Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Актывіста, які з 9-га студзеня быў у ізалятары часовага ўтрыманьня, прывезьлі ў Чыгуначны райсуд Віцебску а 8.30, а не а 10-й, як меркавалася. На думку ягоных сваякоў і аднадумцаў, гэта было зроблена адмыслова.

Тараса Сургана, якога неаднаразова затрымлівалі за акцыі зь бел-чырвона-белымі сьцягамі, цяпер вінавацяць у хуліганстве — нецэнзурнай лаянцы. Ён не прызнае сябе вінаватым і заявіў, што будзе замаўляць адваката.

Сьпярша пасяджэньне было перанесена на 22-га студзеня, аднак з будынка суду Тараса Сургана міліцыянты не адпусьцілі: яго завезьлі ў Чыгуначны РАУС. Там яму ўручылі позву ў суд ужо на 15-га студзеня.

Віцебскія актывісты, якія прыйшлі падтрымаць Тараса Сургана ў судзе, каля гадзіны чакалі яго каля пастарунка — яны непакоіліся, што зь якой-небудзь прычыны яго ізноў затрымаюць. Падставы непакоіцца былі: са службовых машын за падзеямі назіралі супрацоўнікі міліцыі, АМАПу і асабіста падпалкоўнік Ігар Скарыновіч, начальнік міліцыі грамадзкай бясьпекі ўправы МУС Віцебскага аблвыканкаму.

На думку Тараса Сургана, такія захады бясьпекі зьвязаныя з тым, што міліцыя занепакоеная верагоднасьцю акцый у падтрымку Сяргея Каваленкі, які 7-га студзеня вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на галоўнай гарадзкой ёлцы на плошчы Перамогі. Спадар Сурган кажа, што яго таксама дапытвалі не пра лаянку матам, у чым яго вінавацяць, а пра справы Каваленкі: як ён рыхтаваў акцыю зь бел-чырвона-белым сьцягам, дзе браў сьцягі і ці былі ў яго паплечнікі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG