Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бальшыня менскіх аўтацэнтраў так і не пачалі працаваць у новым годзе. Фірмы не рызыкуюць гандляваць нават пры наяўнасьці аўтамабіляў, бо мэханізм іх рэалізацыі дагэтуль не адпрацаваны.

Сталічныя аўтацэнтры ў ступары: Мытны саюз, які пачаў дзейнічаць ад 1 студзеня, фактычна спаралізаваў бізнэс. Абсалютная бальшыня гандлёвых пунктаў — у чаканьні афіцыйнага тлумачэньня зь Міністэрства падаткаў і збораў: па якіх усё ж коштах прадаваць новыя партыі аўто?

У аддзеле продажу Гандлёвага дому “Энэргія”, афіцыйнага дылера канцэрну “Мэрсэдэс Бэнц”, кажуць, што знаходзяцца ў рэжыме чаканьня:

“Пакуль ніякай пэўнасьці. На жаль, нічым ня можам патэнцыйных пакупнікоў парадаваць ці расчараваць. Адносна новага мыта ўвогуле ніякай яснасьці. Праўда, у нас ёсьць аўтамабілі, якія мы завезьлі яшчэ па старых пошлінах, зь імі больш-менш зразумела. Думаю, бліжэйшым часам яны будуць прадавацца. Кошт будзе крыху іншы, бо трэба падатак на дададзеную вартасьць памяняць”.

Аналягічная сытуацыя ў цэнтры продажу аўтамабіляў “Пэжо”. Супрацоўніца наракае, што пра нейкія пэрспэктывы казаць у такой сытуацыі складана:

“Нічога пакуль не прадаём, чакаем афіцыйнага адказу з падатковых структураў. Таму чакаем, але як хутка гэта здарыцца — ніхто нас па часе не арыентаваў”.

Мэнэджэр цэнтру “Фіят” таксама пацьвердзіў, што ўсе гандляры ў чаканьні: хто ж урэшце возьмецца “разруліць” заблытаную сытуацыю?

“Пакуль нічога не падпісана, яснасьці ня будзе. То бок, на гэты час пэўнасьці няма ніякай. У нас некалькі машынаў ёсьць, якія мы завезьлі яшчэ ў мінулым годзе. Але на новыя аўтамабілі, якія будуць пастаўляцца ў гэтым годзе, кошты яшчэ не вядомыя. Цана будзе фармавацца, зыходзячы з мытных пошлінаў, якія дагэтуль яшчэ канчаткова не зацьверджаныя. То бок няма яшчэ ніводнага падпісанага дакумэнта. А пакуль няма, мы дэкляраваць нейкія кошты ня можам фізычна нікому. Таму чакаем. Бо мы тут займаем пазыцыю самую апошнюю — як давядуць, як вырашаць на дзяржаўным узроўні, так мы і будзем дзейнічаць. Насамрэч гэтая няпэўнасьць яшчэ больш перашкаджае, чым высокія пошліны. Таму што ўласна мыта шмат каго і не пужае, а вось неакрэсьленасьць пэрспэктываў — гэта ўжо іншая справа”.

У аўтасалёне “Мазда” мэнэджэры збольшага ўпрыгожваюць інтэр’ер. На продаж машынаў няма. Калі можна будзе парадаваць пакупнікоў — невядома. Прадстаўніца кампаніі Эла Шляга тлумачыць сытуацыю:

“Пакуль што ніякіх указаньняў афіцыйна даведзена не было, таму бухгальтэрыя чакае афіцыйных тлумачэньняў зь Міністэрства падаткаў і збораў. Асноўная праблема ў тым, што не да канца зразумела, як вылічваць падатак на дададзеную вартасьць — з валавога прыбытку ці з выручкі? А гэта ўсё мяняе, бо калі з выручкі, то тады машына будзе даражэйшая, чым у Расеі. Мы пралічвалі сярэдні варыянт, запатрабаваны па нашых мадэлях “Мазды”, дык 2-літровы аўтамат атрымліваецца даражэйшы на 6—7 тысяч, чым у Расеі. А гэта, натуральна, перакос.”

У адным з найбольшых у Менску аўтамабільных салёнаў “Фольксваген” на вуліцы Шаранговіча на паказ выстаўленыя некалькі аўтамабіляў, якія чакаюць лепшых часоў, каб трапіць да новых гаспадароў. Калі гэтыя часы надыдуць — адказу таксама няма.



Паказальна, што ў Міністэрстве падаткаў і збораў пазыцыю гандляроў называюць неадэкватнай. Прадстаўнік ведамства Сяргей Шкут кажа, што ніякага афіцыйнага тлумачэньня наконт нейкіх правілаў гандлю міністэрства даваць не зьбіраецца:
Вісіць прэс-рэліз, у якім усё напісана ...

“Якога тлумачэньня яны чакаюць? Закон мае наўпроставую сілу, што яшчэ за ўдакладненьні ім патрэбныя? Што за прыдумляньні? Разгортваем закон, чытаем, ужываем. Тут нічога такога не напісана, каб было незразумела. Усё дакладна напісана. Проста незразумела, зь якой мэтай яны гэта робяць... А што тычыцца вылічэньня падатку на даданую вартасьць, то на нашым сайце ёсьць уся інфармацыя. Вісіць прэс-рэліз, у якім усё напісана”.

У сваю чаргу, у Дзяржаўным мытным камітэце не валодаюць інфармацыяй адносна мэханізму вылічэньня мыта на новыя аўтамабілі.
XS
SM
MD
LG