Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Касьцюгова, Манёнак і Сіліцкі – пра нафтавы канфлікт


У чым прычыны цяперашняга нафтавага канфлікту паміж Беларусьсю і Расеяй? Як і калі ён можа быць вырашаны? Ці ўяўляе ён пагрозу беларускай незалежнасьці? Пазыцыя Масквы – гэта ўдар па рэжыме ці па Беларусі? Гэтыя тэмы абмяркоўваюць: каардынатар інтэрнэт-праекту “Наше мнение” Валерыя Касьцюгова, аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Тацяна Манёнак і палітоляг Віталь Сіліцкі. Вядзе гутарку Юры Дракахруст



Дракахруст: У новы год Беларусь і Расея ўвайшлі з новай нафтавай “вайной”. Бакі не прыйшлі да згоды ні напярэдадні новага году, ні пасьля. Апошні раўнд перамоваў, які адбыўся 9 студзеня, з удзелам намесьнікаў прэм'ераў двух урадаў Уладзімера Сямашкі і Ігара Сечына, таксама скончыўся безвынікова. Чаму справа дайшла менавіта да “вайны”? Пра тое, што адпаведнае пагадненьне аб умовах паставак заканчвае сваё дзеяньне 1 студзеня сёлета, было вядома ўсім. Чаму ж нельга было дамовіцца раней? Зь іншага боку, варта прыгадаць, што падчас мінулай нафтавай вайны напачатку 2007 году справа дайшла да спыненьня і транзыту, і паставак у Беларусь. Сёлета, хаця і зьявіліся чуткі пра спыненьне ці скарачэньне паставак, але так выглядае, што пакуль закручваньне крана як аргумэнт у спрэчцы не ужываецца. Таксама чаму? Віталь Сіліцкі.

Калі стральбы няма, то і вайны няма. Ёсьць спрэчкі ў нафтавых пытаньнях
Сіліцкі:
Давайце напачатку вызначымся з тэрмінамі. Што за вайна, калі не страляюць? Калі стральбы няма, то і вайны няма. Ёсьць спрэчкі ў нафтавых пытаньнях. Сапраўды прыйшоў час выконваць тую дамову, якая была заключаная ў 2007 годзе, і тут мы мусім перайсьці на новае мыта. Але тут умяшаўся Мытны саюз, які ініцыявала Расея, што дало Беларусі падставу патрабаваць перагляду таго не зусім выгаднага пагадненьня – нявыгаднага з пункту гледжаньня 2010 году. Канфлікты Беларусі з Расеяй паказваюць, што міждзяржаўныя адносіны не да канца ўрэгуляваныя, яны не да канца сувэрэнізаваліся, яны не зусім празрыстыя. І калі незразумела – па законе ці па нейкіх сардэчных правілах адбываюцца адносіны, то заўсёды будуць канфлікты такога кшталту. Гэта лягічныя наступствы таго фармату беларуска-расейскіх адносінаў, які існуе. Я ня бачу тут нічога экстраардынарнага.

Дракахруст: Валерыя, і вам тыя ж два пытаньні – чаму канфлікт выплюхнуўся ў публічную сфэру, чаму не дамовіліся раней, і чаму кран не чапаюць?

Касьцюгова: Я згодна зь Віталём. Няма вайны. Ідзе перамоўны працэс. І кран тут наагул ні пры чым пакуль. Яшчэ не разыграныя іншыя аргумэнты.

Дракахруст: Але вось з украінцамі напрыканцы году таксама сьпеў нафтавы канфлікт, але яго хуценька, за некалькі дзён вырашылі. А тут пакуль да вырашэньня далёка.

Нашы аргумэнты недастаткова сур'ёзныя і мы хочам атрымаць значна больш, чым Украіна
Касьцюгова:
З Украінай размова ішла выключна пра транзытныя тарыфы. Украіна вырашыла ўзьняць гэтыя тарыфы і іх узьнялі на 30%. Гэта безумоўна менш аб'ёмнае пытаньне і справа сувэрэннай транзытнай дзяржавы – вызначаць тарыфы. Аргумэнты Ўкраіны былі дастаткова сур'ёзныя. Нашы аргумэнты недастаткова сур'ёзныя і мы хочам атрымаць значна больш, чым Украіна.

Дракахруст: Тацяна, а якія вашы адказы – чаму публічны канфлікт і чаму кран не чапаюць?

Манёнак: Справа ў тым, што ня толькі Беларусь залежыць ад паставак расейскай нафты, але і расейскія кампаніі вельмі залежаць ад Беларусі. Пакуль Расея не збудавала БТС-2, акрамя таго, беларускія НПЗ – больш мадэрнізаваныя, чым расейскія. Празь Беларусь больш выгадна транспартаваць нафтапрадукты ў Эўропу. І расейскія кампаніі таксама сёньня лябіруюць хутчэйшае вырашэньне гэтага пытаньня. І праблема ўзьнікла не зьнянацку. Беларускі бок яшчэ два гады таму заклапаціўся тым, каб вызначыць правілы гульні на нафтавым рынку. На парацягу мінулага году на ўзроўні профільных чыноўнікаў пытаньне было вырашанае. Прэм'ерам заставалася толькі
паставіць свае подпісы пад пагадненьнем. Чыноўнікі разумелі, што ніякага лепшага выйсьця ў гэтай сытуацыі няма, чым працягнуць тыя правілы гульні, якія існавалі ў 2009 годзе. Але беларускі прэзыдэнт, які паставіў свой подпіс пад Мытным саюзам, зразумела задаў пытаньне – што ж за Мытны саюз, у якім будуць існаваць мыты на пастаўкі расейскай нафты. А з расейскага боку незадаволенае было Мінэнэрга, бо яно задало пытаньне – чаму трэба па-ранейшаму даваць Беларусі льготы ні за што? Кіраўнік гэтага міністэрства, выступаючы ў Дзярждуме, празрыста сказаў, што льготы беларускі бок атрымае толькі ў абмен на доступ да нафтавай і энэргетычнай інфраструктуры Беларусі.

Расея ня хоча зноў наступаць на тыя ж граблі
І таму папярэднія дамовы былі адкладзеныя і бакі пачалі перамовы з чыстага аркуша. Віталь казаў пра няпэўнасьць адносінаў. І сапраўды Саюзная дзяржава, і згодна з саюзнымі пагадненьнямі Расея пастаўляе нафту для Беларусі для ўласных патрэбаў бяз мыта. Гэта заўсёды было і будзе, пакуль будзе існаваць саюзная дзяржава.

Але пакуль гэтая ўмова існуе, вельмі складана вызначыць астатнія правілы гульні. Расейскі бок прапануе: пастаўкі для ўнутранага беларускага спажываньня ад мыта вызваліць, астатняе пастаўляць з поўным мытам. Але як гэта будзе адбывацца, адна расейская кампанія будзе пастаўляць нафту бяз мыта, а іншая – з мытам? Чаму Расея ня хоча ісьці на міжбюджэтны падзел выручкі ад экспарту нафтапрадуктаў? Яна перасьцерагаецца, што паўторыцца сытуацыя 1995-1996 гадоў, калі пачала дзейнічаць адпаведная дамова аб падзеле. Тады беларускі бок ухіліўся ад выкананьня сваіх абавязкаў і расейскі бюджэт не атрымліваў амаль нічога ад перапрацоўкі расейскай нафты ў Беларусі. Расея ня хоча ізноў наступаць на тыя ж граблі.

Расея заняла такую пазыцыю яшчэ і таму, што разумее, што зь цягам крызісу эканамічнае становішча Беларусі будзе пагаршацца і выцягнуць адпаведныя грошы зь беларускага бюджэту будзе вельмі складана. Таму кожны стаіць на сваім. Беларускі бок нэрвуецца ня толькі таму, што не выконваюцца ўмовы мытнага саюзу. Але калі прыняць расейскія ўмовы, Беларусь панясе вельмі значныя фінансавыя страты. Варта мець на ўвазе, што нафтаперапрацоўка для Беларусі перастала быць донарам. У крызіснай сытуацыі нафтаперапрацоўку давялося падтрымліваць дзяржаве.

Дракахруст: Валерыя, вы сказалі, што аргумэнты беларускага боку слабыя. А чаму вы так лічыце? Створаны мытны саюз, у ім сапраўды дзіка гандляваць паміж краінамі-ўдзельніцамі з мытам.Чаму расейцы робяць выгляд, што яны нібыта ня чуюць тое, што ім кажуць зь Менску?

Пагадненьне будзе, безумоўна, дасягнута прыблізна на ўмовах 2009 году, можа зь менш сымпатычнымі для нас каэфіцыентамі
Касьцюгова:
Я не хацела сказаць, што беларускія аргумэнты слабыя наагул. Яны слабыя для таго аб'ёму даходаў, якія беларускі бок хоча атрымаць. Тацяна мае рацыю – залежнасьць Расеі ад беларускага транзыту вельмі высокая і пагадненьне будзе, безумоўна, дасягнутае прыблізна на ўмовах 2009 году, можа зь менш сымпатычнымі для нас каэфіцыентамі. А што тычыцца прынцыповай пазыцыі – хто мае рацыю ў гэтай спрэчцы, то каманды юрыстаў спрачаюцца на гэты конт да крыку, але аргумэнты тут прыкладна раўнацэнныя. Пагадненьне 2007 году, якое рэгулявала нашы стасункі да гэтага часу, ня мае тэрміну абмежаваньня пасьля 2009 году, калі ўжываўся гэты каэфіцыент. А пункт 2 пагадненьня цьвердзіць, што пастаўкі ў Беларусь ажыцьцяўляюцца са спагнаньнем экспартнага мыта ў адпаведнасьці з законам РФ.

Дракахруст: Віталь, у мяне да вас два пытаньні – пра плян Пуціна і пра помсту Пуціна. Недзе ўвесну 2006 году "Коммерсант" апублікаваў паведамленьне пра нараду ў тагачаснага прэзыдэнта Расеі, на якой быў выкладзены плян паступовага, але няўхільнага пазбаўленьня Беларусі гандлёвых і эканамічных прэфэрэнцыяў. Паводле гэтага пляну захаваньне прэфэрэнцыяў магчымае толькі пры істотных саступках беларускага боку, найперш у пытаньні продажу Расеі эканамічных актываў.

Ці ня ёсьць цяперашні канфлікт чарговым этапам рэалізацыі таго пляну?
Ну і прыгадаем, што некалькі месяцаў таму Лукашэнка надзвычай рэзка публічна скрытыкаваў прэм'ера Расеі.

Усе чакалі, чым адкажа Пуцін. А ён маўчаў. Пазьней на сваёй прэсавай канфэрэнцыі ў адказ на прамое пытаньне наконт словаў Лукашэнкі аджартаваўся:"А можа гэта любоў?" Дык можа цяперашні канфлікт – гэта і ёсьць адказ Пуціна?

Сіліцкі: У такіх выпадках дзейнічае прынцып: з сябрамі – па-сяброўску, зь няпрыяцелямі – па закону. Легітымная нагода перагледзіць
У такіх выпадках дзейнічае прынцып: з сябрамі – па-сяброўску, зь няпрыяцелямі – па закону.
умовы нафтавага гандлю паміж Беларусьсю і Расеяй ёсьць. І яна выкарыстоўваецца. Я магу з вамі пагадзіцца, што адносна таварышча Пуціна наш кіраўнік выказваўся не зусім належным чынам. Калі б была прызнаная Абхазія ці зроблена штосьці іншае, магчыма, перамовы ішлі б крыху па-іншаму. Але тут проста ёсьць паперка –скончаная дамова. І можа трэба сыходзіць з гэтага, а не прыдумляць нейкія тэорыі кансьпірацыі.

Дракахруст: Валерыя, як вы лічыце, як доўга будзе працягвацца гэты канфлікт? Вы ўжо сказалі, што хутчэй за ўсё проста пралангуюць леташнюю дамову, але калі? Градус інфармацыйнай вайны, як мы бачым, пакрысе нарастае, пасьля зрыву перамоваў 9 студзеня з Масквы загучалі галасы ананімных экспэртаў, якія кажуць, што беларусы могуць пазбавіцца і тых ільготаў, якія ім Расея дагэтуль шчодра прапануе. А з Менску вуснамі аглядальнікаў БТ гаворыцца пра спробу рэйдэрскага захопу беларускіх НПЗ. Канфлікт будзе працягвацца ці ў хуткім часе ён будзе вырашаны?

Касьцюгова: Мяркую, што на працягу студзеня, ў нас ёсьць кантракты на 2-3 тыдні на пастаўку нафты. Вось у гэты тэрмін і павінны быць заключаныя нейкія пагадненьні, хаця б часовыя. Мяркую, што ў цэлым пагадненьне гэтага году будзе мець часовы характар, яно будзе не такім датэрміновым, як пагадненьне 2007 году. Расея вельмі разьлічвае ўвесьці БТС-2 яшчэ да канца гэтага году і гэта будзе новым аргумэнтам у перамовах.

Дракахруст: Тацьцяна, а які ваш прагноз – як хутка будзе вырашаны гэты канфлікт пры тым, што ён даволі доўга не выплюхваўся ў інфармацыйную сфэру.

Ці можа Эўропа выступіць пасярэднікам і беларуска-расейскім нафтавым канфлікце? Але зараз пачалі гучаць такія фармулёўкі, што Менск гуляе з агнём, нахабнічае. А з Менску – што расейцы нахабнічаюць, хочуць нашае дабро захапіць.

Манёнак: Сытуацыя непрадказальная. З аднаго боку відавочна, што расейскія кампаніі павінны пастаўляць нафту, яны сплянавалі свае
Залежнасьць Расеі ад беларускага транзыту, залежнасьць расейскіх нафтавых кампаніяў ад беларускай нафтаперапрацоўкі застаецца вельмі высокай.
бюджэты, яны маюць пэўныя абавязкі і перад эўрапейскімі кампаніямі. Калі будзе спынены транзыт, гэта адаб'ецца перш за ўсё на іміджы РФ.

Зь іншага боку, беларускі бок абмяркоўвае варыянт падвышэньня кошту транзыту амаль у 10 разоў. Гэта відавочны шантаж. Але расейскія кампаніі будуць вымушаныя гэтыя выдаткі закласьці ў цану, і беларускія НПЗ будуць атрымліваць нафту па яшчэ большым кошце. А гэта зробіць неканкурэнтнай прадукцыю нашай нафтаперапрацоўкі на сусьветным рынку.

Абодва бакі залежаць адзін ад аднаго.

Я б тут запярэчыла Валерыі. Расея сапраўды прысьпешвае будаўніцтва БТС-2, але яго дабудуюць не раней за 2013 год. Так хутка перанакіраваць свае нафтавыя патокі Расея ня зможа. Так што залежнасьць Расеі ад беларускага транзыту, залежнасьць расейскіх нафтавых кампаній ад беларускай нафтаперапрацоўкі застаецца вельмі высокай.

І гэта прымусіць бакі дамовіцца. Але такое зацягваньне гандлю сьведчыць пра тое, што ў перамовы ўступяць прэзыдэнты краіны і на іх узроўні пытаньне будзе вырашацца.

Дракахруст: Віталь, Тацьцяна ўжо сказала пра Эўропу. А якой будзе яе пазыцыя? Яна будзе назіраць за гэтай спрэчкай ці можа выступіць пасярэднікам?

Сіліцкі: Пакуль ніводзін бок канфлікту ня ставіць пад пытаньне транзыт нафты ў Эўропу. Эўропа можа ўмяшацца толькі тады, калі
Эўропа можа ўмяшацца толькі тады, калі пачнецца блякада.
пачнецца блякада. Але ў ёй прайграе той, хто яе ініцыюе. У беларускіх уладаў абмежаванае поля манэўру, бо калі гэта будзе па іх ініцыятыве, то гэта толькі надасьць легітымнасьць расейскім праектам кшталту БТС-2.

Дракахруст: Канфлікт стаў ілюстрацыяй да палкіх спрэчак у апазыцыі летась – ці існуе пагроза беларускай незалежнасьці? Дык існуе ці не? Такая пазыцыя Масквы, якая больш ня хоча даваць Менску нафтавы грант – гэта ўдар па рэжыму ці па Беларусі?

Касьцюгава: Я ня бачу асаблівай сувязі паміж гэтым канфліктам і незалежнасьцю. Ён дэманструе ўзаемазалежнасьць нашых краін. Але гэта не адзіная сфэра, ў якой мы ўзаемна залежым. У тым сэнсе, ў якім звычайна беларуская апазыцыя ўжывае выраз "пагроза
Я ня бачу асаблівай сувязі паміж гэтым канфліктам і незалежнасьцю.
незалежнасьці" – у гэтым сэнсе пагрозы ёй няма.

Што тычыцца пытаньня наконт рэжыму і краіны, і тое, і другое. Рэжым, паколькі ягоная эканамічная палітыка будуецца на тым, каб захаваць пэўную сыстэму гаспадараньня, абапірацца на нашу немадэрнізаваную прамысловасьць і захоўваць пэрсанал. Калі прытрымлівацца іншых эканамічных стратэгій, то падвышэньне цэнаў на нафту ня будзе такім ўжо зніштажальным для бюджэту і эканомікі ў цэлым.

Дракахруст: Віталь, а на ваш погляд – ці ёсьць пагроза незалежнасьці? Бо дылема, так выглядае, такая: ці НПЗ трэба аддаваць, што ёсьць элемэнтам незалежнасьці, ці зубы на полку класьці без таннай расейскай нафты.

Сіліцкі: У нас тут сабраліся экспэрты ў гэтай тэме – Тацьцяна, Валерыя. І мы пэўна мысьлім іншымі катэгорыямі. Ці варта трымацца за гэтую жалезку, бачучы ў ёй атрыбут незалежнасьці? Незалежнасьць – гэта канкурэнтаздольнасьць эканомікі і здольнасьць гандляваць па
Сёньняшні статус беларускага нафтахімічнага сэктару, які цалкам залежыць ад расейскіх датацыяў – гэта атрыбут залежнасьці.
рынкавых коштах. А трымаць гэтыя жалязякі, якія залежаць толькі ад расейскіх датацыяў... Я б сказаў, што сёньняшні статус беларускага нафтахімічнага сэктару, які цалкам залежыць ад расейскіх датацыяў – гэта атрыбут залежнасьці. Трэба злазіць з расейскай іглы, пра гэта ў нас ужо ідзе гаворка больш за 10 гадоў. А кантроль замежнага капіталу ў тым ліку і над інфраструктурай – гэта ў сусьветнай практыцы нармальная справа. Які ж гэта атрыбут незалежнасьці, калі мы нічога ня можам зрабіць з гэтым прадпрыемствам, мы мусім бегаць і маліцца, каб нам далі гэтую танную нафту?

Дракахруст: Тацьцяна, я ведаю, што вы шчыльна кантактуеце з беларускімі чыноўнікамі. А яны ўспрымаюць гэты канфлікт, як пагрозу незалежнасьці?

Манёнак: Лопаецца гэтая нафтавая бурбалка. Яна існавала дзякуючы таму, што Беларусь мела велізарны, неапраўданы нафтавы экспарт. Краіна, якая здабывае ўсяго 1,7 мільёны тон нафты, экспартавала калі 15 мільёнаў тон нафты і валютныя паступленьні ад гэтага гандлю складалі траціну бюджэту. Такога няма нідзе ў сьвеце. Дзякуючы гэтым нафтадалярам дзяржава магла акумуляваць гэтыя рэсурсы і потым
Што да беларускіх чыноўнікаў, то многія зь іх ня вераць у тое, што Расея сур'ёзна і прынцыпова мяняе свае адносіны да Беларусі.
падтрымліваць аграсэктар, нафтахімію, казалі нават пра Беларусь, як пра эканамічнага "дракона". Зараз усё гэта лопаецца.

Што да беларускіх чыноўнікаў, то многія зь іх ня вераць у тое, што Расея сур'ёзна і прынцыпова мяняе свае адносіны да Беларусі. Яны кажуць, што сябраваць мы павінны заўсёды. І ад расейскіх чыноўнікаў мне даводзілася чуць, што ні аб якай беларускай незалежнасьці ад Расеі – эканамічнай, энэргетычнай, размова ісьці не павінна. Паводле іх павінна ісьці размова пра сумесную канкурэнцыю на сусьветных рынках.
XS
SM
MD
LG