Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Вызваленьне з-пад варты віцебскага актывіста Сяргея Каваленкі, нафтавая вайна паміж Беларусьсю і Расеяй, а таксама іншыя тэмы — у сёньняшніх тэлефанаваньнях на “Свабоду”.


Алесь Радкевіч, Маладэчна:
“Пра перамовы гэтыя нафтавыя расейска-беларускія. Перамовы братэрскія зайшлі ў тупік, ужо трэція суткі абодва бакі маўчаць. Цішыня такая вельмі насьцярожвае, хвалююць наступствы ўсяго гэтага. Мяркуючы па не зусім значных аб’явах на тэлебачаньні, абодва ўрады рыхтуюць для нас нешта не зусім прыемнае. Мабыць, рыхтуюць адзін супраць другога розгі. Скончыцца зацішша, і пачнецца лупцоўка братэрская, а ў выніку атрымаецца як заўжды: паны б’юцца, а ў мужыкоў чубы трашчаць”.

Арцёмаўна: “Ніяк ня могуць дамовіцца пра аплату за нафту. Калі мы ўваходзім у склад саюзнай дзяржавы, а не самастойныя, дык даўно павінны дамовіцца пра аплату. І дамовіцца не ў канцы году, каб дэлегацыя езьдзіла і езьдзіла бясконца — за дэлегацыю таксама трэба плаціць зь бюджэту, выдаткі на паездкі — а дамовіцца… А дамовы як не было, так і няма. Гэта па-першае. Па-другое, калі мы самастойныя і набралі крэдытаў, дык трэба плаціць, як усе дзяржавы, а не шукаць нейкіх ільготаў. Мы плацім за камунальныя паслугі кожны месяц зь вялікім падвышэньнем аплаты”.

Сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргея Каваленку, якога затрымалі ў Віцебску за вывешваньне бел-чырвона-белага сьцяга, вызвалілі пад падпіску аб нявыезьдзе. Паводле распачатай крымінальнай справы яму пагражае да шасьці гадоў турмы. Сябра аргкамітэту партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Юрась Казак з Наваградку аштрафаваны на 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў за абліты фарбай помнік Леніну. Слухачы “Свабоды” працягваюць камэнтаваць гэтыя падзеі:

Спадар: “Аналізуючы падзеі апошняга часу: сьцяг паднялі на ёлку — трагедыя вялікая, Леніна пацалавалі ў вусны, памада засталася — ізноў трагедыя. Даражэнькія мае, пра што гэта гаворыць? Гэта гаворыць пра тое, што ўзровень палітычнай культуры — на пачатак мінулага стагодзьдзя. Добры палітык ніколі не зьвярнуў бы ўвагі. І з Расеяй не было б ніякіх войнаў і пацалункаў”.

Станіслаў Халадовіч, Івацэвічы: “Паважаныя кіраўнікі сілавых структур, спыніце гвалт. Апошнія крымінальныя справы з помнікам ідалу савецкай эпохі і з нашым нацыянальным сымбалем у Віцебску сьведчаць пра тое, што ў нас робіцца гвалт над людзьмі і законам. Вы павінны ведаць, што прыйдзе час, і вам давядзецца несьці за гэтыя ўчынкі адказнасьць, а галоўнае, што вашым дзецям і ўнукам будзе сорамна за вас”.

Ціна Сакаловіч: “Хачу выказаць словы падтрымкі Юрасю Казаку і Каваленку. Няма большае любові, калі хто пакладзе душу сваю за сяброў сваіх. Барані вас Бог”.

Ніна Аляксееўна, Менск: “Паважаная “Свабода”! Памажыце разабрацца, хай мне нехта патлумачыць, чаму 1 траўня і 7 лістапада камунякі зьбіраюцца на цэнтральнай плошчы ля спадара Ўльянава з чырвонай сярпастай і малаткастай сымболікай, ідуць вельмі свабодна па цэнтральным нашым праспэкце Францыска Скарыны. Ніхто іх не чапае, і міліцыя іх нават ахоўвае. Бел-чырвона-белы сьцяг — гэта што, порна? Ці нешта непрыстойнае? Я ніяк не магу зразумець. Калі б нехта з камуняк павесіў на ёлку чырвоны сьцяг зь сярпом і молатам, я ня думаю, што быў бы нейкі крымінал. Патлумачце мне, калі ласка”.

На пытаньне адказвае адзін з заснавальнікаў партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Павал Севярынец:

Павал Севярынец
“Шаноўная Ніна Аляксееўна! Чырвоны сьцяг, пад якім забівалі мільёны людзей, дагэтуль зьяўляецца, фактычна, галоўным сьцягам сёньняшняга рэжыму. Для камуністаў-бязбожнікаў бел-чырвона-белы сьцяг — сьцяг Хрыста — зьяўляецца выклікам. Яны проста на інстынктыўным узроўні ненавідзяць бель, чысьціню і чырвань, якая супрацьстаіць іх крываваму сьцягу. І пакуль дух камунізму будзе панаваць у нашай краіне, пакуль помнікі Леніну і Карлу Марксу будуць нормай у Беларусі, да тае пары ўлады будзе палохаць бел-чырвона-белы сьцяг”.

Працягваем праграму выказваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадар: “Не магу супакоіцца наконт пераднавагодняй прэс-канфэрэнцыі Лукашэнкі. Раз пяць ён, як мінімум, сказаў, як пасьпяхова прадаў Прамбудбанк Расеі. Я акцыянэр гэтага банку і ведаю, што аддаў практычна задарма. Як сказаў Станіслаў Багданкевіч, прадзешавілі. Калі там ёсьць нейкія таемныя дамоўленасьці, можа, грошы пайшлі ў зусім іншы кашалёк — гэта іншае пытаньне. Трэба, каб гэтым занялася пракуратура”.

Спадар, Карэлічы: “Слухаю я прэзыдэнта, і прэзыдэнт кажа, што заробак будзе 500 даляраў сёлета. Як гэты заробак можа быць, калі заробку зусім няма? Працаваў я на ільнозаводзе, звольніўся: заробак там 400 зь нечым тысяч. Атрымлівалі 6 год таму, і зараз таксама”.

Сіневіч Ёсіф Міхайлавіч, Баранавічы: “Аляксандар Лукашук, вам і ўсяму працоўнаму калектыву Радыё Свабода прыносім вялікую падзяку, што мы, вашы слухачы, у Баранавічах зноў слухаем на кароткіх хвалях беларускую радыёстанцыю “Свабода”. Што тычыцца якасьці вашых праграм, то яны ўсе добрыя, адпавядаюць цяперашняму часу”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG