Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Экс-дырэктара МТЗ Міхаіла Лявонава ўзялі «пад нагляд»


Міхаіл Лявонаў

Міхаіл Лявонаў

Паводле рашэньня Фрунзэнскага суду Менску, міліцыя будзе назіраць за былым дырэктарам МТЗ Міхаілам Лявонавым яшчэ цягам двух гадоў. Гэтая мера пакараньня не ўжывалася яшчэ ніколі супраць высокапастаўленых кіраўнікоў, асуджаных за хабарніцтва.

Былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў вызваліўся зь менскай калёніі раніцай 8 студзеня. А ўжо праз тры дні былога вязьня паставілі на ўлік у райаддзеле міліцыі на «прэвэнтыўны нагляд». Што гэта азначае? Міхаіл Лявонаў сказаў, што для яго яшчэ не ўсё зразумела:

— Мне самому трэба разабрацца. 6 студзеня мне ўручылі пастанову аб прэвэнтыўным наглядзе. Сёньня я зьезьдзіў у суд, там на мяне глядзяць, як на нейкага рэцыдывіста, і кажуць, што ўсё дакладна.

— Дык вы сталі на гэты прэвэнтыўны нагляд, ці не?

— Закон ставіць на прэвэнтыўны нагляд, ня я. Гэта робіцца паводле судовага рашэньня, гэта ёсьць дадатковым пакараньнем.

— А чым тлумачаць неабходнасьць гэтага прэвэнтыўнага нагляду?

— Ня ведаю, быццам бы я нейкі рэцыдывіст, які нібыта злосна парушаў дысцыпліну падчас адбыцьця пакараньня.

У Фрунзэнскім судзе Менску, які прымаў рашэньне аб прэвэнтыўным наглядзе за Міхаілам Лявонавым, спаслаліся на 80-ы артыкул Крымінальнага кодэксу. Паводле другой часткі гэтага артыкулу «прэвэнтыўны нагляд» усталёўваюць за асобай, асуджанай за цяжкае злачынства, калі ў час адбыцьця пакараньня яго паводзіны сьведчылі «пра ўпартае нежаданьне стаць на шлях выпраўленьня».

Ці былі ў Міхаіла Лявонава заўвагі і пакараньні за парушэньні турэмнай дысцыпліны падчас адбыцьця пакараньня? Былы вязень менскай калёніі Міхаіл Лявонаў сказаў, калі б у яго сапраўды былі парушэньні, «да яго б двойчы не ўжывалі амністыю».

Паводле закону асуджаны, які пастаўлены на «прэвэнтыўны нагляд», мусіць рэгулярна адзначацца ў міліцыі і фактычна знаходзіцца пад хатнім арыштам: у прыватнасьці, яму прадпісана быць дома пасьля 9 вечара, забаронена без інфармаваньня міліцыі пакідаць месца прапіскі, забаронена ўвечары наведваць месцы, дзе ўжываюць алькаголь.

Дагэтуль застаюцца фінансавыя прэтэнзіі да Міхаіла Лявонава. Ён мусіць сплаціць некалькі мільёнаў даляраў, якія паводле суду нібыта незаконна атрымаў падчас свайго дырэктарства ў МТЗ. Між тым сваёй віны былы дырэктар не прызнае і кампэнсаваць страты адмаўляецца. Паводле суду зь Міхаіла Лявонава будуць спаганяць гэтыя грошы, пакуль доўг ня скончыцца.

Міхаіл Лявонаў кажа, што яму яшчэ не паступала прапаноў наконт працы, прычым цягам бліжэйшых 7 гадоў ён пазбаўлены права займаць кіроўныя пасады.


Былы дырэктар МТЗ Міхаіл Лявонаў быў арыштаваны ў пачатку студзеня 2002 году і праз 11 месяцаў асуджаны да 10 гадоў за хабарніцтва ды іншыя злачынствы, віну ў якіх ён ніколі не прызнаваў. 2 гады з гэтага тэрміну зьнялі паводле амністый.

Сярод высокапастаўленых кіраўнікоў Лявонаў — адзіны, хто адсядзеў амаль ўвесь тэрмін пакараньня. Прыкладам, былая кіраўніца справамі Галіна Жураўкова была асуджана на 4 гады за хабарніцтва, але не адбыла з гэтага тэрміну ані дня за кратамі, і была памілавана Аляксандрам Лукашэнкам. Былы старшыня «Белнафтахіму» Аляксандр Бароўскі пасьля году зьняволеньня быў вызвалены і прызначаны генэральным дырэктарам аб’яднаньня «БелаўтаМАЗ».
XS
SM
MD
LG