Лінкі ўнівэрсальнага доступу

13 студзеня фэдэральная служба Расеі па вэтэрынарным і фітасанітарным наглядзе паведаміла, што ўзмоцнены кантроль за прадукцыяй шэрагу беларускіх малаказаводаў і мясакамбінатаў будзе ажыцьцяўляцца цягам трох месяцаў. За гэты час адпаведныя службы Беларусі мусяць забясьпечыць чысьціню прадуктаў ад тэтрацыкліну, даксыцыкліну ды іншых антыбіётыкаў, а таксама ад мікраарганізмаў, у прыватнасьці ад залацістага стафілякоку.


Пра адрасы і прычыны новага этапу малочнай вайны карэспандэнты “Свабоды” даведваліся ў расейскай сталіцы і ў рэгіёнах Беларусі.

МАСКВА


“Узмоцнены кантроль — гэта пакуль шанец для Беларусі”

Сёньня начальнік управы Рассельгаснагляду Аляксей Алексіенка паведаміў “Свабодзе”, што Расея пакуль не выкарыстоўвае жорсткія забароны для беларускіх прадпрыемстваў з так званага “чорнага сьпісу”. Суразмоўца кажа толькі пра ўзмоцнены кантроль за прадукцыяй канкрэтных прадпрыемстваў цягам вызначанага тэрміну.

“Мы зыходзім з таго, што таму ці іншаму беларускаму прадпрыемству трэба даць новыя шанцы. Гэта значыць, што ў канкрэтна вызначаны час — дакладна, на тры месяцы — гэтым прадпрыемствам даецца шанец выправіць існуючыя парушэньні. Калі пасьля кантрольнага тэрміну ня будзе антыбіётыкаў у прадукцыі, то гэтае прадпрыемства будзе зьнята з кантролю”.

ГОМЕЛЬШЧЫНА


У пастэрызаваным малацэ ААТ “Молочные продукты” выяўлены залацісты стафілякок

Пад пільны кантроль Расеі трапіла, у прыватнасьці, гомельскае акцыянэрнае таварыства “Малочныя прадукты”. У пастэрызаваным малацэ тут выяўлены залацісты стафілякок.

На прадпрыемстве адмаўляюцца паведаміць, ці адбілася неяк гэтая сытуацыя на аб’ёме паставак малочнай прадукцыі ў Расею:
Хто плаціць грошы, той і музыку заказвае.


“Гэта інфармацыя канфідэнцыйная, і я не гатова вам адказаць”.

Спэцыялісты ў галіне вэтэрынарыі мяркуюць, што стафілякокі ў малацэ — гэта звычайны бруд, які можа патрапіць у малако і на фэрме, і на прадпрыемстве:

“Тут шмат прычынаў: машыну не памылі, недапастэрызавалі, яшчэ што-кольвечы. Гэта й ёсьць чалавечы фактар. Калі жывёлу калі-кольвечы пралячылі, то мікраграмы можна знайсьці заўсёды. Гэта строгія патрабаваньні. Але мы павінны іх выконваць. Яны патрабуюць — мы павінны выконваць. Хто плаціць грошы, той і музыку заказвае”.

ВІЦЕБШЧЫНА


У сыры Талачынскага філіялу ААТ “Лепельскі малочна-кансэрвавы завод” выяўлены даксыцыклін

Актывіст грамадзянскай кампаніі “Наш дом” Мікалай Петрушэнка перакананы, што прэтэнзіі да якасьці прадукцыі Талачынскага масласырзаводу небеспадстаўныя.

Мікалай Петрушэнка даводзіць:

“Якасьць сыроў ня можа быць вышэйшай за якасьць малака. Шаноўная “Свабода” празь перадачы “Падарожжы Свабоды” распавядала пра фэрмы ў нашым Талачынскім раёне — у якіх умовах здабываецца наша малако. Калі карова хворая і ёй колюць антыбіётыкі, то малако ад яе трэба зьбіраць у асобны посуд. А калі ўвогуле парадку на фэрме няма, то хто будзе за гэтым сачыць?”

Каб атрымаць да мізэрнага заробку капейчыну, даяркі зьліваюць разам малако ад здаровых і хворых кароў

Спадар Петрушэнка даведаўся, што малако з антыбіётыкам ня йдзе ў справаздачу, і даяркі атрымліваюць меншы заробак. Таму, кажа коханаўскі актывіст, жывёлаводы ідуць на парушэньне, каб атрымаць якую капейчыну — зьліваюць усё малако разам. Калі належнага кантролю няма, то гэта застаецца незаўважаным і беспакараным.

Увогуле ж праблема санітарнага кантролю ня новая, кажа Мікалай Петрушэнка. Пра вялікі скандал пісала нават райгазэта “Наша
Жывёлаводы ідуць на парушэньне, каб атрымаць якую капейчыну.
Талачыншчына”. Выявілася, што ўлетку даяркі дадаюць у малако нейкія хімікаты, каб яно ня кісла:

“Бязь ведама начальства падсыпаюць у малако хімікаты. Ну што даярцы рабіць, каб малако ня кісла? Напэўна, дадаваць антыбіётыкі, але ж яны дарагія, дый дзе іх узяць? Тады, можа, соду. Ці, напэўна, калійныя ўгнаеньні. Во што ў нас робіцца ў Беларусі”.

МАГІЛЁЎШЧЫНА


Малаказаводы загружаныя толькі на 64 працэнты

Прэтэнзіі Расеі да якасьці беларускіх малочных прадуктаў гэтым разам не закранулі прадпрыемстваў Магілёўшчыны. Затое мясцовая ўлада панікуе: заводам цяпер не хапае сыравіны.

Апошні раз прэтэнзіі расейцы выстаўлялі наконт харчоў акцыянэрнага таварыства “Бабушкина крынка” ў кастрычніку. У прадукцыі выявілі антыбіётыкі. Тады праблему ўдалося залагодзіць. Аднак неўзабаве ў якасьці харчоў з Магілёва засумняваліся ўжо ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі й харчаваньня Беларусі. Зьявіліся крытычныя матэрыялы ў афіцыйнай прэсе. Малочнікі цяпер апраўдваюцца:

“Нас зьвінавацілі ў махінацыях: маўляў, “Бабушкина крынка” заніжае якасьць малака, якое зьбірае ў сельскіх гаспадарках. Пакуль вясковыя спэцыялісты не разумеюць патрабаваньня, што антыбіётыкаў у малацэ не павінна быць. Калі ж антыбіётыкі ёсьць у сыравіне, то яны
Калі антыбіётыкі ёсьць у сыравіне, то яны застануцца і ў гатовых малочных прадуктах.
застануцца і ў гатовых малочных прадуктах. Адпачатку якасьць нашай прадукцыі залежыць ад вытворцы”, — зазначае прадстаўніца адміністрацыі прадпрыемства.

Чвэртка ўсяго аб’ёму малака на Магілёўшчыне — ніжэйшага гатунку

Афіцыйныя крыніцы прызнаюць, што больш за дваццаць пяць працэнтаў малака сельгаспрадпрыемствы рэгіёну прадаюць другім гатункам. На крамных жа паліцах пераважае прадукцыя вышэйшай якасьці.

“Калі малако прыходзіць другога гатунку, мы яго можам ачысьціць і выкарыстоўваць на выраб тых прадуктаў, якія паводле стандартаў дапускаюць выкарыстаньне малака другога гатунку. Аднак гэта лішнія страты”.

З-за горшай якасьці малака рэгіён страціў у сьнежні 19 мільярдаў рублёў

У сьнежні малочная галіна Магілёўшчыны недаатрымала прадукцыі на 19 мільярдаў рублёў.

Пра страты ад вырабу малака невысокай якасьці кажуць і прадстаўнікі рэгіянальнай вэртыкалі. Напрыклад, яе кіраўнік Пётар Руднік:

“Мы толькі за сьнежань недаатрымалі прыкладна 19 мільярдаў рублёў. Гэта семдзесят працэнтаў заработнай платы ў студзені. Загрузка нашых малакаперапрацоўчых прадпрыемстваў складае ўсяго шэсьцьдзесят чатыры працэнты. Пытаньне сёньня — у пастаўцы сыравіны”.

На Магілёўшчыне пяць самастойных малакаперапрацоўчых камбінатаў і восем іх філіяў. Большая частка іх прадукцыі пастаўляецца ў Расею. Цягам мінулага году толькі адно прадпрыемства рэгіёну не цярпела ад расейскіх санкцыяў — гэта Горацкі масласыраробны завод, вядомы пад брэндам “Малочныя горкі”. Ён належыць расейцам.

ГАРАДЗЕНШЧЫНА


Найбольш цярпяць у малочнай вайне беларускія вяскоўцы

У малочнай вайне Расеі і Беларусі найбольш цярпяць шараговыя працаўнікі фэрмаў і заводаў, а таксама прыватнікі. Да прыкладу, у мястэчку Лунна на Гарадзеншчыне няма ніводнага малаказдатчыка.

Мястэчка Лунна ў Мастоўскім раёне — цэнтар сельсавету, жыхароў налічваецца каля адной тысячы. Пра малочную праблему расказвае слухач “Свабоды” Лявон Карповіч:

“Цяпер такі час, што малако не здаюць, яно густое, і ўвогуле ў такі час звычайна яго не здаюць, гэта — першае. Другое: у мінулым годзе ў тых, хто здаваў яго, малако прымалі па вельмі нізкім кошце. У выніку — мала ахвотнікаў трымаць кароў. Вельмі мала іх засталося. У нас у Луньне толькі гарантавана, што тры каровы ёсьць. Але магчыма, што ўсіх будзе пяць-шэсьць”.

Лявон Карповіч мае зьвесткі таксама адносна дзьвюх суседніх вёсак — колькі там сёньня засталося кароў у прыватных гаспадарках.

“У Навасёлках — ёсьць такая вёска каля Лунна, то там, напрыклад, толькі адна карова. У Казейках — таксама адна. У Навасёлках жанчына, якая мела карову, дастаўляла малако на фэрму, насіла сама. Ну, а цяпер у яе сацыяльны работнік забірае малако для людзей у Луньне — карацей, купляе ў яе для сваіх падапечных, якімі апякуецца тут”.

Даведка “Свабоды”: Паводле зьвестак Мінсельгасхарчу РБ, на сваіх прыватных падворках беларусы ўтрымліваюць ужо менш як 200 тысяч кароў. Штогод гэтае пагалоўе зьмяншаецца на 50 і больш тысяч.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG