Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У 1940-м камуністы высылалі цяжарных жанчын і дзяцей


Агляд незалежнай прэсы

Тыднёвік “Бабруйскі кур’ер” паведамляе, як сьвяткавалі Каляды ў дзіцячай калёніі №2. Там стварылі лялечны тэатар. Выхаванцы калёніі сталі акторамі тэатру, а таксама аўтарамі дэкарацыяў і строяў. У працяг тэмы – артыкул на крымінальную тэму, паведамляе журналіст Віктар Качан:

“За два дні ў нас адбылося адразу тры забойствы – гэта вельмі шмат. Усе тры забітыя – жанчыны, забітыя на пабытовай глебе, а забойцы былі п’яныя”.

Тыднёвік “Газэта Слонімская” паведамляе пра сьвяткаваньне юбілею Слонімскага раёну, якое адзначаецца напачатку года. Пра зьмест артыкулу паведамляе журналіст Сяргей Чыгрын:

“Гэта ня толькі сьвята: адразу пасьля стварэньня Слонімскага раёну распачаліся моцныя рэпрэсіі. Былі арыштаваныя ня толькі прадстаўнікі былой польскай адміністрацыі, але і прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі. Бальшавіцкая ўлада высылала ўсіх каго лічыла ворагамі, сярод якіх былі нават цяжарныя жанчыны і дзеці”.

“Газэта Слонімская” таксама прыводзіць вынікі апытаньня сярод апазыцыйных палітыкаў гораду на тэму: якое пытаньне яны б хацелі задаць кіраўніку расейскага ўраду Ўладзімеру Пуціну.

Пра зьмест асноўных матэрыялаў незалежнай газэты “Інфа-кур’ер” са Слуцку паведамляе Алесь Дастанка:

“Мы зьмяшчаем артыкул “Малочная дэвальвацыя” ў якім гаворыцца, што, каб схаваць падаражэньне малака, яго сталі наліваць у пакеты па 900 мілілітраў. Таксама падаем статыстыку мінулага году, якая сьведчыць, што ўзровень сьмяротнасьці істотна павялічыўся”.
XS
SM
MD
LG