Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менск хоча падвысіць кошты за транзыт электрычнасьці


11 студзеня павінны аднавіцца перамовы паміж Масквой і Менскам наконт транзыту расейскай электраэнэргіі празь беларускую тэрыторыю ў Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі. Гэтыя рэгіёны могуць застацца без транзытнай электрычнасьці.

Расейцы не ўзгаднілі зь беларускім бокам умовы транзыту электраэнэргіі на 2010 год. Галоўнае на перамовах – цана транзыту. Афіцыйны Менск настойвае, каб Масква больш плаціла за электрычную энэргію, якая празь Беларусь ідзе ў краіны Балтыі ды Калінінградзкі рэгіён.

У Маскве цьвердзяць: Менск спачатку прапанаваў падвысіць цану транзыту амаль у 2,5 разы, а адразу пасьля Новага году – яшчэ на столькі ж. Экспэрты тлумачаць такое вялікае падвышэньне жаданьнем Беларусі скарыстаць зручны момант і падзарабіць дадатковыя грошы. Выгоднай для Менску стала сытуацыя з закрыцьцём ад 1 студзеня 2010 г. Ігналінскай атамнай станцыі. Цяпер краіны Балтыі, найперш Літва, адчуваюць дэфіцыт энэргіі.

Кіраўнік навукова-дасьледчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук лічыць такія захады афіцыйнага Менску звычайнай зьявай для перамоваў – там, маўляў, заўжды ідзе гандаль:

“Калі бакі пагодзяцца на нейкую іншую транзытную стаўку, то тады гэта і будзе адпаведны для іх інтарэс”.

Экспэрты адзначаюць: пакуль маленькую перамогу трэба лічыць за расейцамі. Беларусы так і не прымусілі іх пачаць перамовы раней, да заканчэньня сьвяточных вакацыяў, хаця на гэтым і настойвалі. Як і не спынілі перадачу электраэнэргіі ў Калінінградзкую вобласьць і краіны Балтыі.

Экспэрт Валянцін Мацкевіч кажа: магчыма, затрымка адбылася таму, што бакі спадзяваліся вырашыць гэта пытаньне ў рамках Мытнага саюзу Беларусі, Расеі і Казахстану. Аднак энэргетычныя праблемы, як адзначаюць у Маскве, пакуль застаюцца па-за межамі гэтага пагадненьня. Спадар Мацкевіч у сувязі з гэтым адзначае:

“Гэта пункт гледжаньня Расеі. Але як гэта можа быць? Калі паглядзець на ўвесь таваразварот Беларусі і Расеі, то энэргарэсурсы складаюць там вельмі значную долю. Таму як гэта можна вывесьці за рамкі пагадненьня такую частку? Атрымліваецца, што мытны саюз – нейкая зусім слабенькая справа, сапраўды нейкая Фількіна грамата”.

У Літве ў такой сытуацыі гатовыя скарыстаць унутраныя рэсурсы. Міністар энэргетыкі краіны Арвідас Сямкомас гаворыць: Літва зможа забясьпечыць сябе уласнай электраэнэргіяй зь цеплаэлектрастанцыі. Але яна будзе даражэйшая.

Ці можа патрабаваньне Беларусі падвысіць цану транзыту энэргіі адбіцца на яе дачыненьнях з Літвою? Дацэнт Інстытуту міжнародных дачыненьняў і палітычных навук Віленскага унівэрсытэту Томас Янялюнас разважае:

“Я думаю, у Літве разумеюць, што, найперш, гэта пытаньне двухбаковых дачыненьняў Расеі і Беларусі. І таму трэба дачакацца, чым усё гэта завершыцца. Я ня думаю, што гэтая сытуацыя нэгатыўна паўплывае на стаўленьне Літвы да ўдзелу Беларусі ў праграме “Ўсходняе партнэрства”. Можа, хутчэй, яшчэ больш будуць уздымацца пытаньні пра тое, што трэба паскараць беларускую незалежнасьць у энэргетычным пляне”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG