Лінкі ўнівэрсальнага доступу

3 тысячы даляраў за аблітага Леніна


Наваградзкі суд пакараў сябра аргкамітэту дзеля стварэньня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Юрася Казака штрафам у 8 мільёнаў 750 тысяч рублёў за абліты фарбай помнік Леніну. Гэты помнік не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю і каштуе 447 тысяч рублёў.

Судзьдзя наваградзкага суду Валер Яцынкавіч пакараў Юрася Казака штрафам на суму, большую, чым тая, якую прасіў бок абвінавачаньня. Супрацоўнік пракуратуры прасіў не караць хлопца зьняволеньнем, а прысудзіць яму штраф у 225 базавых велічыняў (каля 8 мільёнаў рублёў).

Пракуратура кваліфікавала ўчынак Юрася Казака як злоснае хуліганства. 7 лістапада хлопец разам са сваімі сябрамі абліў помнік Леніну зялёнай фарбай.

На судзе выступіла дырэктарка наваградзкага краязнаўчага музэю і паведаміла, што помнік не зьяўляецца гісторыка-культурнай каштоўнасьцю, а сама плошча хутка будзе называцца ў гонар Адама Міцкевіча. Напярэдадні сьвяткаваньня 200-годзьдзя Міцкевіча помнік Леніну з плошчы прыбралі, а потым да дзяржаўнага сьвята 7 лістапада на пастамэнт паставілі тое, што ад яго засталося — галаву і верхнюю частку бюсту.

У судзе выступаў таксама гісторык Юры Бачышча. Ён зачытаў экспэртнае заключэньне навукоўцаў-гісторыкаў пра ролю «правадыра народаў» у гісторыі Беларусі.

Паводле даведкі райвыканкаму, помнік каштуе 447 000 рублёў (154 даляры).

Юрась Казак, у якога нядаўна нарадзілася дачка, лічыць прысуд — штраф амаль у 9 мільёнаў рублёў — зьдзекам зь сябе і сваёй сям’і. Ён палічыў, што за гэтыя грошы можна купіць 20 такіх помнікаў.

«Гэта занадта вялікія грошы, якія мне прысудзілі. У маёй сям’і на сёньняшні дзень такіх грошай няма. У мяне нарадзілася дачка, і для маладой сям’і гэта вельмі цяжка.

Яны ж парушаюць Кодэкс аб шлюбе і сям’і. Такая вось падтрымка.

Яны гэтую справу адразу хацелі зрабіць палітычнай. Хацелі яе правесьці ціха, але калі ўбачылі, колькі напісана ў інтэрнэце, то зразумелі, што памыліліся».

Сустаршыня аргкамітэту дзеля стварэньня БХД Аляксей Шэін быў на судзе і адтуль пракамэнтаваў прысуд:

«Помнік Леніну ёсьць зьдзекам з усіх людзей, з усіх беларусаў, якія загінулі ад рук камуністычнай сыстэмы і таталітарнай улады.

Лепшы помнік ахвярам — гэта адсутнасьць помнікаў іх катам. Мы ўсяляк падтрымліваем перакананьні Юрася Казака. Лічым прысуд зьдзекам з усіх ахвяраў і зьдзекам з маладой сям’і. Выплаціць такія грошы за такі кароткі тэрмін, прызначаны судом, — гэта нерэальна».

Юрась Казак паведаміў, што будзе абскарджваць прысуд. Ён не разьлічвае, што яго прызнаюць невінаватым, але спадзяецца, што зьменшаць суму штрафу.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG