Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Я б зьнёс усе памятнікі Леніну, забараніў бы камуністычную партыю"


17 студзеня ва Ўкраіне пройдзе першы тур прэзыдэнцкіх выбараў з удзелам 18 кандыдатаў. Чым яны адметныя і наколькі іх вынікі могуць паўплываць на геапалітычны выбар Украіны?



Госьць “Начной Свабоды” – украінскі палітоляг Віктар Каспрук.

СЛУХАЦЬ:


Аляксей Знаткевіч: Спадар Каспрук, мінулыя прэзыдэнцкія выбары ва Ўкраіне, якія прывялі да масавых пратэстаў, выглядалі як момант выбару далейшага шляху разьвіцьця для Ўкраіны. На вашую думку, ці можна нешта падобнае сказаць пра цяперашнія выбары? Ці можа нешта радыкальна зьмяніцца ва Ўкраіне ў залежнасьці ад іх вынікаў?

Віктар Каспрук: На маю думку, 2010 год можа быць наўпроставым працягам 2004 году. Таму што, па-сутнасьці, Памаранчавая
рэвалюцыя вырашыла толькі палову тых пытаньняў, якія павінна была вырашыць. Сама па сабе свабода слова і свабода дзеяньняў мала што вырашае, як паказалі пяць гадоў прэзыдэнцтва Віктара Юшчанкі.

Аляксей Знаткевіч: Пра гэтыя выбары аглядальнікі збольшага гавораць, як пра спаборніцтва двух асноўных кандыдатаў – прэм'ер-міністра Юліі Цімашэнкі і былога прэм'ер-міністра Віктара Януковіча. Якія шанцы Віктара Юшчанкі?

Віктар Каспрук: Па ўсёй Украіне шмат людзей ня вызначыліся з тым, за каго яны гатовыя галасаваць. Вялікая частка дэмакратычнага лягеру гатовая галасаваць за Юлію Цімашэнку таму, што яны лічаць Віктара Юшчанку непрахадным.

Аляксей Знаткевіч: Ці можна сказаць, што Віктар Януковіч прарасейскі, а Юлія Цімашэнка празаходні палітык?

Віктар Каспрук: Гэта ў пэўным сэнсе памылка. Напрыклад, Юлія Цімашэнка дужа часта зайграе з Пуціным і з Расеяй. Ёй здаецца, што яна можа быць фаварыткай для Расеі. А з другога боку, зьвярніце ўвагу на тое, што Віктар Януковіч як і ў 2004 годзе ўжо паверыў у тое, што ён ужо выйграў. Але гэта дужа небясьпечна, бо, як і ў 2004 годзе ён будзе сьвяткаваць перамогу, а ўсё можа зьмяніцца.

Аляксей Знаткевіч: Якія праблемы найбольш хвалююць украінскае грамадзтва?

Віктар Каспрук: Сацыяльныя праблемы, што нарасталі ва Ўкраіне ўжо ня першы год і тая сацыяльная нестабільнасьць, што шмат людзей прымусова выбітыя са сваіх сацыяльных нішаў. Такое ўражаньне, што кіраўніцтва Ўкраіны мала разумее пра тое, што робіцца ў вёсках, мястэчках і нават у самім сталічным Кіеве.

Аляксей Знаткевіч: Фактар расейскай мовы, як другой дзяржаўнай – наколькі гэты пункт ярка прысутнічае ў праграме Віктара Януковіча?

Віктар Каспрук: Ён часта пераходзіць на расейскую мову, таксама ён гаворыць пра другую дзяржаўную, або афіцыйную расейскую мову. Рэч у тым, што мы сапраўды маем вялікія праблемы з мовай, можа трошкі меншыя, чымся ў Менску, але, калі мы паслухаем людзей у Кіеве, дужа вялікая частка насельніцтва сталіцы паслугоўваецца расейскай мовай. Таксама ў нас засільле расейскамоўнай прэсы, тэлевізіі, радыё. І што найгорш, у FM-перадачах па радыё можна пачуць толькі адну расейскую папсу. У інфармацыйным полі мы абсалютна знаходзімся ў Савецкім Саюзе, таму што часта FM-радыёстанцыі трансьлююць савецкую музыку, засільля якой не было нават у савецкія часы.

Аляксей Знаткевіч: Калі б вы сталі кіраўніком Украіны, што б вы зрабілі найперш?

Віктар Каспрук: Па-першае, я б зьнёс усе памятнікі Леніну, забараніў бы камуністычную партыю, пачаў бы працаваць з украінскай інтэлігенцыяй, чаго не зрабіў ніводзін з папярэдніх прэзыдэнтаў. Апроч таго, запатрабаваў бы ад дарадцаў у двухтыднёвы тэрмін даць мне плян дэмантажу і замены сыстэмы рэалізацыі ўлады, якая засталася ва Ўкраіне ад Савецкага Саюзу.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG