Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Менску прэзэнтуюць “Інбелкульт” і “Глобус Беларусі”


Вокладка дыску

Вокладка дыску

13 студзеня ў Менску адбудзецца прэзэнтацыя мультымэдыйнага кампакт-дыску “Глобус Беларусі”. “Глобус Беларусі” — электронная энцыкляпэдыя, якая ўтрымлівае найбольш поўны ілюстраваны збор помнікаў архітэктуры Беларусі: агулам — каля 300 тысяч фотаздымкаў.

Праграміст Андрэй Дыбоўскі заснаваў праект “Глобус Беларусі” 8 гадоў таму. Дагэтуль “Глобус” існаваў у інтэрнэце, а цяпер выходзіць на кампакт-дыску.

“Я, канечне, гэтаму вельмі рады, – кажа Андрэй Дыбоўскі. – Бо калі я пачаў усім гэтым займацца, 8 гадоў таму, то галоўнай задачай і была папулярызацыя беларускай архітэктуры і гісторыі. Бо нават акадэмічныя выданьні “Збору помнікаў гісторыі і культуры” ўтрымліваюць толькі каля 50% помнікаў, якія захаваліся. Акрамя таго, шмат было выкрэсьлена помнікаў, зьвязаных зь гісторыяй габрэяў у Беларусі, польскім пэрыядам гісторыі, 20-мі гадамі, пэрыядам паўстаньняў Касьцюшкі і Каліноўскага. Усім гэтым я хацеў займацца, і нешта ўдалося зрабіць”.

Паводле Дыбоўскага, наступны крок — пераклад “Глобуса Беларусі” на беларускую мову. Гэтым праектам апякуецца журналіст Глеб Лабадзенка. Ён прапанаваў перакласьці зьвесткі пра 500 архітэктурных помнікаў. Тэксты пра 400 зь іх ужо перакладаюць.

Акрамя таго, падчас імпрэзы адбудзецца прэзэнтацыя суполкі “Інтэрнэт беларускай культуры”, альбо скарочана “Інбелкульт”. Распавядае заснавальнік суполкі Алесь Мазанік:

“Гэтая суполка адрозьніваецца ад іншых тым, што спрабуе ахапіць увесь спэктар беларускай альтэрнатыўнай культуры — ад літаратуры і аўтарскай музыкі да выставаў жывапісу і батлейкі. “Інбелкульт” — гэта інтэрнэт-суполка, якая аб’ядноўвае людзей, якія гатовыя прапанаваць нешта творчае, а таксама гэтую творчасьць спажываюць. Я запрашаю слухачоў Радыё Свабода на імпрэзу, якая адбудзецца па адрасе — Валадарскага, 7, кавярня “Валерыя”.

У прэзэнтацыі таксама будзе ўдзельнічаць літаратарка Марыйка Мартысевіч, гісторык Міхась Чарняўскі, бардэса Вольга Акуліч. Плянуецца, што творчыя вечарыны “Інбелкульту” будуць праходзіць не радзей, як раз на тры месяцы.
XS
SM
MD
LG