Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенец Ігар Кузьмініч стварыў «Кароткі дапаможнік калядоўшчыка» і зьмясьціў яго ў Інтэрнэце.

Кузьмініч: «Ідэя дапаможніка нарадзілася ў сувязі з тым, што мне хацелася дапамагчы маладым людзям, якія цікавяцца правядзеньнем беларускіх сьвятаў — як Каляды, Купальле, магчыма, і валачобныя дні на Вялікдзень. Я ўбачыў, што вельмі складана маладым людзям менавіта пачынаць. Мой дапаможнік складаецца зь некалькіх частак. У першай выкладаецца агульны матэрыял пра тое, што такое калядаваньне, у другой — сутнасьць самога дзейства падчас калядаваньня, што крок за крокам павінна адбывацца. А далей — сцэнар, складзены з шасьці песенек і тых словаў, якія трэба казаць гаспадарам, калі адбываецца калядаваньне. І для таго, каб улавіць матыў песьні, я запісаў пяць песенек у гукавым фармаце, каб можна было клікнуць і праслухаць і мець магчымасьць патрэніравацца».

Ігар Кузьмініч загадвае Інавацыйным цэнтрам юрыдычнай адукацыі Гарадзенскага дзяржунівэрсытэту імя Янкі Купалы. Сам ён апошнія чатыры гады рэгулярна ўдзельнічае ў калядаваньні ў Горадні, і ў цяперашнія сьвяты таксама — 26 сьнежня і 7 студзеня. Спадар Кузьмініч зазначае, што ў горадзе цяпер ёсьць некалькі групаў, якія ладзяць беларускія калядкі. Сярод іх — група моладзі на чале зь Ігарам Лапехам і хор «Бацькаўшчына».

«Кароткі дапаможнік калядоўшчыка» можна знайсьці на старонках:

ikuzminich.livejournal.com

nastaunik.info

Ігар Кузьмініч: «Я мяркую ў наступным годзе перад Калядамі пашырыць свой дапаможнік, а таксама зрабіць CD з ілюстрацыямі масак, строяў. Напішам, як іх рабіць, а таксама зорку. Апроч гэтага, будуць тэксты песьняў, ноты, гукавыя файлы. Спадзяюся на дапамогу хору „Бацькаўшчына“, а таксама далучым відэа, каб паказаць, як адбываецца гэта ў рэчаіснасьці, у нашы дні. Карацей, будзе ўвесь дапаможны матэрыял, каб правесьці калядаваньне. Я, дарэчы, таксама падаў кантакты майстроў, каторыя могуць зрабіць маскі і зоркі, так што іх можна замовіць».
XS
SM
MD
LG