Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская дэлегацыя на чале зь першым віцэ-прэм’ерам Уладзімерам Сямашкам сёньня накіроўваецца ў Маскву для падаўжэньня перамоваў аб умовах пастаўкі нафты ў Беларусь у 2010 годзе. Раней у беларускім урадзе казалі, што Сямашка выедзе ў Маскву для падпісаньня дакумэнтаў ў выпадку дасягненьня паразуменьня па нафтавай праблеме.

Паводле прэсавага сакратара беларускага ўраду Аляксандра Цімашэнкі, дэлегацыя накіроўваецца ў Маскву на запрашэньне віцэ-прэм’ера Расеі Ігара Сечына.

«Чакаецца, што чарговы раўнд перамоваў адбудзецца 9-га студзеня, ва ўрадзе Расейскай Фэдэрацыі. Беларуская дэлегацыя, у склад якой уваходзяць прадстаўнікі шэрагу профільных беларускіх міністэрстваў і ведамстваў, надзелена ўсімі неабходнымі паўнамоцтвамі для правядзеньня перамоваў і падпісаньня адпаведных дакумэнтаў. Пры гэтым пазыцыя беларускага боку па-ранейшаму грунтуецца на неабходнасьці дасягненьня ўзаемапрымальных дамоўленасьцяў у рамках дзейнай прававой базы беларуска-расейскіх стасункаў».

Нагадаем, пасьля чарговага раўнду перамоваў 7 студзеня беларуская дэлегацыя ў складзе намесьніка міністра эканомікі Анатоля Філонава і кіраўніка канцэрну «Белнафтахім» Валера Казакевіча вярнулася ў Менск для кансультацый. Паводле афіцыйных крыніцаў, бакам не ўдалося істотна зблізіць пазыцыі. Хаця падчас перамоваў прадстаўнікі афіцыйнага Менску прапаноўвалі аргумэнтаваныя кампрамісныя варыянты па ўсіх пунктах. Маўляў, расейскі бок, відавочна, ня быў гатовы прыняць нейкія прынцыповыя рашэньні і кіраваўся выключна атрыманымі ўказаньнямі.

Раней расейскі бок заяўляў, што ў выпадку непадпісаньня пагадненьня ад 1 студзеня Беларусі давядзецца аплочваць 100% мыта пры пастаўках расейскай нафты. Афіцыйны Менск настойвае на падаўжэньні льготнага рэжыму. Пасьля няўдалых перамоваў расейскі бок заявіў пра вяртаньне на перамоўныя пазыцыі пачатку году.

Канстацін Затулін
Дэпутат расейскай Дзярждумы Канстанцін Затулін адзначыў, што Аляксандар Лукашэнка падпісаў дамовы пра Мытны саюз. Таму нафтавы канфлікт не зьвязаны «з канстытуаваньнем Мытнага саюзу».

«Праблемы ў беларуска-расейскіх дачыненьнях у сфэры энэрганосьбітаў застаюцца ранейшымі. Гэта жаданьне Беларусі атрымліваць энэрганосьбіты па нярынкавых цэнах і жаданьне Расеі паступова перарадзіць нашу дружбу ня ў плошчу зьніжак на газ і нафту, а ў плошчу чалавечых узаемаадносінаў. У якой меры мы ў гэтым можам знайсьці разуменьне беларускага боку, на нашых вачах робіцца ясным. Я ня памятаю, каб нам зь Беларусі нешта пастаўлялі па нейкіх іншых, чым каму-небудзь, цэнах. Прапанова Сечына, зробленая яшчэ да Новага году, вядомая. І цяпер ідзе працэс пошуку кампрамісу».

Леанід Злотнікаў
Паводле беларускага эканаміста Леаніда Злотнікава, кошт пытаньня — 2,5-3 мільярды даляраў. Беларускі бок настойвае, каб не было мыта і грошы паступалі ў беларускі бюджэт.

«Але ж Расея страчвае гэтыя мільярды даляраў, калі яны пойдуць толькі ў беларускі бюджэт. Расея магла б гэтыя дадатковыя 18-20 мільёнаў тон нафты прадаваць наўпрост у іншыя краіны, абмінаючы Беларусь, і класьці ў свой бюджэт гэтае мыта. Вось у які бюджэт пойдзе гэта мыта — і ідзе гэтая дзяльба. Больш будзе Беларусі — меней Расеі. Альбо наадварот. Як яны гэта падзеляць, гэта больш залежыць ад палітычных умоваў, чым ад эканомікі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG