Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ніхто з актывістаў апазыцыі, якіх гвалтам узялі ў войска, ня змог сустрэць Каляды зь сям’ёй. Некаторыя зь іх стаялі на страявым пляцы, некаторыя ляжалі ў лязарэце, іншым камандзіры наладзілі «ідэалягічную экзэкуцыю».

Маці актывіста Маладога фронту Андруся Цянюты з Гомелю паведаміла «Свабодзе», што яе сын зноў захварэў у войску:

Андрусь Цянюта
«Сын захварэў і ляжыць у санітарнай частцы. Паведаміў, што вельмі высокая тэмпэратура. Мы зь ім пагаварылі і дамовіліся, што я прыеду на наступным тыдні. Відавочна, што ў сына бранхіт».

Па словах маці, цяпер у Андруся могуць быць справакаваныя і іншыя хваробы. Юнака забралі ў войска насуперак рэкамэндацыям лекараў. Служыць Андрусь Цянюта ў 103-й мабільнай брыгадзе у Віцебску.

Ня самае радаснае ўражаньне ад Калядаў і ў паплечніка Цянюты па Маладым фронце, а цяпер таксама салдата Зьмітра Хведарука:

Зьміцер Хведарук
«Ну вось учора паводле старога календара праваслаўныя сьвяткавалі Каляды. Замест таго каб вернікі гэтай канфэсіі адзначалі сьвята, іх 40 хвілінаў трымалі на двары. У завею нас муштравалі, змушалі крычаць: „Вітаем вас, спадар падпалкоўнік!“

Увогуле, дзень быў даволі пусты. Нічога, што б нагадвала чалавеку пра сутнасьць сьвята Божага нараджэньня, не адбывалася. Ніхто таксама не тлумачыў, чаму менавіта ў гэты дзень праваслаўныя адзначаюць гэтае сьвята».

У студзені мінулага году Зьмітра Хведарука прымусам забралі ў войска. Служыць ён у вайсковай частцы ў Жодзіне.

Яўген Скрабец
Пра занятак салдата-апазыцыянэра Яўгена Скрабца ў вайсковай частцы ў Жлобіне мы гутарылі зь яго маці Ірынай Скрабец. Яна кажа, што камандзіры абяцалі сыну два дні адпачынку за ўдалы выступ у армейскай самадзейнасьці на аглядзе ў Менску.

«Ён удала выступіў. Яго запэўнілі, што атрымае за гэта адпачынак на 2 дні. Ён сказаў, што зьезьдзіць на гэты час у Менск. Я папярэдзіла: „Жэня, дарэмна не спадзявайся, не дадуць“. І, канечне, не дадуць, бо ён жа чытаў прысягу на беларускай мове.

Сыну дазваляюць толькі коратка размаўляць па тэлефоне. Кажа, што ўсё ў яго нармальна».

Яўген Скрабец — актывіст берасьцейскага Маладога фронту. Служыць цяпер у Жлобіне.

Франак Вячорка
Паводле інфармацыі палітыка Вінцука Вячоркі, ягоны сын Франак патрапіў пад так званае «грамадзкае асуджэньне» ў вайсковай частцы ў Мазыры. Яго абвінавацілі ў распаўсюджваньні інфармацыі пра захворваньне салдатаў на каросту, у сувязі з чым ніводзін салдат не атрымае адпачынку да красавіка.

Вінцук Вячорка: «Вельмі характэрна, што якраз у Сьвяты вечар, які павінен навейваць атмасфэру супакаеньня і дараваньня, палітычныя афіцэры не знайшлі нічога лепшага, як учыніць вось такую палітычную экзэкуцыю над адным з жаўнераў, спрабуючы ў гэта ўцягнуць і іншых».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG