Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Новы раўнд перамоваў аб расейскай электраэнэргіі пройдзе да 16 студзеня


Новы раўнд перамоваў аб пастаўках і транзыце расейскай электраэнэргіі па Беларусі пройдзе да 16 студзеня


Пра гэта паведаміла агенцтва БелаПАН са спасылкай на РИА Новости, якое ў сваю чаргу спасылаецца на прадстаўніка ААТ "Интэр РАО ЕЭС". Прадстаўнік ня стаў камэнтаваць вынікі чарговага раўнда перамоваў, што завяршыўся ў аўторак у Менску. "На сёньняшняй сустрэчы бакі абмеркавалі пазыцыі, рабочы працэс працягваецца", — заявіў ён.

Раней прэс-служба расейскай кампаніі паведаміла, што ў 2010 годзе плянуе паставіць у Беларусь да 5,5 млрд. КВТ/гадз электраэнэргіі. Як адзначаецца ў прэс-рэлізе, паміж "Интэр РАО ЕЭС " і канцэрнам "Белэнэрга" дзейнічаюць доўгатэрміновыя узаемазьвязаныя дагаворы на пастаўку электраэнэргіі і яе транзыт праз сеткі аб'яднанай энэргетычнай сыстэмы (АЭС) Беларусі. Згодна з гэтым дагаворам у 2010 годзе кампанія мае намер паставіць у Беларусь 3 млрд. кВТ/гадз электраэнэргіі ў адпаведнасьці з балянсам Саюзнай дзяржавы і да 2,5 млрд. кВТ/гадз — "на аснове прынцыпаў камэрцыйнай мэтазгоднасьці".

У 2010 годзе таксама плянуецца ажыцьцяўляць транзытныя пастаўкі, у тым ліку праз сеткі АЭС Беларусі, у Калінінградзкую энэргасыстэму і краіны Балтыі. У 2009 годзе ў краіны Балтыі было пастаўлена 1,1 млрд. кВТ/гадз электраэнэргіі.

Прэс-служба кампаніі адзначае, што ў канцы мінулага году ў Беларусь былі накіраваныя прапановы па тарыфе на транзыт і цане паставак электраэнэргіі ў 2010 годзе, "сфармаваныя з улікам прынцыпу іх прапарцыянальнай зьмены ў рамках доўгатэрміновых дагавораў".

"Прапановы ААТ "Интэр РАО ЕЭС ", — падкрэсьліваецца ў паведамленьні, — заснаваныя на выкананьні інтарэсаў кожнага з бакоў і маюць на ўвазе кампэнсацыю затрат беларускаму боку з улікам павелічэньня аб'ёму транзыту электраэнэргіі праз тэрыторыю Беларусі і зацьверджаных тарыфна-балянсавых рашэньняў Фэдэральнай службы па тарыфах Расеі. Яны неаднаразова абмяркоўваліся з беларускімі калегамі, што зафіксавана пратаколамі двухбаковых перамоваў".

Патрабаваньне "Белэнэрга" аб кратным павелічэньні кошту транзыту, адзначаюць у кампаніі, "не адпавядае духу падпісаных раней доўгатэрміновых пагадненьняў і схеме узаемадзеяньня "Интэр РАО ЕЭС" і "Белэнэрга", якая рэалізуецца на міждзяржаўным узроўні і ў рамках паліўна-энэргетычнага балянсу Саюзнай дзяржавы".
XS
SM
MD
LG