Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве затрыманы кантрабандыст зь Беларусі

  • Тацяна Поклад

Кантрабандыст зь Беларусі затрыманы ў Літве пры спробе нелегальна правезьці вялікую партыю цыгарэт «Viceroy».

Супрацоўнікі крымінальнай службы мытні адзначаюць, што ў Літву ў другой палове 2009 году, у ліку іншых кантрабандных тытунёвых вырабаў, найчасьцей спрабуюць правезьці нелегальна менавіта цыгарэты «Viceroy», якія, паводле службоўцаў літоўскай мытні, добра прадаюцца ў Польшчы.

Грамадзянін Беларусі спрабаваў правезьці у Літву расейскія цыгарэты «Viceroy Red» на суму 90 000 літаў. Мытнікі затрымалі яго на кантрольна-прапускным пункце у Райгардасе.

Як паведамляе Літоўская мытняwww.cust.lt/lt/article, грамадзянін Беларусі В.Б. ехаў у Літву ў 4 гадзіны раніцы ў суботу на грузавым аўтамабілі Iveco Turbo Daily. Кіроўца грузавіка абраў «зялёны канал», што азначала, што ён ня мае тавараў для дэклярацыі. Калі мытнікі надгледзелі машыну, то выявілі у грузавым аддзяленьні добра замаскіраванае сховішча, у якім знаходзіліся 13 тысяч пачак цыгарэт.

Мытнікі цьвердзяць, што ім падалося падазроным, што кіроўца, які заявіў, што мае ў Літве «свае справы», едзе на пустым грузавым аўтамабілі.

У Марыямпальскім аддзяленьні крымінальнай службы літоўскай мытні распачата дасудовае расьсьледаваньне. Кантрабандыст пакуль затрыманы на двое сутак.



XS
SM
MD
LG