Лінкі ўнівэрсальнага доступу


Не гавары “дэмакратыя”!


Адна з прыкметаў апошняга часу: няўхільны курс начальства на множаньне, як змрочна жартуюць сёньня, гэтак званых “незарэгістраваных арганізацый”. Чынавенства капрызіць, носам круціць, “раіцца” тэлефонным чынам, крымінальныя артыкулы друкуе на сваіх заіржэлых “ундэрвудах”. “Хрысьціянская”?! Слова падазронае! “Дэмакратыя”? Увогуле — крамола, замах на наш дзяржаўны лад! “Лініяй Сталіна” зробімся, не зарэгіструем жалезна! Вось вам і сотні людзей можна трымаць у напрузе, пад судовай пагрозай, бо артыкульчык свой турэмны ўлада зьмяняць адмаўляецца ўпарта, яна ж яго хуценька пад гэтую справу і прыдумала-падмахнула. Як жа адмаўляцца ад свайго “ноў-хаў”?

Начальства-то нашае багамі алімпійскімі сябе ня йначай адчула, ці сталінскімі двойкамі-тройкамі хутчэй: хачу зарэгіструю, хачу — пасаджу! Сьвядомаму чалавеку зразумела: забарона можа датычыць хіба якіх канібалаў ці “гробакапацеляў”, калі заманецца хаўрус стварыць. Сьвядомаму чалавеку ясна: “незарэгістраваныя арганізацыя” насамрэч — гэта якая не жадае “сьвяціцца”, іншымі словамі рэгістравацца, ня ставіць такой мэты, якой гэта ня трэба, якая ў труне бачыла іхнюю рэгістрацыю. Як той казаў, гэта каню нават зразумела. Не дазваляць грамадзянам краіны аб’ядноўвацца, выкідаць паперы на рэгістрацыю ў сьметніцу — гэта парушаць канстытуцыйныя правы, якія, зрэшты, для начальства часам рэч неабавязковая.

“Тэлефонныя” палякі?


Будзе хутка пяць гадоў, як беларускія палякі, якія ня хочуць, каб імі камандавалі чыноўнікі, займаюцца “беспасьпяховай справай”, карацей, уласнай рэгістрацыяй. Але робяць усё адпаведна з законам: зьвяртаюцца да начальства з адпаведнай просьбай, подпісы зьбіраюць. Вось апошнім разам каля пяці тысяч чалавек, да якіх зьвярталіся, каб падтрымалі незарэгістраваны Саюз палякаў на чале з Анжалікай Борыс, перамаглі свой страх і паставілі подпіс. Паперы накіравалі вышэйшай асобе ў дзяржаве, але адказу не дачакаліся. Замест яго ў афіцыйным органе зьявіўся ці то памфлет, ці то фэльетон з прысмакам пасквілю. Адметны прыём сёньняшніх афіцыйных рупараў: з публікацыі ніхто не зразумее — у чым была справа, зь якой праблемай людзі зьвярталіся на высокага начальніка.

Карацей кажучы, пра сутнасьць звароту, пад якім людзі ставілі подпісы, чытач не даведаецца нічога. Замест гэтага аўтар пахваляецца сваім “знаўствам”, пераконвае чытача, што “зборшчыкі подпісаў” прозьвішчы бяруць з “тэлефонных кніг” і з “надмагільных помнікаў”. Забыўся, бадай, толькі напісаць, што ксэракопіі подпісаў за саюз палякаў былі разасланыя са сталіцы ў райцэнтры, дзе яны былі сабраны. Супрацоўнікі ідэалягічнай службы наведвалі гэтых людзей: навошта ставілі свае подпісы, вы ганьбіце раён?! Пад нежартоўным ціскам нехта мог са страху і адмовіцца, нічога дзіўнага. Але экспэрт па “тэлефонных паляках”, як вынікае з артыкулу, ніводнага прозьвішча ня мае.

Індульгенцыі ад улады


Камусьці выдае ўлада індульгенцыі, а камусьці — фігу з крымінальным артыкульчыкам. Уявіце сабе сцэну: вы, як аматар канстытуцыі і законапаслухмяны ўвогуле чалавек, адзяваецеся ў шлюбнае і пад гальштукам несяце ў дзяржаўны дом зь юрыстамі пачак папераў для рэгістрацыі, скажам, згуртаваньня аматараў Грунвальдзкай бітвы альбо бітвы пад Оршай, напрыклад. Вяртаецеся дахаты, салодка марыце, як атрымаеце пасьведчаньне з залатым гербам, але — рэзкі званок у дзьверы — па вас прыйшлі, выбачайце, для вас манэта ўпала адваротным бокам. Так, лепей было рэгістраваць аматараў Сталінградзкай бітвы, бясьпечней дакладна, хаця я разумею, што вам гэта ня трэба. Але ж, “лопай, што даюць!”, як напісаў хтосьці ў станцыйным буфэце, што ў вядомым апавяданьні Чэхава. Меў рацыю, трэба ведаць — у якой краіне жывеш: што здавай паперы на рэгістрацыю, што не здавай — адзін адрэналін, адзін артыкул, адзін твар двухаблічнага Януса — той, што зь цёмнага, адваротнага боку Месяца.

Афрыканскі зьвер са Слоніму


Самы сьвежы прыклад: у Слоніме вырашылі стварыць грамадзкае асьветнае аб’яднаньне “Залаты леў”. Склалі паперы, камар носу не падаткне. І сапраўды: ламалі галовы дзяржаўныя юрысты, дзе якую коску лішнюю знайсьці ці, наадварот, недахоп злучка або працяжніка. Нічога! Але ж мэта, што не сакрэт, — не зарэгістраваць! І вось чарговае ноў-хаў — “назва арганізацыі не адпавядае яе мэтам”! Маўляў, “Залаты леў” — гэта што яшчэ за зьвер? Вы што — гадаваць афрыканскіх драпежнікаў у Слоніме будзеце, ці грамадзкімі справамі займацца ўсё ж?

І, здавалася б, не паспрачаесься з нашымі вынаходлівымі юрыстамі! Аднак успамінаюцца назвы банкаў “Залаты дукат”, “Залаты талер”, дзе не магло быць дукатаў. Чаму іх рэгістравалі? Чаму існуе футбольны клюб “Дынама”? Яны там што, на дынама-машыне працуюць, ці наладзілі іхны выпуск, а склады ў іх не затаварыліся, часам? А ўзяць назвы фірмаў беларускіх — жах! — сам чорт нагу зломіць, даліпан, — навыдумлялі абы чаго, але ўсе — з рэгістрацыяй пры гэтым. Здаецца, трасуць іх кожныя пару гадоў, прымушаючы перарэгістрацыю рабіць, папаўняць бюджэт паўторна, але ж да назваў дагэтуль прэтэнзіяў не было, здаецца.

Мне могуць сказаць: а зараз — будуць. Ну, сапраўды, калі для адпаведных органаў важна, каб назва адпавядала зьместу — гэта відавочна плённая задума, каб папоўніць дзяржаўны бюджэт. На паверхні ляжыць: сыр “Расейскі” — ён, выбачайце, з кавалкамі расейцаў, як ёгурт “экзатычны” з кавалачкамі садавіны? Сыр “Радзівіл”, шампанскае аднайменнае, гарчыца “Каслоская”, вараная каўбаса “Губэрнская” з выявай Катэдральнага касьцёла ў Горадні… А калі ўзяць назвы гарадоў ды вёсак — наколькі яны адпавядаюць зьместу і мэтам іхніх жыхароў? Колькі на гэтым можна грошай зарабіць уладзе, калі прымусіць усіх усё перарэгістраваць! Гэта ўсім “ноў-хавам” ноў-хаў!

Альбо “Маладую Беларусь” не зарэгістравалі вось, дык жа хіба яна такая маладая? Нашая родная БССР існуе ажно з 1919-га, дык падлічыце, спадары апазыцыянэры!.. Што да “Залатога льва” са Слоніму, то не пашкодзіла б нашым юрыстам зазірнуць у энцыкляпэдыю, каб даведацца, што ў гербе дадзенага гораду прысутнічае вышэйзгаданы зьвер, прычым на цалкам афіцыйных падставах, яго, як ні дзіўна, зарэгістравалі, не зрабілі “слонімскім партызанам”. Так што ўсе прэтэнзіі да Сапегі, да Льва.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG