Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фальшываманэцтва па-беларуску


500 эўра — адна з самых папулярных сярод фальшываманэтчыкаў банкнот.

500 эўра — адна з самых папулярных сярод фальшываманэтчыкаў банкнот.

Паводле амэрыканскага выданьня «Файнэншнл таймз», за другую палову 2009 году з абароту было выведзена 447 000 падробленых доларавых банкнотаў — гэта на 8% болей, чым за першае паўгодзьдзе. А якая сытуацыя ў Беларусі? Чым адметны гэты від злачынства ў краіне?

Калядныя і навагоднія сьвяты традыцыйна суправаджаюцца ўсплёскам фальшываманэцтва, і ў гэтым сэнсе сьвяты на мяжы 2010 году ня сталі выключэньнем. Вось дадзеныя сёньняшняга дня.

Паводле зводкі здарэньняў МУС, 11 студзеня ў Беларусі падробленыя грошы канфіскавалі ў Менску, Пінску, Оршы і Жлобіне. Сярод падробак — адна купюра наміналам 10 тысяч беларускіх рублёў, чатыры тысячныя купюры, адна наміналам 5 тысяч рублёў Цэнтральнага банку Расеі і дзьве падробкі пад 100 даляраў ЗША.

Гэты пералік збольшага дэманструе цяперашнія прыярытэты беларускіх фальшываманэтчыкаў: найперш падрабляюць беларускія рублі наміналам 10 і 20 тысяч, потым ідуць расейскія грошы. З заходніх валют найчасьцей падрабляюць даляры ЗША, эўра — амаль у 10 разоў меней, паведамілі ва ўправе барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Міністэрства ўнутраных спраў.

«Вось глядзіце. Найбольшую цікаўнасьць фальшываманэтчыкі выяўляюць да купюры ў 100 даляраў, а з эўра — 100, 200 і 500, а сярод расейскіх купюр — тысячная самая папулярная».

Умоўна адмыслоўцы падзяляюць беларускіх фальшываманэтчыкаў на дзьве асноўныя групы. Найперш — тыя, хто вырабляе фальшыўкі ў Беларусі, звычайна з дапамогай кампутара і каляровай друкаркі.
У Беларусі сваіх прафэсійных цэнтраў фальшываманэцтва ня выяўлена.
Якасьць такіх падробак вельмі нізкая, а колькасьць — вялікая. Такіх спробаў да 95%. На астатнія 5% прыпадаюць фальшыўкі вышэйшай якасьці, завезеныя ў Беларусь звонку — найчасьцей з Расеі, Украіны. Некалькі гадоў таму быў спынены канал пастаўкі фальшывых даляраў з Ізраілю. Тыя фальшыўкі, што ідуць у Беларусь з Расеі, вырабляюць звычайна ў Дагестане. А што да Беларусі, сваіх прафэсійных цэнтраў фальшываманэцтва тут ня выяўлена. МУС Беларусі ўвогуле заяўляе, што з 2001 году фальшываманэцтва скарацілася амаль напалову: з 2% ад агульнай масы злачынстваў да крыху больш як 1% у 2009 годзе. Аднак, мяркуючы паводле пачатку 2010 году, пра станоўчую дынаміку казаць зарана, прызнаюць у міліцыі:

«За 10 дзён студзеня — 39 фактаў затрыманьня з фальшывымі грашыма. Летась было 37 такіх выпадкаў».

Чым яшчэ адметная беларуская практыка фальшываманэцтва? Некаторыя адмыслоўцы перакананыя, што закон у гэтай справе занадта суровы.

Гісторыя з сайту МУС. Студэнтка на просьбу сяброў дзеля жарту раздрукавала на кампутары некалькі даляравых купюр, якія жаніх выкарыстаў на вясельлі дзеля выкупу нявесты. Адзін з гасьцей прыхаваў падробку і праз пэўны час пайшоў зь ёй у абменьнік. Студэнтка патрапіла пад сьледзтва, яе ледзь ня выгналі з інстытуту.

Дарэчы, найбольшае пакараньне паводле артыкула аб фальшываманэцтве −15 гадоў калёніі. І паводле ўнутранай інструкцыі МУС кожная знаходка фальшывай купюры патрабуе завядзеньня крымінальнай справы.

Адмыслоўцы кажуць, што гэтае правіла трэба адмяніць і ўвесьці ў кодэкс паняцьце аб «грубай падробцы» — гэта дазволіць частку цяперашніх гэтак званых фальшываманэтчыкаў, а часьцей неразумных падлеткаў, пераводзіць у разрад махляроў, каб караць іх за глупства не турмой, а грашовым штрафам.
XS
SM
MD
LG