Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вянок памяці: ксёндз Ёзас Булька



9 студзеня пайшоў з жыцьця ксёндз-пралат Ёзас Булька, які цягам амаль 20-ці гадоў служыў ў мосарскай парафіі Віцебскай дыяцэзіі. 27 сьнежня мінулага года сьвятару споўнілася 84 гады.

Зямное жыцьцё ксяндза Ёзаса завяршылася ў менскім шпіталі: яму зрабілі дзьве апэрацыі на сэрцы пасьля таго, як 10-га лістапада ён трапіў у рэанімацыйнае аддзяленьне раённага шпіталю ў Глыбокім з дыягназам «ачаговы інфаркт міякарду». Пасьля другой апэрацыі, зробленай 7 студзеня, ягонае сэрца спынілася, нягледзячы на намаганьні лекараў.

Вяскоўцы з Мосара, што на Глыбоччыне, адведвалі свайго ксяндза ў Менску. Яны кажуць, што Ёзас Булька зьбіраўся вярнуцца дахаты і пасадзіць у гонар менскіх лекараў два дрэвы, вярбу і дуб. Дрэвы ён хацеў пасадзіць у тым самым дэндрапарку каля касьцёла сьвятой Ганны, які стаў вядомым на ўсю Беларусь турыстычным аб’ектам, які часам называюць «беларускім Вэрсалем».

Жыхарка Мосара спадарыня Ганна кажа, што ў ксяндза Ёзаса быў сапраўдны талент ляндшафтнага дызайнэра, прычым і сам ён ніколі не цураўся фізычнай працы — уласнаручна садзіў дрэвы і кветкі:

«Трэба ж разумець, дзе які камень паставіць і дзе якую кветку пасадзіць, каб усё гэта прыгожа глядзелася. Цяпер усё гэта трэба падтрымліваць. Але я ня ведаю, хто цяпер тут будзе кіраваць, і што думаюць улады тутэйшыя. У яго было шмат плянаў, ён імкнуўся ўсё зрабіць. Дужа яго шкада нам, плачам нават. І я не магу нават гаварыць...»

Спадарыня Ганна згадала, што высілкамі ксяндза Ёзаса на тэрыторыі Ўдзельскага сельсавету ўжо два гады як абвешчана «зона цьвярозасьці» — у тутэйшых крамах не прадаюць алькагольныя напоі. А самагонныя апараты вяскоўцы паздавалі ў музэй цьвярозасьці, створаны ксяндзом Булькам пры касьцёле. Ён сам распавядаў, што рашэньне змагацца з п’янствам прыняў яшчэ ў 12-гадовым узросьце. Тры гады таму ён заклаў у парку адмысловую Алею цьвярозасьці, дзе дрэвы садзілі тыя, хто здолеў разьвітацца з заганнай звычкай. А тыя, хто толькі меркаваў гэта зрабіць, прыяжджалі да сьвятара на асабістыя сустрэчы і гутаркі, спадзеючыся на Боскі цуд. Нездарма ксёндз Ёзас цягам апошніх гадоў стаўся ці ня самым вядомым на Беларусі змагаром за здаровы лад жыцьця.

Сьвятаром Ёзас Вінцэнтавіч Булька стаў толькі ў 60 гадоў. Ён нарадзіўся й большую частку свайго жыцьця пражыў у былой Літоўскай ССР, працаваў у Вільні на заводзе электралічыльнікаў. І няшмат хто ведае, што на добраўпарадкаваньне касьцёла ў Мосары ён аддаў усе ўласныя грошы, прадаўшы віленскую кватэру і дадаўшы тое, што ашчаджаў на жыцьцё.

Ксёндз-канцлер Віцебскай дыяцэзіі Раман Мурзіч, які таксама нарадзіўся ў Мосары, быў падлеткам, калі ў парафіі зьявіўся новы ксёндз:

«Мне было 14 гадоў, калі ксёндз-пралат прыехаў працаваць у нашу парафію — якраз у кастрычніку. А ўвесну ўжо пачаліся працы, бо дагэтуль каля касьцёла было проста балота, там пасьвіліся куры ды авечкі. І яшчэ трэба падкрэсьліць, што ксёндз-пралат распачаў працу ў іншых касьцёлах — адчыніў касьцёл у Шаркоўшчыне, у Варапаеве, перабудаваў капліцу ў Савутках і касьцёл у Ўдзеле — і касьцёл, і ўсю прыгажосьць каля касьцёлу зрабіў таксама ён».

Ксёндз-канцлер гаворыць, што памяць пра зьдзяйсьненьні ксяндза Булькі назаўжды застанецца на Віцебшчыне: у вёсцы Парыж Пастаўскага раёну дзякуючы яму зьявіліся Эйфэлева вежа з каталіцкім крыжам на версе і мясцовы каталіцкі музэй, а каля касьцёла ў Мосары быў узьведзены першы ў Беларусі помнік Яну Паўлу ІІ.

Ксёндз Раман кажа, што стан здароўя Ёзаса Булькі мог пагоршыцца пасьля леташняга буйнога палітычнага скандалу — калі ў сродках масавай інфармацыі зьявіліся зьвесткі пра ягонае супрацоўніцтва з камуністычнымі спэцслужбамі ў Літве, дзе ён жыў і працаваў да таго, як стаць сьвятаром. Ксёндз Раман у гэта верыць адмаўляецца і лічыць, што толькі дзякуючы ўплыву ксяндза Булькі ён знайшоў уласны шлях у жыцьці. Сам ксёндз Ёзас таксама неаднаразова падкрэсьліваў, што галоўным сваім жыцьцёвым дасягненьнем лічыць выхаваньне добрых наступнікаў — каля дваццаці беларускіх хлопцаў высьвеціліся на ксяндзоў пад ягоным уплывам.

Сярод сьвятароў ксёндз Ёзас заўжды карыстаўся аўтарытэтам. І на ягоным пахаваньні 11 студзеня будзе служыць ксёндз-кардынал Казімір Сьвёнтак, а казаньне скажа ксёндз-арцыбіскуп, мітрапаліт Менска-Магілеўскі Тадэвуш Кандрусевіч. Пахаваюць ксяндза Ёзаса каля касьцёла сьвятой Ганны ў Мосары.
XS
SM
MD
LG