Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску зьбіраюць грошы падтрымаць сям'ю Каваленкі


Паседжаньне камітэту ў падтрымку Сяргея Каваленкі. Віталь Каваленка, Барыс Хамайда, Лідзія Каваленка

Паседжаньне камітэту ў падтрымку Сяргея Каваленкі. Віталь Каваленка, Барыс Хамайда, Лідзія Каваленка

Ужо сабрана больш за 300 тысяч рублёў, каб найперш аплаціць паслугі адваката для арыштаванага актывіста, які знаходзіцца ў СІЗА.


Шмат хто зь віцяблян ведае пра ўчынак Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў нацыянальны сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі. Цяпер да жыхароў Віцебску зьвярнуўся Барыс Хамайда. Каля так званага “сіняга дому” — дому № 28 па вуліцы Леніна — ён распачаў грамадзкі збор сродкаў дзеля падтрымкі арыштаванага і ягонай сям’і:

“Тое, што зьдзейсьніў Сяргей Каваленка, — гэта мэга-учынак, як нехта напісаў на адным сайце. Узьняцьце бел-чырвона-белага сьцяга — гэта, я лічу, подзьвіг. У палітзьняволенага Сяргея Каваленкі засталася сям’я -- жонка і маленькі сынок. І я лічу, што трэба зьбіраць сродкі, каб падтрымаць самае галоўнае — сям’ю. Тады яму спакайней будзе перажыць сьледзтва і дачакацца суду”.

Спадар Хамайда распавёў, што да яго часта падыходзяць мінакі, каб абмеркаваць учынак і затрыманьне Сяргея Каваленкі. Прычым большасьць землякоў ня згодная з тым, што за бел-чырвона-белы сьцяг трэба караць, нягледзячы на тое, што ў афіцыйных СМІ акцыя Сяргея Каваленкі апісваецца як сапраўднае злачынства. У газэце “Віцебскі рабочы” аўтарка Тацяна Бондарава напісала нават так: “знайшоўся мутант, месца якому ў клетцы заапарку… цяпер ён на ўвесь сьвет называе сябе дэмакратам і змагаром з камунізмам”.

На думку Барыса Хамайды, казаць такое пра чалавека, якога трымаюць у СІЗА, проста недарэчна. А характарыстыкамі апазыцыянэра ў мясцовых газэтах многія людзі абураныя.

Тым ня менш, першы дзень збору сродкаў для падтрымкі сям’і Сяргея Каваленкі прынёс няшмат плёну: Барыса Хамайду затрымалі міліцыянты, ледзьве толькі ён дастаў абвестку пра сваю ініцыятыву. Супрацоўнікі міліцыі завезьлі яго ў Чыгуначны РАУС, сказаўшы, што маюць загад на ягонае затрыманьне, каб паглядзець, якія незалежныя выданьні ён распаўсюджвае. Складаць пратакол затрыманьня міліцыянты ня сталі, але папрасілі пару газэт “Наша Ніва” — не дзеля канфіскацыі, а проста каб пачытаць.

Учора сродкі для сям’і арыштаванага сабраў грамадзкі аргкамітэт, створаны дзеля падтрымкі Сяргея Каваленкі. Пра гэта распавёў Павал Севярынец, адзін з арганізатараў новага віцебскага грамадзкага ўтварэньня:

“Аргкамітэт пастанавіў, што мы абвяшчаем збор сродкаў для Сяргея і ягонай сям’і, каб дапамагчы выплаціць штрафы, прысуджаныя за ранейшыя акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі. Ужо сабралі больш за 300 тысяч рублёў. Заклікаем гараджан і ўсіх беларусаў далучацца. Хто мае мажлівасьць ахвяраваць сродкі, можа зрабіць гэта наўпрост — зьвязацца з маці, Лідзіяй Уладзімераўнай, тэлефон МТС 5193040”.

Павал Севярынец кажа, што цяпер аргкамітэт рыхтуе звароты да міжнародных структураў і запрашэньні да амбасадараў і палітыкаў розных краін — каб тыя прыехалі ў Віцебск ды сустрэліся са сваякамі Сяргея Каваленкі і мясцовымі ўладамі.
XS
SM
MD
LG