Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы могуць спыніць пастаўку нафты на Мазырскі НПЗ


Падстава для такога рашэньня — адсутнасьць на 14 гадзін маскоўскага часу 13 студзеня пацьверджаньня аб'ёмаў з мазырскага прадпрыемства, сказаў “Свабодзе” прэсавы сакратар расейскай кампаніі “Транснефть” Ігар Дзёмін. Менавіта гэтая кампанія пампуе нафту на беларускія заводы ў Мазыры і Наваполацку.

Ігар Дзёмін сказаў, што заяўкі Мазырскага НПЗ "заканчваюцца і іх хопіць толькі да канца тыдня. Калі мы не атрымаем новых заявак, то далей пампаваць ня будзе чаго".

Ён таксама ўдакладніў: “Мы нікога ў пампаваньні не абмяжоўваем. Сытуацыя з Наваполацкам некрытычная, а з Мазыром больш складаная, бо там пацьверджаныя аб’ёмы заканчваюцца”.

Спадар Дзёмін сказаў “Свабодзе” таксама. што “Транснефть” ня мае цьвёрда вызначаных тэрмінаў пацьверджаньня неабходнай для таго ці іншага прадпрыемства нафты. Таму заяўка на новыя аб’ёмы нафты можа прыйсьці ў любы момант.

Мазырскі НПЗ мае намер у бліжэйшай пэрспэктыве працягнуць працу ў штатным рэжыме.

“Мы чакаем указаньняў па пазыцыі беларускага боку адносна ўмоў разьлікаў за нафту. (…) Пакуль працягваем працаваць у штатным рэжыме”, — сказаў прадстаўнік НПЗ Інтэрфаксу.

Мазырскі нафтаперапрацоўчы завод пачаў працаваць у 1975 годзе.

Асноўныя акцыянэры ААТ “Мазырскі НПЗ”:

  • Урад Беларусі (42,76% акцыяў)
  • Кампанія “Славнефть” (42,58%)
  • Дзяржаўнае прадпрыемства “МНПЗ +” (12,25%)
  • Фізычныя асобы (2,41%)
За год МНПЗ можа перапрацоўваць да 11 млн. т нафты. Глыбіня перапрацоўкі — каля 70%.
XS
SM
MD
LG