Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт: міне час – і ўсе навабуды ў Верхнім горадзе пойдуць пад знос


Нават у моцныя маразы не спыняюцца працы на адбудове колішняга будынку ўніяцкай царквы Сьвятога Духа ў цэнтры Менску.


У часе расейскай акупацыі беларускіх земляў царкву аддалі пад катэдральны праваслаўны Петрапаўлаўскі сабор і перабудавалі на маскоўскі лад. За савецкім часам культавае збудаваньне ўвогуле зруйнавалі. Цяпер на падмурках, якія яшчэ захаваліся, менскія ўлады ўзводзяць навабуд дзіцячай філярмоніі. Тым часам антураж прылеглых тэрыторый усё больш нагадвае катэджавы пасёлак — замест зруйнаваных векавых дамоў вырасьлі абабітыя сайдынгам будынкі са шклопакетамі і мэталадахоўкай.

У ХХІ стагодзьдзі храм на плошчы Свабоды, які перажыў не адну радыкальную перабудову, павінен паўстаць у новым абліччы — як дзіцячая філярмонія “з выкарыстаньнем архітэктурна-мастацкага вобразу царквы Сьвятога Духа XVII стагодзьдзя”. Але ў часе сьвецкай “пераспэцыялізацыі” набыткам галоснасьці робяцца факты ня самага прафэсійнага абыходжаньня з гістарычнай спадчынай. Так, яшчэ мінулай восеньню экскаватар прабіў невядомую крыпту — пахавальнае скляпеньне. Неўзабаве было знойдзена яшчэ адно пахаваньне. Але куды ўрэшце падзеліся парэшткі — застаецца загадкай. Адмыслоўцы лічаць, што сярод касьцей, на якія наткнуліся будаўнікі, маглі быць і парэшткі Кацярыны Сапегі — дачкі легендарнага Льва Сапегі, заснавальніцы жаночага кляштару базыльянак.

Побач з філярманічным аб’ектам, які пакуль красуецца на каляровых плянах, у межах вуліц Гандлёвай, Кірыла і Мятода ўжо вырас Духоўна-адукацыйны цэнтар Беларускай праваслаўнай царквы, а таксама будучыя офісы, рэстарацыі, забаўляльныя ўстановы. Бальшыня будынкаў стаяць наўпрост на аўтэнтычных падмурках XVII-XIX стагодзьдзяў. Архітэктурныя дасьледаваньні на сумежных тэрыторыях праводзіліся мінімальна ці не вяліся ўвогуле. Архітэктар-рэстаўратар Уладзімер Папруга за час знаходжаньня на пасадзе Галоўнага дзяржаўнага інспэктара аховы гісторыка-культурнай спадчыны Менгарвыканкаму, як мог, намагаўся суцішыць імпэт забудоўнікаў. І перакананы, што ў ня надта аддаленай пэрспэктыве навабуды чакае аналягічны лёс — бульдозэрная атака:

Уладзімер Папруга
“У рэшце рэшт мы, канечне, прыйдзем да таго моманту, што гэта ўсё адтуль прыбярэцца. Мы атрымаем мажлівасьць зноў там займацца ў рэжыме аховы гісторыка-культурнай спадчыны. Але ўсё, што застанецца нам, — гэта толькі аднаўленьне гістарычнай пляніровачнай структуры. Таму што, на вялікі жаль, будынкаў і збудаваньняў фактычна ўжо не застанецца — у выніку таго, што там цяпер адбываецца. Аўтэнтычных, я маю на ўвазе, жывых аб’ектаў, якія перажылі стагодзьдзі. Усе гэтыя макеты і імітацыі, якія сёньня ставяцца, — ужо абсалютна іншы матэрыял. Гістарычную пляніровачную структуру гораду Менску будзе ня позна ніколі аднавіць, а вось што да гістарычных жывых аб’ектаў — пытаньне іншае. Таму ўся наша дзейнасьць і скіраваная на тое, каб хоць нешта з гэтага засталося, найкаштоўнейшыя матэрыялы”.

Вядомы беларускі археоляг Сяргей Тарасаў салідарны з тым, што адносна Верхняга гораду ўжо можна ўжываць словазлучэньне “татальная і пасьлядоўная ліквідацыя”:

Сяргей Тарасаў
“Звычайна ў архітэктурнай справе, калі пачынаюць браць пробы зямлі, сьвідраваць, то гэта называюць праектна-досьледнымі працамі. Дык вось, калі ў дадзеным выпадку пачаўся гэты этап — з разбурэньня археалягічнага, культурнага пласта — то, пэўна, у нечым разуменьні гэта і ёсьць “праектна-досьледныя працы”. У сваёй нейкай першай стадыі. Хоць фактычна зруйнаваны цэлы шэраг дамоў, чым радыкальна парушаны гістарычны ляндшафт. Можа, ня ўсе, але бальшыня новых дамоў папросту спрамленыя, штучна зробленыя роўнымі ў формах. А па-другое, многіх аўтэнтычных будынкаў папросту не засталося. Пачалося вынішчэньне яшчэ з будаўніцтва Палаца рэспублікі, калі на той вуліцы яшчэ стаялі некалькі дамкоў, але іх таксама дабілі. У гэтым і сэнс усяго пытаньня”.

Уладзімер Папруга канстатуе, што яшчэ ацалелыя гістарычныя будынкі прыходзяць у заняпад. Насуперак міжнародным рэстаўрацыйным нормам, не праводзіцца іх кансэрвацыя дзеля рэканструкцыі ў пэрспэктыве:

“Усё, што сёньня робіцца, прыводзіць да абсалютна іншых вынікаў. То бок — усё нішчыцца. Замест кансэрвацыі, замест умацаваньня мы гэтыя аб’екты ня толькі не кансэрвуем, не замацоўваем, каб можна было пазьней навукова, мэтадычна, дакладна і дасканала іх аднавіць. Мы нават не зьвяртаем увагі, што пры будаўніцтве ўсіх гэтых монстраў, якія будуюцца проста ў дварох, забіваюцца палі, слупы. І ўся старая муроўка развальваецца на кавалкі... Складаецца ўражаньне, што сьвядома ствараюцца праблемы, каб наступную чаргу будаўнічай актыўнасьці перанесьці вышэй, вышэй і вышэй. І, такім чынам, гэта як пухліна, якая ў выніку накрые ўвесь гістарычны цэнтар. Тады ўжо дакладна нічога не застанецца ў сэнсе жывых аб’ектаў, якія перажылі стагодзьдзі. Вось гэта найгалоўнейшая праблема”.

Тым часам у адміністрацыі прадпрыемства “Мінская спадчына” — забудоўніка шмат якіх аб’ектаў у гістарычным Верхнім горадзе — запэўніваюць: хвалявацца адносна захаваньня гісторыка-архітэктурнай спадчыны няма аніякіх падставаў, бо ўвесь працэс ідзе ў адпаведнасьці з Генэральным плянам разьвіцьця Менску да 2030 году, які нядаўна адкарэктаваў Аляксандар Лукашэнка.

На гэтым месцы знаходзілася царква Сьвятога духа, якая была ўзарвана камуністамі ў 1936 годзе


Так зараз выглядаюць некаторыя вуліцы ў Верхнім горадзе



Дагэтуль на месцы царквы захаваўся фундамэнт, цяпер тут будуюць канцэртную залю дзіцячай філярмоніі, якая зьнешне будзе нагадваць тую царкву


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG