Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка правёў нараду па пытаньнях ваеннай бясьпекі. Ці выкліканая нарада нейкімі новымі пагрозамі? Каму ўлады дасылаюць мэсыдж? Чаму ўзьнікла неабходнасьць прыняцьця новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі?

Удзельнікі: журналіст газэты «Белорусы і рынок» Аляксандар Алесін і вядомы палітык, падпалкоўнік запасу Мікола Статкевіч.

Ці выкліканая нарада нейкімі новымі пагрозамі?


Валер Карбалевіч: «Чым выклікана нарада па пытаньні ваеннай бясьпекі? Здаецца, такі дакумэнт, як „Плян своечасовай падрыхтоўкі Рэспублікі Беларусь да абароны“, раней публічна не абмяркоўваўся. Гэта нейкі новы дакумэнт, якога раней не было? Нарада выклікана нейкімі надзвычайнымі абставінамі? Ці гэта рутыннае мерапрыемства?»

Аляксандр Алесін: «Лукашэнка зрабіў перастаноўкі ў сілавым блёку шмат у чым і таму, што патрэбна распрацоўка новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Ён пра гэта казаў пры прызначэньні Мальцава сакратаром Рады бясьпекі. А выступаючы перад беларускімі журналістамі, прэзыдэнт сказаў, што будзе працягнута скарачэньне беларускага войска. Бо сёньня фронт на фронт ужо не ваююць, усё вырашае сучасная высокадакладная зброя. І ў гэтым кірунку будзе разьвівацца беларускае войска. Таму разгляд гэтага пытаньня на нарадзе ў панядзелак — ня ёсьць нешта нечаканае.

Але, як можна зразумець з выказваньняў Лукашэнкі і міністра абароны Жадобіна, паняцьце „нацыянальнай бясьпекі“ трактуецца вельмі шырока. У яе ўключана ўсё, што забясьпечвае жыцьцяздольнасьць дзяржавы: эканамічная бясьпека і інш. А гэта значыць, што чыньнік эканамічнага супрацьстаяньня з Расеяй тут прысутнічае. Узгадаем, што калі летам была „малочная вайна“ з Расеяй, Лукашэнка даручыў Радзе бясьпекі распрацаваць плян пераадоленьня шкоды, панесенай дзяржаваю ў выніку таго канфлікту».

Мікола Статкевіч:
Лукашэнка дэманструе здольнасьць абараняцца. Маўляў, Беларусь вам — ня Грузія і не Чачня.
«Ёсьць нагода і ёсьць прычына. Калі казаць пра нагоду, то гэта зьмены ў кіраўніцтве Рады бясьпекі і Міністэрства абароны. Новы сакратар рады бясьпекі Мальцаў — прафэсіянал высокага ўзроўню. І ён паставіў задачу міністру абароны Жадобіну распрацаваць „Плян своечасовай падрыхтоўкі Рэспублікі Беларусь да абароны“. А Жадобін, які выконвае ролю „чысьцільніка“ сілавых структур, імкнецца паказаць, што ён здольны ня толькі скарачаць кадры.

Але ёсьць і прычына. Дэманстрацыя распрацоўкі гэтага пляну — гэта выразны мэсыдж у бок Расеі. Мінулым годам Лукашэнка пачаў небясьпечную для сябе гульню — балянсаваньне паміж РФ і Эўропай. Паколькі ён звычайна гіпэртрафуе пагрозы і свае падазрэньні, то цяпер ён баіцца рэакцыі Масквы. А тут яшчэ пачаўся традыцыйны навагодні энэргетычны канфлікт. І Лукашэнка дэманструе здольнасьць абараняцца. Маўляў, Беларусь вам — ня Грузія і не Чачня».

Каму ўлады дасылаюць мэсыдж?


Карбалевіч: «Калі нараду прэзэнтавалі ў мэдыях, значыць, хацелі некаму паслаць мэсыдж. Можа, сапраўды Расеі, зь якой нарастае нафтавы канфлікт? Але ці гатовая Беларусь на поўным сур’ёзе спаборнічаць з РФ у вайсковай сфэры, калі сытуацыя дойдзе да сілавога канфлікту?»

Алесін: «Лукашэнка да поўнага разрыву ў вайсковай сфэры з Расеяй ня пойдзе. Думаю, асновай і новага варыянту Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі будзе саюз з Расеяй, каб атрымаць ядзерны парасон. Бо надта моцна Лукашэнка зьвязаў сябе з Расеяй. Акрамя таго, наўрад ці Захад гатовы яго падтрымаць, нягледзячы на ўсе ягоныя апошнія жэсты. Думаю, гэта гульня, дэманстрацыя свабоды ад Расеі, каб патрывожыць РФ. Але хто каго любіць, той таго чубіць».

Статкевіч: «Я не кажу пра тое, што Беларусь гатовая сур’ёзна спаборнічаць з Расеяй. Я не кажу, што Лукашэнка здольны кардынальна зьмяніць сваю палітыку. Бо беларуская эканоміка цалкам завязаная на расейскія датацыі. Мэта — толькі папалохаць. Гэта частка торгу па нафтавым пытаньні».

Карбалевіч: «А можа, усё прасьцей. Магчыма, гэтая нарада — найперш піяр-акцыя для электарату? Вось ва Ўкраіне прэм’ер Юлія Цімашэнка вылучыла лёзунг сваёй перадвыбарчай кампаніі «Вона працює». Дык, можа, і тут насельніцтву падсьвядома ўнушаюць думку: «Ён працуе», ладзіць нарады і інш.

Ці неабходна прыняцьце новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі?


Карбалевіч: «На нарадзе Лукашэнка даручыў актывізаваць працу па падрыхтоўцы новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Чаму ўзьнікла неабходнасьць прыняцьця новага дакумэнту? Чым не задавальняе так канцэпцыя, якая існуе? І ўвогуле, якое значэньне мае такі дакумэнт, як Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі?

Алесін:
Шмат у чым наша войска — гэта сколак савецкага войска.
«У сваёй палітыцы Лукашэнка выкарыстоўвае аргумэнт моцнага войска. Ён разьлічаны на вонкавае спажываньне: і на Захад, і на Ўсход. Але замежныя палітыкі добра разьбіраюцца ў сытуацыі, і блефаваць тут ня мае сэнсу. Таму трэба паказаць гэты козыр у выглядзе моцнага войска.

Але сёньня беларускае войска ня ў поўнай меры адпавядае сучасным патрабаваньням. Шмат у чым наша войска — гэта сколак савецкага войска. Там разьлік рабіўся на масавае прымяненьне танкаў, артылерыі.

Але цяпер — эпоха высокадакладнай зброі. Невялікія па ліку сілы спэцыяльных апэрацый пры падтрымцы бесьпілётных авіяцыйных прыстасаваньняў з высокадакладнай зброяй з дапамогай спадарожнікавай сыстэмы навядзеньня здольныя прымусіць праціўніка да капітуляцыі. Таму рэальна існуе неабходнасьць мадэрнізацыі беларускага войска. Гэтым і тлумачацца рашэньні апошняй нарады ў прэзыдэнта.

Статкевіч: «Найперш, я б не пагадзіўся з сп. Алесіным, што перамяшчэньні ў кіраўніцтве сілавых структур зьвязаныя з распрацоўкай новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі. Пад распрацоўку дакумэнта кадравыя зьмены на такім узроўні ня робяцца.

Прычыны гэтых зьменаў іншыя. Узьнікла неабходнасьць напярэдадні выбараў перасунуць Мальцава, які занадта доўга кіраваў Міністэрствам абароны. На гэтай пасадзе патрэбны чалавек, няхай і ня вельмі дасьведчаны, але надзейны. Як Жадобін.

Сапраўды, Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі трактуецца ў Беларусі вельмі шырока. Яна ўключае ў сябе харчовую, дэмаграфічную, інфармацыйную, энэргетычную бясьпеку і інш. Але ў палітыцы адбываюцца зьмены, таму патрэбна карэктаваньне гэтага дакумэнту. Напрыклад, палепшыліся адносіны з Захадам, і ўжо нельга толькі яго лічыць асноўным верагодным праціўнікам. Узьнікаюць напружаньні і з Расеяй. Таму Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі — дакумэнт вельмі важны».

Карбалевіч: «Мне цяжка ўявіць сабе сытуацыю, што ўзьнікне неабходнасьць прыняць нейкае палітычнае рашэньне — і Лукашэнка скажа: «Давай паглядзім, што там напісана ў Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі».

Статкевіч: «Праблема ў іншым. Ва ўсіх сілавых структурах, найперш у Міністэрстве абароны, ідзе доўгатэрміновае плянаваньне, у якім задзейнічаны дзясяткі кіраўнікоў. І кірунак гэтага плянаваньня трэба задаць. Хто зьяўляецца верагодным праціўнікам? Адкуль пагражае небясьпека? І тут арыенцірам будзе Канцэпцыя нацыянальнай бясьпекі».

Алесін: «Вядома, ня чыста для патрэбаў распрацоўкі новай Канцэпцыі нацыянальнай бясьпекі была праведзена ператасоўка кадравай калоды. Згодзен, што напярэдадні выбараў войска павінна знаходзіцца пад кантролем абсалютна надзейнага і ляяльнага чалавека».
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG