Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Filet: добры смак, добры густ


Выйшаў пілётны нумар новага часопісу Filet. На думку яго выдаўцоў, часопіс павінен заняць нішу паміж дэмакратычнай і даступнай бальшыні прасунутай моладзі “Студэнцкай думкай” (якая некалькі гадоў ужо ня выходзіць) і альманахам сучаснай культуры “пАRTызан”.

Выданьне трохмоўнае – тут зьмешчаныя артыкулы на беларускай, расейскай і ангельскай мовах. Паводле галоўнага рэдактара выданьня Валера Краснагіра, гэта не арт-праект, разьлічаны на “тусоўчыкаў”, ці прасунутую моладзь. Чытачы новага часопісу – актыўныя, цікаўныя людзі. Чаму такі дзіўны назоў – Filet – Валер Краснагір тлумачыць:

“Тое, што адразу прыходзіць у галаву, тое і азначае. Плюс яшчэ больш шырока – акрамя кулінарнага, крыху з такім адценьнем, як мы хочам прадставіць людзям і падзяліцца нейкімі смачнымі, самымі цікавымі кавалкамі з культурнага, поп-культурнага жыцьця Беларусі і ўсяго сьвету. Але ў перакладзе з французскай “філе” – таксама “ніткі, карункі”. Адсюль асацыяцыі з модай, адзеньнем з тым, што чалавека атачае”.

У новым часопісе прэзэнтаваныя і замежныя і айчынныя творцы. Тут гутарка з Квенцінам Таранцінам пра ягоны фільм «Бясслаўныя байструкі», і гутарка з Уладзімірам Сарокіным, аўтарам «Блакітнага сала» і «Дозы», і вершы Вольгі Гапеевай і Арцёма Кавалеўскага. Распавядае адзін з аўтараў пілётнага нумару Filet кінакрытык Андрэй Расінскі:

“Я, напрыклад, рабіў матэрыял пра Андрэя Кудзіненку. Ёсьць у гэтым часопісе і пра Таранціна, да прыкладу. Пра Ўладзімера Сарокіна, скандальнага расейскага аўтара. Разглядаецца творчасьць абсалютна розных людзей...”

Карэспандэнтка: “Што тычыцца беларускага аспэкту – што тут можна выбітнага, цікавага знайсьці, і каго можна прэзэнтаваць?”

“У нас ёсьць многія аўтары, якіх мала ведаюць у той жа Беларусі, альбо малавядомыя, альбо тыя, хто яшчэ не настолькі праявілі сябе. Але яны ёсьць. Ёсьць забытыя аўтары, напрыклад, Валянцін Вінаградаў, які здымаў адзін з найбольш скандальных фільмаў у Беларусі. Я думаю, знойдуцца і маладыя творцы...”

Даволі цікавы і незвычайны дызайн: часопіс не назавеш глянцавым, але і вёрстка, і ілюстрацыі, і папера даволі адметныя. Тлумачыць галоўны рэдактар часопісу Filet Валер Краснагір:

“У глянцавых часопісах выкарыстоўваецца крэйдаваная глянцавая папера, а тут – крэйдаваная матавая. Нават на ўзроўні паперы ілюстрацыі адрозьніваюцца – ня так кідка, але пры гэтым даволі вытанчана і прыгожа. А што тычыцца зьместу, мы таксама не хацелі чыста глянцавы часопіс, альбо “life-style”, але таксама не хацелі б, каб ён быў “art” часопісам для інтэлектуалаў. Хацелі проста зрабіць часопіс, прысьвечаны поп-культуры і часткова для жыхароў горада”.

Мяркуецца, што часопіс будзе выходзіць раз на квартал. Першы пілётны нумар распаўсюджваецца задарма.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG