Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Журналістка газэты “The New York Times” Тара Паркер-Поўп зьвярнулася да дыетоляга і пісьменьніка, аўтара кнігі “150 найкарысьнейшых прадуктаў на Зямлі” Джоні Боўдэна з просьбаю дапоўніць ягоны сьпіс здаровымі і патрэбнымі арганізму прадуктамі, якія лёгка знайсьці ў крамах.


Артыкул “11 найлепшых прадуктаў, якіх вы не ясьце”, стаў у 2009 годзе адным з найпапулярнейшых матэрыялаў на сайце “The New York Times”.

Ніжэй сьпіс карысных і ў асноўным даступных і ў Беларусі прадуктаў, якія радзіць ужываць дыетоляг Джоні Боўдэн.

1. Буракі. Паводле доктара Боўдэна, буракі можна параўнаць з чырвоным шпінатам – яны багатыя на фоліевую кісьліну і натуральныя чырвоныя пігмэнты, што дапамагаюць змагацца з ракам.

Як есьці: сьвежымі і сырымі, надранымі на тарцы, у салаце. Награваньне губіць антыаксыданты, якія ўтрымліваюцца ў буракох.

2. Капуста. Насычана пажыўнымі рэчывамі, напрыклад сульфарафанам, які актывізуе фэрмэнты на прадухіленьне ракавых захворваньняў.

Як есьці: пашаткаваную ў салатах, у сандвічах і бутэрбродах.

3. Мангольд (лісьцевы бурак). Зялёныя лісты, багатыя на каратыноіды – рэчывы, што прадухіляюць старэньне вачэй.

Як есьці: нарэзаць і абсмажыць у аліўкавым алеі.

4. Карыца. Спрыяе падтрыманьню нармальнага ўзроўню цукру і халестэрыну ў крыві.

Як есьці: дадаць у каву або аўсяную кашу.

5. Гранатавы сок. Насычаны антыаксыдантамі. Зьніжае крывяны ціск.

Як есьці: проста піце яго.

6. Чарнасьліў. Таксама багаты на антыаксыданты.

Як есьці: загарнуць у тонка нарэзаную вяндліну і запячы.

7. Гарбузовыя семкі. Найпажыўнейшая частка гарбуза. Багатыя на магній, высокі ўзровень якога ў арганізьме зьніжае рызыку раньняй сьмерці.

Як есьці: абсмажыць і спажываць як закуску або пасыпаць імі салату.

8. Сардыны. Доктар Боўдэн называе іх “здаровай страваю ў бляшанцы”. У іх высокі ўзровень тлустых кісьлін амэга-3, вялізная колькасьць кальцыю і зусім ніякае ртуці. Апрача таго, яны зьмяшчаюць жалеза, магній, фосфар, калій, цынк, медзь і марганец, а таксама поўны набор вітамінаў B.

Як есьці: купляйце сардыны ў аліўкавым алеі або марынадзе. Ежце проста так, у салатах, з грэнкамі, або расьцірайце на пюрэ разам з гарчыцаю і цыбуляй, каб мазаць на хлеб.

9. Куркума (жоўты імбір). “Супэрзорка спэцыяў”, якой прыпісваюць процізапаленчыя і проціракавыя ўласьцівасьці.

Як есьці: прыправіць ёй яечню або ўсякую страву з гародніны.

10. Замарожаныя чарніцы. Даступныя круглы год і не псуюцца (хоць замарожваньне, вядома, можа зьніжаць узровень пажыўных рэчываў у садавіне і гародніне). Дасьледаваньні паказваюць, што чарніцы спрыяюць паляпшэньню памяці.

Як есьці: зь ёгуртам або малаком і дробненым міндалем.

11. Кансэрваваны гарбуз. Нізкакалярыйная гародніна, багатая на клятчатку і вітамін А, які стымулюе імунную сыстэму.

Як есьці: зь невялікай колькасьцю масла, карыцаю і мускатным арэхам.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG