, да значнага падаражэньня па беларускіх мерках. Ува ўсіх нашых суседзяў — і ў Расеі, і ва Ўкраіне, і ў тым жа Казахстане — куды большая растаможка. Але яны маюць зборку сваіх легкавых машынаў. Беларусь гэтага ня мае і ў выніку аказваецца дыскрымінаванай. Беларусы прызвычаіліся езьдзіць на іншамарках, іх нельга перасадзіць на “Жыгулі”, таму як мінімум будзе, мякка кажучы, незадавальненьне. Я не разумею, хто параіў такі непралічаны крок у перадвыбарны год. Бо практычна ніводная беларуская сям’я ня можа сабе дазволіць дарагі аўтамабіль. А я так думаю, як мінімум на 5 тысяч даляраў падскочыць растаможка”.

Калі ў фізычных асобаў яшчэ ёсьць паўгадавая фора, фірмы новыя правілы існаваньня ў адзінай мытнай прасторы адчулі ад пачатку году. З 1 студзеня ў Беларусі падвышаныя мытныя пошліны на ўвоз легкавых аўтамабіляў для дылераў і арганізацый-гандляроў. Сёньня старшыня Беларускай аўтамабільнай асацыяцыі Сяргей Міхневіч апавёў, што аўтадылеры ад пачатку году ўжо ўзьнялі кошты на 20—30% у параўнаньні зь мінулым годам.

Аднак бальшыня фірмаў папросту згарнулі дзейнасьць, вылічваючы, да чаго можа павесьці стратная праца. Палохае перадусім нявызначанасьць у справе мытнага афармленьня новых аўто. Гандляры не выключаюць, што мытная ацэнка будзе вызначацца паводле так званага даведніка коштаў аўтамабіляў усіх брэндаў, якія на 50% вышэйшыя за кошт вытворцаў. У адным зь менскіх аўтасалёнаў па продажы японскіх аўто паведамілі, што на гэты момант разумней увогуле нічога не прадаваць:
нічога пакуль і не завозім, бо ня ведаем, як іх прадаваць ...

“Фармальна салён працуе, проста ў аддзеле продажу пакуль што пуста. У нас насамрэч машынаў няма, сядзім з парожнім складам. І нічога пакуль і не завозім, бо ня ведаем, як іх прадаваць. Тычыцца гэта нават таго, што можна было б прадаць, бо засталося некалькі асобнікаў. Цяпер працуе толькі станцыя тэхабслугоўваньня. СТА дзейнічае ў нармальным рэжыме, усе аддзелы, якія забясьпечваюць пастаўку запчастак, дадатковага абсталяваньня, ажыцьцяўляюць кузаўныя працы — усё гэта функцыянуе. Таму казаць, што сытуацыя для нас цалкам катастрафічная і можна засынаць зь пісталетам ля скроні — было б, напэўна, няправільна”.

На думку ўдзельнікаў аўтамабільнага рынку, у нейкай ступені сытуацыю магло б урэгуляваць падпісаньне мэмарандуму аб узаемаразуменьні паміж Дзяржаўным мытным камітэтам і фірмай-пастаўшчыком адносна папярэдняга пацьвярджэньня коштаў на аўтапрадукцыю, якая ўвозіцца ў краіну.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG