Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск пакуль не дамовіўся з Масквой пра ўмовы пастаўкі нафты ў 2010 годзе. Дэлегацыі ўзялі тайм-аўт, і дата новага раўнду перамоваў пакуль не названая. Што прымусіла замаўчаць афіцыйны Менск? Ці азначае гэта, што нафтавая вайна скончылася?

Расейскі бок абвінаваціў афіцыйны Менск у зацягваньні перамоваў і прыгразіў наагул пазбавіць Беларусь ільготнай нафты. Але ж яшчэ 4 студзеня прэм’ер-міністар Расеі Ўладзімер Пуцін даручыў Ігару Сечыну дасягнуць дамоўленасьцяў у найбліжэйшы час. Ва ўрадзе Расеі абяцаюць пракамэнтаваць сытуацыю. Крыніца ў расейскім урадзе, блізкая да перамоваў, адзначыла:

«Указаньне ёсьць, але расейская дэлегацыя дзейнічае ў інтарэсах Расеі, яе эканомікі і гаспадарчых суб’ектаў. Мы ж ня можам паставіць іх у пройгрышную сытуацыю, у няроўныя ўмовы параўнальна зь беларускімі. У беларускіх будуць прэфэрэнцыі, а расейскія застануцца ў мінусе? Гэтага ж ніхто ня хоча. Паўза ўзьнікала таму, што беларускі бок, відаць, яшчэ раз абдумвае прапановы расейскага боку, хаця было дастаткова часу, каб вывучыць гэтыя пытаньні».

Раманчук: Гэта не пытаньне падтрымкі беларускага народу, а падтрымкі беларускіх нафтабаронаў
Паводле расейскага боку, усе пастаўкі нафты на беларускія НПЗ ідуць да падпісаньня пагадненьня згодна з расейскім заканадаўствам, а гэта азначае — са стопрацэнтным мытам. У «Белнафтахіме» заяўляюць, што прадпрыемствы працуюць у штатным рэжыме, пастаўкі нафты працягваюцца. Але як можна пастаўляць нафту, калі няма адпаведнай прававой асновы? Расейская крыніца, блізкая да перамоваў, адзначыла:

«Гэта магчыма толькі таму, што ў нас даўнія, партнэрскія стасункі, і ўзяць перакрыць, не пастаўляць на беларускія НПЗ было б не па-суседзку, не па-партнэрску. Гэтая няпэўнасьць будзе працягвацца датуль, пакуль ня будзе падпісаны дакумэнт».

Нагадаем, Расея прапануе Беларусі для ўнутраных патрэбаў 6,3 мільёна тон бязмытнай нафты, што прыносіць Беларусі выгаду ў 1,8 мільярда даляраў у год. Афіцыйны Менск просіць павялічыць бязмытны аб’ём нафты да 30 мільёнаў тон, а ў адваротным выпадку пагражае значна павялічыць мыта на транзыт расейскай нафты і нават выйсьці з Мытнага саюзу.

Яраслаў Раманчук
У сёньняшнім нумары прэзыдэнцкай газэты «Советская Белоруссія» пра нафтавы канфлікт з Расеяй няма ні слова. Ці азначае гэта, што нафтавая вайна скончылася? Кіраўнік цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук сказаў:

«Яна ня скончылася, будзе ісьці з барадой. Яна будзе каталізатарам іншых канфліктаў. Калі, напрыклад, беларускі бок у 5 разоў павысіць тарыф на транзыт электраэнэргіі, гэта адаб’ецца на тым, што расейцы будуць рабіць з нашымі таварамі на расейскім рынку. У такім абмене ўдарамі беларуская эканоміка, маючы такую залежнасьць ад расейскага рынку, прайграе».

Чаму ж тады замаўчаў афіцыйны Менск?

«Бо ня ведае, што сказаць. Блеф не працуе. Ён ведае, што Расея вельмі жорстка ставіцца да нафтавага пытаньня. Паколькі гэта не пытаньне падтрымкі беларускага народу, а падтрымкі беларускіх нафтабаронаў, таму ідзе такая жорсткая барацьба. Толькі ідыётам падабаецца ваяваць з Расеяй. Трэба дамаўляцца і ясна ўяўляць свае нацыянальныя інтарэсы. А вось гэтага афіцыйны Менск, на жаль, яшчэ не навучыўся рабіць».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG