Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На думку Гулякі, некаторыя ксяндзы парушаюць беларускае заканадаўства


Пра гэта заявіў упаўнаважаны ў справах рэлігій і нацыянальнасьцей Беларусі Леанід Гуляка падчас пасяджэньня сваёй структуры.


Агенцтва "Інтэрфакс" цытуе Гуляку:

“Ёсьць парушэньні беларускага заканадаўства з боку асобных каталіцкіх сьвятароў, якія маюць як беларускае, так і замежнае грамадзянства. Ва ўмовах ўзрастаньня ролі рыма-каталіцкай царквы ў Беларусі, апарат упаўнаважанага мае права патрабаваць ад каталіцкіх сьвятароў непахіснага выкананьня беларускага заканадаўства”, - заявіў Л.Гуляка.

Ён таксама адзначыў, што перад каталіцкімі біскупамі Беларусі неаднаразова ставілася пытаньне, каб яны забясьпечылі выкананьне беларускага заканадаўства сьвятарамі ў прыходах.

Паводле Л.Гулякі, адчувальнай застаецца кадравая праблема ў каталіцкіх прыходах: з 416 ксяндзоў, якія служаць у Беларусі, 164 ёсьць замежнікамі, і зь іх 160 – грамадзяне Польшчы.

Нагадаем, што на пачатку гэтага месяца Гарадзеншчыну пакінулі два польскія ксяндзы: ім не працягнулі дазвол на працу ў Беларусі. Прычына ў рашэньні старшыні Дзяржкамітэту па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў патлумачана не была. Астатнім замежным сьвятарам, якія працуюць у Гарадзенскай каталіцкай дыяцэзіі, дазволілі застацца яшчэ на паўгоду.

Ксёндз Эдвард Смага вымушана пакінуў вёску Індура Гарадзенскага раёну. Ён вярнуўся ў Польшчу. Але парафія не засталася зусім безь сьвятара: другі індурскі ксёндз, Павал Асьцюкевіч, — грамадзянін Беларусі.

А вось парафія ў вёсцы Міжэрычы Зэльвенскага раёну пазбаўленая ксяндза. Яна Банькоўскага беларускія ўлады таксама вымусілі вярнуцца ў Польшчу.

Прадстаўнік Гарадзенскай каталіцкай курыі Антоні Ханько зазначыў, што апошнія рашэньні беларускіх уладаў значна ўскладнілі працу замежных ксяндзоў на тэрыторыі краіны:

«Усім працягнулі толькі на паўгода дазвол на працу, хто зьяўляецца замежным грамадзянінам. Такіх ксяндзоў у дыяцэзіі пяцьдзясят чалавек. Усе толькі на паўгода цяпер дазвол маюць, а раней давалі яго на год. Усё па-новаму цяпер: рэгістрацыя і гэтак далей, у два разы больш будуць плаціць. Плаціць трэба за дазвол, за страхоўку, за візу, за кожную паперку, больш за паўмільёна за ўсё разам».
XS
SM
MD
LG