Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шапуцька спадзяецца прадоўжыць адукацыю ў эўрапейскай ВНУ


Тацяна Шапуцька

Тацяна Шапуцька

Актывісты “Маладога фронту” зьвярнуліся ў міністэрствы адукацыі краінаў Эўразьвязу з просьбай даць магчымасьць Тацьцяне Шапуцьцы прадоўжыць адукацыю завочна. 18 лістапада дзяўчыну адлічылі з другога курсу юрыдычнага факультэту БДУ за ўдзел у паседжаньні Форуму грамадзянскай супольнасьці краінаў “Усходняга партнэрства”.


Тацьцяна Шапуцька паведаміла “Свабодзе”, што зьяжджаць зь Беларусі ня мае жаданьня. Яе б задаволіла дыстанцыйная форма навучаньня. Тацьцяна чакае адказу зь Міністэрства адукацыі на просьбу адмяніць загад рэктара БДУ і аднавіць яе на вучобе. Сам рэктар БДУ Сяргей Абламейка адмовіў дзяўчыне ў аднаўленьні.

“Найбольш верагодна, што мяне не адновяць і загад рэктара ня будзе адкліканы. Але трэба працягваць вучобу. Я маю намер навучацца ў адной з эўрапейскіх ВНУ на дыстанцыйнай ці завочнай форме навучаньня.

Зьяжджаць зь Беларусі я не хачу, бо хачу працягваць адначасова грамадзкую дзейнасьць і атрымліваць адукацыю. Лічу, што такое спалучэньне цалкам магчымае”.

22 лістапада быў створаны аргкамітэт у падтрымку Тацьцяны Шапуцькі, у які ўвайшлі вядомыя грамадзкія дзеячы і палітыкі. Студэнты сабралі больш за 400 подпісаў, нягледзячы на тое, што адміністрацыя БДУ забараняла падпісвацца ў абарону адлічанай студэнткі. Міністры замежных спраў шэрагу эўрапейскіх краін выказалі сваю салідарнасьць з Тацьцянай і прапанавалі сваю дапамогу.

Зьміцер Дашкевіч
Лідэр “Маладога фронту” Зьміцер Дашкевіч атрымаў адукацыю ў Віленскім пэдагагічным унівэрсытэце на завочнай форме навучаньня. Ён ініцыяваў зварот да міністраў адукацыі краінаў Эўразьвязу па дапамогу для Тацьцяны Шапуцькі.

“Кампанія салідарнасьці з Тацьцянай Шапуцькай мела вельмі вялікі рэзананс. Нават Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі вымушаны быў апраўдвацца і казаць, што сочыць за сытуацыяй.

БТ рабіла адмысловы прапагандысцкі сюжэт пра тое, што адлічэньне Тацьцяны было правільным. Відавочна, што ўлада вельмі жадае ў гэтай тэме апраўдацца, матывуючы адлічэньне то непасьпяховасьцю Тацьцяны, то пропускамі заняткаў”.

У абарону Тацьцяны Шапуцькі, акрамя пэрсанальна міністраў замежных спраў Швэцыі, Латвіі і Эстоніі, выступіла таксама Сусьветная фэдэрацыя студэнтаў-хрысьціянаў.

Днямі Тацьцяна Шапуцька павінна атрымаць адказ зь Міністэрства адукацыі наконт аднаўленьня на вучобе. У выпадку адмовы дзяўчына можа зьвяртацца ў суд.

Яе паплечнікі ня вераць, што суд вырашыць пытаньне на карысьць Тацьцяны. Ранейшыя спробы адлічаных па палітычных матывах студэнтаў аднавіцца на вучобе праз суд не далі станоўчых вынікаў. Студэнты-выдатнікі Зьміцер Жалезьнічэнка і Франак Вячорка не дабіліся аднаўленьня на вучобе праз суд, пасьля чаго іх гвалтоўна забралі ў войска.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG