Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Паводле афіцыйных крыніц у Тайляндзе, мясцовая паліцыя завяршыла расьсьледаваньне і перадала ў пракуратура справу аб самалёце ІЛ-76 з казахска-беларускім экіпажам, які быў затрыманы 12 сьнежня з грузам кантрабанднай зброі.

Цягам некалькіх дзён пракуратура будзе вырашаць, ці дастаткова доказаў віны лётчыкаў, каб накіраваць справу ў суд.

Нагадаем, ў складзе экіпажу затрыманага ў Тайляндзе ІЛ-76 працаваў бортмэханікам грамадзянін Беларусі Міхаіл Пятухоў. Разам з чатырма казахскімі лётчыкамі Пятухова зараз утрымліваюць у тайскай турме. Лётчыкаў падазраюць ў кантрабандзе зброі, непаведамленьні ўладам краіны дакладных зьвестак пра груз і перавоз выбухоўкі, што пагражае сьмяротным пакараньнем. Сваёй віны экіпаж ІЛ-76 не прызнае. Лётчыкі кажуць, што нічога ня ведалі пра зброю, паводле іх зьвестак яны перавозілі абсталяваньне для здабычы нафты.

Дагэтуль дакладна невядома, каму прызначаліся гранатамёты, пераносныя ракетныя комплексы ды іншая зброя, якую знайшлі на борце ІЛ-76, які ляцеў са сталіцы Паўночнай Карэі Пхеньяну. Назіральнікі не выключаюць, што зброя ў рэшце магла апынуцца ў адной з гарачых кропак Блізкага Ўсходу ці Афрыкі, а таксама патрапіць у рукі тэрарыстаў з “Аль-Каіды”. Паводле брытанскай газэты “The Guardian”, якая спасылалася на ўкраінскія крыніцы, ІЛ-76 выляцеў у Пхеньян зь Беларусі і спыняўся на дазапраўку у Кіеве. Беларускі ўрад цалкам абвяргае датычнасьць да гісторыі са зброяй на былым савецкім самалёце ІЛ-76.
XS
SM
MD
LG