Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выбарчы кодэкс з пажаданьнямі Ярмошынай прадалі за 510 тысяч


Сёньня партал tut.by правёў дабрачынны аўкцыён, сродкі ад якога пойдуць на апэрацыю 16-гадовай Дашы Журбіной. Рамантычную вячэру ў рэстарацыі зь тэлевядоўцай Люсяй Лушчык купілі больш чым за 3 мільёны, за 2 мільёны — альбомы «J: Mors», кнігу «Імёны Свабоды» Ўладзімера Арлова — за 223500 рублёў. А Выбарчы кодэкс з пажаданьнямі ад старшыні ЦВК Лідзіі Ярмошынай — за 510 тысяч.

Адна з арганізатараў дабрачыннага аўкцыёну, супрацоўніца парталу tut.by Ганна Грыгаран распавяла:

«Патрэбна дапамога 16-гадовай Дашы Журбіной. Ёй тэрмінова неабходная апэрацыя. І мы прапанавалі вядомым асобам Беларусі выставіць нейкія свае лоты, асабістыя рэчы. Стараліся, каб была разнастайнасьць, ня толькі музыка альбо кнігі, але крыху глямуру, кшталту стыльнай лямпы ад Люсі Лушчык. Хацелі ў ідэале прыцягнуць як мага больш зорак».

Уладзімер Арлоў
Пісьменьнік Уладзімер Арлоў выставіў на аўкцыён, натуральна, свае кнігі. Тэлевядоўца Люся Лушчык прапанавала стыльную лямпу і рамантычную вячэру ў кампаніі зь ёй, мадэльер Саша Варламаў — статуэтку, сваю кнігу і часопіс, Сяргей Нагорны — модны заплечнік, рок-зоркі Аляксандар Кулінковіч і Ўладзімэр Пугач — дыскі і ўдзел у рэпэтыцыі, футбольны трэнэр Віктар Ганчарэнка — мяч, старшыня Цэнтарвыбаркаму Лідзія Ярмошына — выбарчы кодэкс. Вось як тлумачыць свой удзел у аўкцыёне высокапастаўленая чыноўніца:

«Я лічу, што дабрачыннасьць — справа сьвятая, і я выставіла лот. А хто будзе са мной у кампаніі, я ня ведала. Атрымалася, цалкам прыстойная кампанія, Калі рэчы пад маім брэндам прадаюцца, то чаму б пад гэтым брэндам не дапамагчы хворым дзецям? Я думаю, гэта цудоўна».

Пісьменьнік Уладзімэр Арлоў выставіў два лоты: кнігі «Імёны Свабоды» і «Таямніцы полацкай гісторыі». Што да кампаніі, у якой ён апынуўся, выказаўся так:

«Там, да прыкладу, Люся Лушчык, выстаўленая вячэра зь ёй у рэстарацыі. Там розная публіка, даволі стракатая кампанія. Я проста падумаў, што няма падстаў адмаўляцца, бо сродкі пойдуць на лекаваньне дзетак. Я арганізатарам аўкцыёну яшчэ перадаў з дазволу кніжкі Сьвятланы Алексіевіч, чатырохтомнік».

Ганна Грыгаран кажа, што нікога ўгаворваць не давялося: усе з радасьцю адгукнуліся. А што да выбару Лідзіі Ярмошынай, яна распавяла:

«Розныя лоты мы ёй прапаноўвалі: кулінарныя шэдэўры, варэньні-саленьні ад Лідзіі Ярмошынай, прыгатаваныя ейнымі рукамі прысмакі. Але яна вырашыла, што выбарчы кодэкс, так бы мовіць, больш бясьпечным будзе, спынілася на выбарчым кодэксе, як на больш сур’ёзным лоце».

Лідзія Ярмошына
Лідзія Ярмошына: «Наагул, хацелася б выставіць нейкую рэч, дзе стаяў бы мой знак, каб ён сапраўды вызначаў, што гэта ад Ярмошынай, а не ад Люсі Лушчык. Таму што стыльны сьвяцільнік ад сябе можа прапанаваць кожны. У дачыненьні да мяне што можна прапанаваць? Толькі выбарчае заканадаўства. Кодэкс падпісаны. Каштоўнасьць для пакупніка ўяўляе не сама кніга (тым больш, што кодэкс ужо састарэлы, 1 лютага зьявіцца новы, са зьменамі), а менавіта першая падпісаная старонка кодэксу з пажаданьнямі. Кніга, спадзяюся, стане дзелавым талісманам для чалавека, які яго купіў».

Увечары ўсе прапанаваныя лоты былі прададзеныя. Што да коштаў, рамантычную вячэру ў рэстарацыі зь Люсяй Лушчык купілі больш чым за 3 мільёны, за 2 мільёны — альбомы «J: Mors», «Імёны Свабоды» Арлова — за 223500 рублёў. А Выбарчы кодэкс з пажаданьнямі ад старшыні ЦВК — за 510 тысяч. Вось меркаваньне Лідзіі Ярмошынай:

«Гэта добра, гэта мяне радуе. Шчыра кажучы, я не спадзявалася, што так шмат дадуць».

Арганізатары вынікамі першага дабрачыннага аўкцыёну задаволеныя, зараз распрацоўваюць новыя крэатыўныя ідэі.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG