Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З Вісагінаса ў Ашмяны

  • Тацяна Поклад

Ігналінская АЭС

Ігналінская АЭС

Пасьля спыненьня Ігналінскай АЭС, у горадзе атамшчыкаў Вісагінасе абвастрылася праблема беспрацоўя. Амаль 10 % насельніцтва горада складаюць беларусы. Многія зь іх зьбіраюцца шукаць працу ў Беларусі на АЭС, якая будуецца ў Астраўцы.

Ігналінская атамная электрастанцыя у Літве не працуе ад апошняй гадзіны мінулага году, але яе ліквідацыя працягнецца яшчэ 25 гадоў, і частка спэцыялістаў па-ранейшаму будуць запатрабаваныя. Бальшыня работнікаў, аднак, ужо страцілі працу і плянуюць пакідаць Вісагінас.

Вісагінас -- шматнацыянальны горад-спадарожнік АЭС, пабудаваны у 1975 годзе, цяпер у ім засталося каля 26 тысяч жыхароў, у ліку якіх 9,68% беларусаў.

Кіраўнік тутэйшага беларускага культурнага цэнтра "Крок" Алег Давідзюк кажа, што бальшыня жыхароў рыхтавалася да закрыцьця станцыі.

"Жыцьцё раптам не зьмяняецца, сьвятло як гарэла ў хатах, так і гарыць, але шмат людзей ужо страцілі працу, і шмат сёлета яшчэ страцяць. Таму людзі ужо доўгі час паглядаюць у бок беларускай атамнай станцыі і расейскай — у Калінінградскай вобласьці".

Кіраўнік беларускай суполкі сам працаваў на Ігналінскай АЭС -- начальнікам участка. Ён сышоў год таму па ўласным жаданьні. Цяпер “атамнай тэматыкай” Алег Давідзюк займаецца як кіраўнік БКЦ “Крок” -- зьбірае анкеты жадаючых працаваць у Беларусі і вядзе перамовы з урадам.

Апрача культурных і адукацыйных спраў суполка мае вядомы ў Балтыі і Скандынавіі фальклёрны ансамбль, а таксама яна апекавалася беларускімі клясамі ў Вісагінасе.

"Я ад людзей ня раз меў пытаньні наконт Беларускай АЭС, і амаль год таму я сустракаўся з прадстаўнікамі Міністэрства энэргетыкі Беларусі. Была добрая сустрэча. Я пераказаў ім клопат нашых людзей і іх жаданьне працаваць на будаўніцтве і эксплюатацыі беларускай АЭС. Мы мелі пэўныя дамоўленасьці. Магу цяпер сказаць, што ў дырэкцыі беларускай атамнай станцыі стаіць тэчка з надпісам "Ігналінская АЭС", і я перадаў туды амаль паўтары сотні анкет жадаючых працаваць у Беларусі, яны ужо ў гэтай тэчцы. Я лічу, што гэта толькі першая ластаўка", - гаворыць Алег Давідзюк.

У ліку спэцыялістаў-атамшчыкаў, жадаючых працаваць у Беларусі — ня толькі беларусы, але і людзі іншых нацыянальнасьцяў, у тым ліку і літоўцы.

Закрыцьцё АЭС прывяло да павышэньня коштаў на электраэнэргію. Аляксандр, які цяпер ня мае сталай працы, кажа, што ад студзеня усе яго знаёмыя сталі больш ашчаджаць:

"Так, адчулася, больш эканоміць пачалі. Ну, трансфарматары паставілі, галягенныя лямпачкі на 12 ват. А ацяпленьне, калі ва уласным доме жыць, то гэта яшчэ прыймальыня выдаткі. А вось для тых, хто у горадзе жыве, тым дакладна не пазайздросьціш. Шмат энэргіі трэба".

У папярэднія месяцы, кажа Аляксандр, яго сям'я плаціла за электрычнасьць каля 100 – 150 літаў у месяц (гэта каля 45 — 65 даляраў). Для дамашніх гаспадарак тарыфы на электраэнэргію цяпер узьняліся на 30 %, для прамысловых спажыўцоў -- на 20 %.

Ігналінскую АЭС Літва закрыла, выконваючы абавязкі перад Эўразьвязам. Гендырэктар АЭС Віктар Шэвалдзін падкрэсьлівае, што рашэньне аб закрыцьці было выключна палітычным. Эўразьвяз аплаціць усе працы па кансэрвацыю АЭС цягам 25 гадоў Кошт гэтай працы – 1 мільярд эўра. Цяпер 50-60 % электраэнэргіі для Літвы пастаўляюць тры цеплаэлектрастанцыі — Электрэнская, Віленская і Ковенская, а рэшту ў 40% Літва будзе набываць у суседзяў.

XS
SM
MD
LG