Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусаў не пусьцілі ня толькі ў Сочы, але і на рамонт Саяна-Шушанскай ГЭС


Адмова фірмы «Трайпл» ад будаўніцтва біятлённай трасы ў Сочы зьвязаная ня з нафтавым канфліктам, а з «прыватнымі інтарэсамі» расейскіх будаўнічых фірмаў, за якімі стаіць «Газпрам».

Кіраўнік будаўнічага ўпраўленьня фірмы «Трайпл» Андрэй Бялькевіч пацьвердзіў ранейшую інфармацыю кіраўніка фірмы Юрыя Чыжа пра тое, што адмова «Трайпла» ад будаўніцтва біятлённага стадыёну ў Сочы датуецца яшчэ жніўнем 2009 году і ня мае дачыненьня да цяперашняга канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй вакол мытных зьніжак на пастаўкі нафты. Паводле Андрэя Бялькевіча, паміж «Трайплам» і расейскай арганізацыяй «Алімпстрой», зь якой падпісвалася дамова пра будаўніцтва алімпійскага аб’екта, дагэтуль вядуцца перамовы адносна вяртаньня грошай, якія «Трайпл» выдаткаваў на праектна-вышукальныя працы:

«З „Алімпстроем“ мы вядзем размовы, у нармальным рэчышчы, там правяраюць, што мы пасьпелі напрацаваць. Там усё нармальна, ніякай крытычнай сытуацыі, як пішуць у артыкуле, няма. Што Юрый Чыж сказаў, так яно і ёсьць».

Расейская газэта «Ведомости» паведаміла 13 студзеня, што «Трайпл» адмовіўся ад будаўніцтва біятлённай трасы ў Сочы, бо Расея не зьбіраецца пастаўляць у Беларусь нафту бязь зьніжак экспартнага мыта. Саму кампанію «Трайпл» расейская газэта назвала фірмай, «набліжанай да кіраўніцтва Беларусі». Паводле газэты «Ведомости», даччыная структура «Трайпл» — пасярэднік у пастаўках у Беларусь расейскай нафты, і перамога расейскага боку на перамовах вакол нафты прынясе ёй значныя страты.

Уладальнік «Трайпла» Юрый Чыж сёньня паведаміў газэце «Комсомольская правда» в Белоруссии» пра прычыны, якія прымусілі кампанію адмовіцца ад будоўлі алімпійскай біятлённай трасы ў Сочы:

«Спачатку было вызначана адно месца для будаўніцтва, потым яго зьмянілі. А мы ўжо патрацілі сродкі на пошукі, на праектныя працы, гэта некалькі мільёнаў даляраў... Трэба было пачынаць будаваць, час мінаў, а рашэньня пра месца будаўніцтва не было».

Узяць удзел у пабудове алімпійскіх аб’ектаў у Сочы спрабавалі і іншыя беларускія будаўнічыя кампаніі, але таксама няўдала. Гэтак, яшчэ
Кожны абараняе сваю тэрыторыю, свае капіталы і свае магчымасьці.
ў сакавіку мінулага году ўрад адмовіўся ад стварэньня ў Сочы філіі дзяржаўнай кампаніі «Белінжэнірынгбуд», якая плянавала выйсьці на мясцовы будаўнічы рынак. У Міністэрстве будаўніцтва і архітэктуры Беларусі патлумачылі, чаму беларусы не атрымалі ў Сочы ніводнага заказу:

«Зразумела, кожны абараняе сваю тэрыторыю, свае капіталы і свае магчымасьці. З гэтай прычыны пакуль не атрымліваецца. Гэтаксама як не атрымалася ўзяць удзел у адбудове Саяна-Шушанскай ГЭС і ў шмат якіх іншых праектах. Перавага аддаецца сваім».

У 2006 годзе Аляксандар Лукашэнка асабіста выступіў з ініцыятывай, каб Беларусь удзельнічала ў будаўніцтве ў Сочы аб’ектаў зімовай алімпіяды 2014 году. Такім чынам, у складзе «маленькага куточка Беларусі», пра які казаў кіраўнік краіны, ужо дакладна ня будзе біятлённай трасы, якую плянавала пабудаваць фірма «Трайпл».

У «Алімпстроі» гэтак пракамэнтавалі сытуацыю: «Ад асобнай біятлённай трасы мы адмовіліся яшчэ ўлетку ў мэтах эканоміі».

Дамову пра будоўлю біятлённай трасы ў Сочы з «Трайплам» падпісвала расейская дзяржаўная карпарацыя «Алімпстрой». Гэтай арганізацыяй раней кіраваў Сямён Вайншток, экс-прэзыдэнт кампаніі «Транснефть», якая мела дачыненьне да паставак нафты ў Беларусь. Пасьля Сямёна Вайнштока, з чыім імем зьвязвалі карупцыйны скандал у кампаніі «Транснефть», карпарацыяй «Алімпстрой» кіраваў былы мэр Сочы Віктар Калодзежны. Паводле былога віцэ-прэм’ера Расеі Барыса Нямцова, які спрабаваў балятавацца на мэра Сочы, сфэра будаўніцтва алімпійскіх аб’ектаў у Сочы «цалкам карумпаваная» і пры гэтым знаходзіцца пад наглядам кіраўніцтва краіны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG