Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Барыс Хамайда прапануе лічыць Сяргея Каваленку палітвязьнем


У Віцебску адбылося першае пасяджэньне аргкамітэту, створанага дзеля падтрымкі Сяргея Каваленкі і ягонай сям’і.

Пасяджэньне аргкамітэту
Віталь Каваленка, Барыс Хамайда, Лідзія Каваленка
Грошы ахвяруе Павал Севярынец
У аргкамітэт увайшлі мясцовыя прадстаўнікі розных палітычных партый і грамадзкіх арганізацый. Сёньня ўвечары яны раіліся з маці Сяргея Каваленкі, спадарыняй Лідзіяй, і ягоным братам Віталем, як найбольш эфектыўна арганізаваць падтрымку актывіста, зьмешчанага ў сьледчы ізалятар.

Віцебскія актывісты знайшлі адваката, гатовага прыступіць да працы — бараніць Сяргея Каваленку, супроць якога распачата крымінальная справа паводле 2-й часткі 339 артыкула. 7 студзеня ён вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі, і міліцыянты кваліфікуюць ягоны ўчынак як «хуліганства».

Старэйшы Віцебскі апазыцыянэр Барыс Хамайда лічыць ягоную справу выключна палітычнай і прапануе ўжо цяпер лічыць Сяргея Каваленку палітвязьнем. Спадар Хамайда кажа, што гэта, па сутнасьці, трэцяя выключна палітычная крымінальная справа ў Віцебску — пасьля спраў супраць Славаміра Адамовіча за верш «Убей презідента», зьмешчанага ў тутэйшай газэце «Выбар», і супраць сябра КХП БНФ Уладзімера Плешчанкі, якога міліцыянты вінавацілі ў выкраданьні бюста Суворава.

Удзельнікі аргкамітэту першымі ахвяравалі грошы для матэрыяльнай падтрымкі сям’і Каваленкаў. Яны мяркуюць, што збор сродкаў варта правесьці й больш шырока — прынамсі па ўсім Віцебску. Таксама актывісты распрацавалі стратэгічныя кірункі працы, каб пра ўчынак Сяргея Каваленкі як мага больш даведаліся на Беларусі і ў замежжы. І прапанавалі ўсім ахвотным падтрымаць Сяргея адмысловым чынам: 16-га студзеня актывісту споўніцца 35 гадоў, і з гэтае нагоды кожны, хто захоча напісаць яму некалькі цёплых словаў, можа дасылаць віншавальныя паштоўкі на адрас 210026, Віцебск, вул.Гагарына, 2, СІЗА-2, Каваленку Сяргею.


Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG