Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украінскія выбаршчыкі прадаюць свае галасы празь інтэрнэт


Ukraine -- Pre-election placards of Presidential candidates in downtown Kyiv, 12Jan2010

Ukraine -- Pre-election placards of Presidential candidates in downtown Kyiv, 12Jan2010

Украінскія выбаршчыкі выстаўляюць свае галасы на продаж. У чаканьні першага туру прэзыдэнцкіх выбараў, які мае адбыцца ў нядзелю, ў інтэрнэце зьяўляюцца прапановы падаць свой голас за любога кандыдата ўзамен на грашовую ўзнагароду. Расцэнкі розьняцца прыкладна ад 30-ці да ста даляраў ЗША.



Паводле камітэту выбаршчыкаў Украіны, існуюць сьведчаньні аб тым, што праца ў гэтым накірунку вядзецца, але масавай скупкі галасоў кандыдатамі пакуль не назіраецца. Але ж аб'яваў у інтэрнэце хапае. Прадаюць асабіста, сем'ямі, гуртам, прапаноўваюць свае паслугі ў якасьці агентаў. Напрыклад, такое паведамленьне: “Прадам голас на Ўкраінскіх выбарах у нядзелю. Цана 300-500 грыўняў. Магу сабраць іншых жадаючых”. Далей падаецца адрас электроннай пошты ці тэлефон. Прычым прадаўцы з досьведам не сумняюцца, што іхны голас купяць прынамсі за паўсотні даляраў, нават калі на іх цяперашнюю прапанову пакуль яшчэ ніхто і не адгукаўся. Сапраўдны ажыятаж, паводле іх, пачынаецца за 3-4 дні да дня галасаваньня.

Паводле сьнежаньскіх сацыялягічных досьледаў, ва Ўкраіне свой голас гатовыя прададць за любыя грошы каля двух адсоткаў выбаршчыкаў. Прыкладна шэсьць адсоткаў гатовыя прагаласаваць за таго, хто дасьць належную цану - болей за 50 даляраў. І трынаццаць адсоткаў ня супраць падзарабіць, калі ім заплаціць той кандыдат, якога яны і так зьбіраліся падтрымаць.

Наогул, у міліцыі чакаюць што продаж галасоў, стане "гітом" гэтага выбарчага сэзону.

Тэхналёгія зьдзелкі


Для праверкі таго, што прадавец насамрэч прагаласаваў за таго, каго трэба, існуе спэцыяльная тэхналёгія, прычым ужо абкатаная на папярэдніх выбарах. Чалавек фатаграфуе свой бюлетэнь, у якім ужо адзначана імя яго кандыдата, на мабільны тэлефон. Плюс абавязковае патрабаваньне - на фатаздымку бюлетэня чамусьці павінен быць бачны палец выбаршчыка.

Праваахоўныя органы маўчаць.


Цэнтравыбаркам насамрэч называе гэтую практыку незаконнай і пагражае крымінальнай адказнасьцю як прадаўцам, так і пакупнікам. Аднак пра рэальныя захады ў справе змаганьня з гэтай зьявай пакуль не чуваць. Той жа цэнтравыбаркам выступіў днямі з просьбай не разьдзімаць ажыятаж вакол чутак аб пакупцы галасоў. Служба бясьпекі Ўкраіны наогул адмаўляецца камэнтаваць гэтую тэму. Паводле таго, як прадаўцы галасоў ахвотна ідуць на кантакт з прэсай, вынікае, што яны даволі няпужаныя. Хаця імёны пакупнікоў і захоўваюцца ў строгай таямніцы.

Паводле ўкраінскага фонду Дэмакратычныя ініцыятывы, занепакоенасьць у гэтым сэнсе меншая наконт агульнанацыянальных выбараў, дзе, каб атрымаць розьніцу ў некалькі адсоткаў, давядзецца выдаткаваць сотні мільёнаў даляраў. Нашмат больш засьцярогаў выклікаюць выбары мясцовыя, дзе пастаўленая на шырокую нагу біржа галасоў можа згуляць якраз вырашальную ролю.
XS
SM
MD
LG