Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя аднаго цуду: Гэнік Лойка


Гэнік Лойка. Аўтар: Арцём Канцавы

Гэнік Лойка. Аўтар: Арцём Канцавы

Гэтая гісторыя пачалася на Каляды напрыканцы 1980-га, трыццаць гадоў назад. Так безнадзейна пуста было на Цэнтральнай плошчы ў Менску, так халодна й цёмна, што раптоўны натоўп калядоўнікаў, які ўваліўся ў гэтую халодную цёмную пустату, выглядаў ці то дурным жартам, бо тады не жартавалі, ці то збоем у адзінстве часу й месца, ці то праўдзівым цудам. Беларуская ідэя, якую доўгія дзесяцігодзьдзі сапраўдныя патрыёты захоўвалі й сьпелілі ў падпольлі ды ва ўласнай душы, вырвалася на прастору жыцьця, каб захопліваць усё новых прыхільнікаў, аж пакуль іх не набярэцца досыць, каб у Беларусі сталася Беларусь.






Магчыма, гэта была маленькая рэвалюцыя, бо датуль нічога падобнага не здаралася. Але ў той рэвалюцыі не было ані наўпроставага пратэсту, ані супрацьстаяньня, ані разбурэньня. Было менавіта нараджэньне — станоўчае, заўзятае і не зусім усьвядомленае. Бо студэнты зь Беларускай Майстроўні, што выйшлі на Цэнтральную плошчу ў Менску, і не маглі да канца ўсьведамляць, ува што ўрэшце выльецца іхны чын. Эўфарыя перапаўняла іх сэрцы. І ўлады нічога не маглі супрацьпаставіць гэтай у прынцыпе сьцьвярджальнай, але цалкам беспрэцэдэнтнай зьяве.

Магчыма, гэта была кандэнсацыя высілкаў папярэдніх пакаленьняў, калі зь іх мрояў, пакут і працы скандэнсавалася першая кропля, што зараз ператворыцца ў ручаіну, а ўрэшце — у паўнаводную раку. Падпольнае існаваньне нацыянальнай ідэі — фрагмэнтарнае, асяродкі ўзьнікаюць і зьнікаюць, нараджаюцца і занепадаюць або зьнішчаюцца ўладамі. А варта ідэі выйсьці з падпольля, як яна пачынае авалодваць масамі і ператвараецца ў матэрыяльную сілу.

Так ці інакш, Майстроўня стала першай грамадзкай арганізацыяй, а беларушчына разам з Майстроўняй — грамадзкай зьявай, ужо не элітарнай і не дысыдэнцкай, а адкрытай для ўсіх «людзей з вуліцы».

Гэтую гісторыю я хацеў назваць апокрыфам. Але ж і кананічнага расповеду пра той цуд на Каляды не існуе. Ніякай афіцыйнай вэрсіі папросту няма. Як няма ў нас увогуле афіцыйнай вэрсіі нараджэньня новае незалежнае Беларусі, быццам і насамрэч яна ўпала аднекуль зь неба. Быццам датуль ніхто пра яе ня мроіў, ніхто яе не набліжаў, ніхто не прысьвяціў ёй свайго жыцьця, а ўсё адбылося неяк само сабой, амаль выпадкова, «у выніку распаду СССР».


Што вы рабілі напачатку 1980-х?


Сапраўды, для многіх яно так і выглядае. І сярод гэтых многіх — сёньняшнія кіраўнікі Беларусі. А спытайцеся ў іх — што яны рабілі тады, напачатку 1980-х, калі ніякай незалежнай і самабытнай краіны яшчэ не было? Ці марылі яны пра яе, ці нешта рабілі для таго, каб яна такой стала, ці спрыялі тым, хто набліжаў яе нараджэньне? У большасьці выпадкаў адказ будзе — не. Як правіла, усё магчымае рабілі наадварот, каб яе не было. І толькі пасьля, калі гісторыя павярнулася іначай, ухапілі яе, пачалі славіць і самабытнасьць яе, і незалежнасьць, так і не зразумеўшы толкам, што гэта чыясьці мроеная і ўсяго жыцьця вартая Бацькаўшчына, а ня проста «кусок зямлі».

Зрэшты, у новай сэрыі перадач «Вострая Брама» няма задачы некага папракаць ці з кімсьці змагацца. Задача большая — сабраць сьведчаньні. Зразумела, што аўтарытарная сыстэма паралізуе волю людзей да ўдзелу ў тварэньні гісторыі. Але самая вялікая небясьпека для краіны і нацыі — менавіта ў адсутнасьці гісторыі, заплечча, агульнага разуменьня таго, адкуль мы прыйшлі, адкуль наша незалежнасьць і адкуль узяўся гэты самы аўтарытарызм.

Вось чаму я паклікаў вас у халодную цёмную пустату менскай Цэнтральнай плошчы на Каляды 1980 году, дзе адбыўся цуд — выхад беларускае ідэі з інтэлігенцкіх кабінэтаў і майстэрняў на вуліцу.
На Каляды 1980 году, дзе адбыўся цуд — выхад беларускае ідэі з інтэлігенцкіх кабінэтаў і майстэрняў на вуліцу.

Хто памятае, гэта быў беспрасьветны час брэжнеўскага застою. І нават самых заўзятых беларускіх патрыётаў не-не дый наведвала думка пра тое, што будучыні няма, настолькі ўсё схопленае цэмэнтам русіфікацыі, настолькі безаблічнае вакол насельніцтва і настолькі далёкае ад беларушчыны расьце маладое пакаленьне, што ўся надзея хіба што на цуд. Настрой быў як у Караткевіча ў рамане «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Роспач абуджала фантазію пісьменьніка. Роспач пустаты і адсутнасьці пераемнікаў. І чым цямнейшая была пустата, тым большая была роспач і тым буйнейшай была фантазія пра цуд і цудоўную перамену, пра збаўцу, ажно пра Хрыста, які прызямліўся ў Гародні:

«І ад жаху, голаду, сечаў і знакаў нябесных зразумела было: наступаюць апошнія часіны, сьмерць лютая людзтву і выміраньне. Тыя часіны, калі, можа, ня толькі на развод людзей не застанецца, але і аднаго, каб плакаць над трупамі. Тыя, калі застаецца толькі і спадзявацца, што на вышэйшы розум».


Майстроўня, якая ўзьнікла «з паветра»


Падобны настрой перажывалі тады многія творцы. І насуперак гэтаму працягвалі свой чын. Быццам думалі: што ж, калі толькі цуд можа зьмяніць сытуацыю, значыць трэба рабіць цуд. І з патроеным натхненьнем пісалі свае карціны й раманы. Акурат на пачатак 1980 году прыпадае неверагодная па тым часе мастацкая выстава да юбілею Міколы Гусоўскага, якую Аляксей Марачкін назваў пераломнай. А ў кастрычніку таго ж году загінуў у аўтакатастрофе Машэраў, што кіраваў савецкай рэспублікай 15 гадоў. Магчыма, і ў гэтым здарэньні быў нейкі знак перамен?

Тым сьнежным кастрычніцкім днём я даслужваў сваё савецкае войска і стаяў у ачапленьні вакол Дому ўраду, куды людзі цягнуліся да труны незразумелага куміра, і ніякіх пераменаў не прадчуваў. Тады мы й блізка не спадзяваліся на нейкія перамены, што адбудуцца аб’ектыўна й рацыянальна. А ўсякі спадзеў зьвязвалі толькі з сабою. Што, зрэшты, характэрна для юначае філязофіі ўвогуле.

Што ж, калі толькі цуд можа зьмяніць сытуацыю, значыць трэба рабіць цуд.
Такім чынам, у новай сэрыі «Вострае Брамы» гаворка пойдзе пра цуд нараджэньня, пра Беларускую Майстроўню, пра тое, што яна была такое, як узьнікла, нібыта з паветра, і як пасьля, быццам вусьце, падзялілася на мноства іншых ручаінаў і ўрэшце ператварылася ў цэлы нацыянальны рух.

За тры дзясяткі гадоў склалася традыцыя пачынаць расповеды пра яе так. Жылі-былі на філфаку БДУ студэнты Вінцук Вячорка і ягоныя сябры. І сустрэлі яны аднойчы Ларысу Сімаковіч, маладую кампазытарку, і пачалі сьпяваць абрадавыя песьні ў ейнай апрацоўцы. І з гэтымі песьнямі пайшлі на вуліцу. Да іх далучыліся студэнты-мастакі з Тэатральна-мастацкага інстытуту, а потым і зь іншых навучальных установаў прыходзіць сталі. Упершыню ў Беларусі на гарадзкі брук прыйшлі Каляды, Гуканьне Вясны, Купальле. І ладзіліся яны самахоць, без афіцыйнага кіраўніцтва. Паміж сьпевамі майстроўцы гралі народную драму «Цар Максімілян», а яшчэ лекцыі ўсякія арганізоўвалі па гісторыі і культуры, на раскопкі археалягічныя выбіраліся і проста ў вандроўкі па родным краі, а тады ў розных іншых установах пачалі выступаць, а тады па кватэрах сталі хадзіць і бацькоў агітаваць, каб аддавалі дзяцей у беларускія садкі ды школы... А пакуль яны ўсё гэта рабілі, стала іх ужо ня пяць-дзесяць чалавек, а пацьдзясят, а як на сьвяты дык і сотні зьбіраліся.

Усё ў гэтай гісторыі праўда. Але гісторыя была б няпоўнай, калі б мы не ўлічылі, што гэта была гісторыя нараджэньня цуду, а ня проста нейкай там суполкі ці арганізацыі. Дык вось. Рэч у тым, што Вінцук зь сябрамі стаў правадніком таго агульнага зрушэньня, якое ў той час няяўна адбывалася ў паветры і ў душах па ўсёй Беларусі. Акурат у пачатку 1980-х у розных гарадах зарадзілася ідэя сваіх майстроўняў, дзе таксама браліся за тое, каб выходзіць зь беларушчынай на вуліцы.




Першы герой


Інакш кажучы, калі б так склалася і не нарадзілася Майстроўня на філфаку, дык яна ўсё адно нарадзілася б у іншым месцы. І каб пацьвердзіць гэтую думку, пачну нашу гісторыю не з філфаку, а з мастакоўскага асяродку, дзе ўзьнікненьне маладзёвага руху сьвядома ці не зусім сьвядома, але рыхтавалася папярэднікамі.

Гэнік Лойка. Фота Арцёма Канцавога

Таму маім першым героем і першым сьведкам будзе Гэнік Лойка, сёньня ці ня самы арыгінальны сярод беларускіх скульптараў. Напэўна ж вы чулі пра ягоныя Легенды зь пяску, калі Гэнік «адкапваў» велізарныя постаці легендарных герояў беларускай гісторыі...

Для Гэніка Лойкі наша гісторыя пачалася ў мастацкай школе, у парнаце, афіцыйна — Рэспубліканскай школе-інтэрнаце па музыцы і выяўленчым мастацтве.

Гэнік Лойка: «Быў такі настаўнік Генадзь Сокалаў-Кубай. У нашай школе, у парнаце. Тры гады працаваў у нас у школе, пасьля яго турнулі. Перад ім быў цудоўны настаўнік мастацтвазнаўства Зеляной Кірыл Уладзімеравіч. Чалавек піцерскай школы. Увесь такі натхнёны, увесь гарыць гэтым мастацтвам... Пасьля на гэтую пасаду прыходзіць Сокалаў-Кубай. У яго і красамоўства няма, і слухаць цяжка... Вельмі непрыемнае ўражаньне ад яго. Але ён па вечарах прыходзіць, і яны з адзінаццатай клясай дзесьці ў куточку там зьбіраюцца і пра нешта там гавораць. А мы толькі ў дзявятай былі. Наступны год ён з наступнымі выпускнікамі так працуе і трэці год ужо з намі. Пачаў з таго, што на дошцы напісаў: якія асацыяцыі выклікаюць у вас вось гэтыя даты. Напішэце на паперцы. А мы... „Ну это что-то связано с Петром Первым...“ А там — нашы даты. Ён кажа: бачыце, вы нічога ня ведаеце. І пачалося. І ён з намі так працаваў, што калі з тых курсаў выйшла па два-тры чалавекі нацыяналістаў, дык у нас так даво-о-олі загаварылі па-беларуску».


Тайна Сокалава-Кубая


Генадзь Сокалаў-Кубай
Дубавец:
Важная дэталь, якая мае непасрэднае дачыненьне да цуду: са словаў Гэніка вынікае, што ні да іхнага курсу, ні пасьля, выхаваўчы ўплыў Сокалава-Кубая не даваў такога плёну, а зь ягоных урокаў не выходзілі такія заўзятыя абаронцы беларушчыны, прычым гэтак шмат.

Лойка: «Вось што цікава, Сокалаў-Кубай нас выпусьціў і ганарыўся тым, што столькі выпусьціў, ён так рады быў, столькі нацыяналістаў выйшла, асабліва з нашай клясы. Пасьля, як яго турнулі адсюль, ён у „кульку“ працаваў. Там ужо студэнты, дарослыя, здавалася б, можна сказаць такія рэчы, шчыра, сур’ёзна, глыбока, ажно не, у яго ўжо болей там не выходзіла. Пытаюся: ну як вы тут, можаце навучыць? Не, ужо не паддаюцца. Гэта нейкія такія хвалі ці што... Гэта быў такі час... Проста людзі нараджаюцца зь нейкай такой формай, у гэтую форму ўкладваецца нацыяналізм, і тады пайшло. А ў іншых можа такой
Проста людзі нараджаюцца зь нейкай такой формай, у гэтую форму ўкладваецца нацыяналізм, і тады пайшло. А ў іншых можа такой формы проста няма. І колькі ні ўкладвай, так і не загарацца.
формы проста няма. І колькі ні ўкладвай, так і не загарацца».

Дубавец: А як яшчэ, калі не праз форму скульптар растлумачыць тое, што робіцца ў сьвядомасьці чалавека... Між тым, на старэйшых выхаванцаў Сокалава-Кубая Гэнік пазіраў з зайздрасьцю, там была нейкая тайна.

Лойка: «Мы ўжо тады чулі, у гэтых хлопцах нешта асядае і яны ўжо пырскаюць сьлінаю, нешта даказваюць... І мы таксама так, ужо да нас дайшло, і мы на ўроку дырэктара, на гісторыі таксама нешта — пырсь-пырсь, аргумэнтаў няма, але нешта такое гаворым, нейкія эмоцыі. Ну тут дырэктар зразумеў, што нехта тут нешта варушыць, ваду муціць, знайшоў і турнуў гэтага чалавека. Але мы ўжо навучыліся. Мы ведалі кожную харугву, што былі ў Грунвальдзкай бітве. Вось гэта была наша кляса. Ня ўсе сталі нацыяналістамі, але шмат выйшла з нас. Тое, што я загаварыў па-беларуску, гэта натуральна, я зь вёскі. Костка Алесь, гарадзкі хлопец, але з рабочага раёну, з Чыжоўкі. Дзіўна, што перайшоў на гэта Кныш Сяргей. Ён у «Бондзе» пасьля граў. Ён мянчук і такі інтэлігент увесь... І таму ў «Бондзе» ён пісаў тэксты... Коршун Сяргей. У нашай клясе гэта быў самы дужы хлопец і самы аўтарытэтны. Радзівонаў Андрэй перайшоў. Медзьвядзёў, гэта таксама хлопец зь вёскі. І дзяўчаты таксама. Вось мая жонка, Алена Каравай, Калі ў нас быў апошні іспыт па беларускай літаратуры, мы вырашылі — давай будзем гаварыць па-беларуску і сталі гаварыць па-беларуску.

Іспыт быў ажно ў жніўні, таму цэлае лета ў нас было на падрыхтоўку. І за гэты час Сокалаў-Кубай нас завёз у Вільню. Паехала і Галька Кунцэвіч, Яўген Валасевіч таксама. Тацяна Храмянкова, гэта Козік каторая. Рыта Рыбачок набралася нацыяналізму ў Львове. Сокалаў-Кубай сказаў, што трэба нашым, хто паступіў у іншыя гарады, у Львоў, напрыклад, пасылаць літаратуру, у Маскву, там Слуцкая вучылася, і Безбародава. Безбародава цалкам руская, яна так і засталася ў Арэнбургу. Але яна прыхільна ставілася да нашых ідэяў.

Калі нас Кірыл Уладзімеравіч Зеляной вазіў у Кіеў, Маскву і Піцер, дык Сокалаў-Кубай нас павёз у Вільню. Летам мы паехалі туды. Было сьвята песьні. Мы зьвярнуліся ў саюз мастакоў. Нас адразу гасьцінна нас прынялі, пасялілі, нейкага Кузьменку знайшлі, беларускага мастака. Карацей мы так ходзім на гэта сьвята. І Сокалаў-Кубай кажа: зараз вас пазнаёмлю, тут ёсьць студэнты, таксама прыехалі зь Беларусі. Гэтага студэнта завуць Вінцук Вячорка. А для мяне Вінцук проста як званочак зьвініць, такое прыгожае імя. Я пасьля пытаюся ў мамы: «А ці ведаеце вы такое імя Вінцук, ці было такое ў нашай мясцовасьці?» «Ой, гэта такі задрыпаны дзед вунь там на хутары жыў, такое імя гадкае!»... Карацей, пазнаёміў нас з гэтым хлопцам, ён якраз з жонкаю быў, з Арынай.

І вось памятаю, стаялі на мосьце... Купава, мусіць, там быў... А я сабе Пагоню такую наляпіў на майку, чырвоную Пагоню на белую майку. А мне ўжо кажуць — ня трэба гэтага паказваць. Але я ўжо ведаў пра Пагоню і сам з Пагоняй ішоў.

Бюст Генадзя Сокалава-Кубая, Аўтар: Гэнік Лойка.


Давайце нешта рабіць!


Паступілі мы ў інстытут. Пасьпяхова. І на бульбе падыходзіць Ігар Марачкін (а на бульбе ўжо чуваць, дзе мова, хто гаворыць), падышоў і сказаў, што трэба неяк зьбірацца ўсім нам, трымацца адным кулаком. Потым ужо ўвосень, калі прыехалі вучыцца, ён кажа, трэба сабрацца, усе нашы зьбяруцца. Добра. І сабраліся студэнты. Цяпер як падумаеш, гэта неверагодна, каб сабраліся студэнты дзеля нейкай ідэі... Гэта ж ня піва піць. Але сабраліся ў майстэрні ў графікаў на пятым паверсе. Гена Мацур сядзіць, ён так роўненька акуратна гаворыць, Сяргей Цімохаў, Рыгор Сітніца. Мацур і Цімохаў на курс старэйшыя за нас, Сітніца яшчэ старэйшы. Рыгор Панцялееў, гэта першы выпускнік Сокалава-Кубая. Пазьбіраліся і кажуць, што нам трэба нешта рабіць. Мацур так акуратна гаворыць, з паперкай, там нейкія плянчыкі. А я — першы курс... Гэта ж трапляеш у дарослае жыцьцё!.. Давайце будзем газэту рабіць. Давайце зьбярэмся праз тыдзень зноў. Праз тыдзень зьбіраемся. Да нас прыйшлі госьці. Вінцук Вячорка і яшчэ нейкі такі высокі хлопец, гэта Сяргей Запрудзкі. Ну я Вячорку ўжо ведаю. Мы вырашылі рабіць насьценгазэту, а Вінцук кажа: давайце разам нешта рабіць. У нас на філфаку нешта ёсьць. Давайце рабіць сьпеўкі. Будзем Каляды сьпяваць, народныя песьні адраджаць. Прыходзьце на філфак. Прыходзім. Заходзім у гэтую аўдыторыю, гляджу, а там стаіць Ларыса Сімаковіч. Дык яна ж вучылася ў нас! Знаёмыя людзі. А там нейкі патлаты з жоўтымі валасамі, Сокалаў-Воюш, у кажуху сядзіць. Селі, Ларыса кажа, давайце сьпяваць. Карацей, выцягнула з нас гэтыя першыя ноткі і панеслася далей, і пакацілася. Вось так гэта было ў 1980-м годзе, зіма ўжо была блізка. Атрымліваецца, што гэта былі першыя сьпеўкі".

Дубавец: І гэта быў самы-самы пачатак таго нефармальнага маладзёвага руху, які потым разрасьцецца ў многія суполкі па ўсёй краіне. Пройдзе яшчэ некалькі гадоў і яны ўтвораць Канфэдэрацыю, а пасьля ў адзін момант стануць групамі падтрымкі БНФ, гэта значыць уварвуцца ў палітычнае жыцьцё Беларусі. Але ў той дзень, пра які гаворка, адбылося нешта беспрэцэдэнтнае. І таму, відаць, магчымае. Бо як да гэтага ставіцца, яшчэ ня ведалі ні ідэалягічныя, ні адміністрацыйныя, ні рэпрэсіўныя органы. Студэнты сабраліся сьпяваць...

Лойка: «Там былі на філфаку тры Сяргеі, адзін Вінцук.Адчувалася, што вакол іх зьбіраюцца іхныя аднакурсьнікі: Ірына Крук, Алена, Вераніка, гэта ўсё філфак. Пасьля Дубавец прыцягнуў Віялету Ефіменку, за ёй напэўна Сапач пацягнулася, там Суша нейкі зьявіўся. Карацей, так вось набіраліся.


Як паўставала Майстроўня


Калі цяпер глянуць, дык сапраўды дзіўна — як гэта студэнты самі сабраліся, самі сарганізаваліся і дарослага няма нікога. Хаця Люся Капітула мне казала: ты глядзі, вамі кіруюць, будзь асьцярожны! Хто кіруе? Недзе ёсьць мастакі, Марачкін, Купава, я ведаю пра гэтых мастакоў. Яны запрашаюць нас паўдзельнічаць у выставах... Але як гэта «кіруюць»? Мы самі тут кіруемся. Яна кажа: ты не разумееш, ты ведаеш, хто бацька Вінцука Вячоркі? Не, ня ведаю. А ты ведаеш, што гэта... вялікія там людзі? Я кажу: ой, ты ведаеш, я так верыў Вінцуку, а цяпер яшчэ больш буду верыць. Бо хлопец мае ўсе магчымасьці, гадуецца ў інтэлігентнай сям’і, бібліятэка, усё, што хочаш, і не пайшоў піва піць! А пайшоў па-беларуску размаўляць. Нават на канфлікт з бацькамі пайшоў... Так што — яшчэ большы давер.

Усе кажуць, што я вельмі добра захаваўся і што выглядаю на 18 гадоў. І я тут жа расказваю дзяўчатам рэцэпт свае маладосьці: у 18 гадоў я перайшоў на беларускую мову...
А пасьля такія адносіны ў нас атрымаліся. Ірына Крук мела сябровак, такіх як Вэрця Лазоўская (яна сваю сястру прывяла) і Капітула Люся. А Вэрця пасьля прывяла архітэктарак. Мы, мастакі, зьвязаліся з архітэктарамі, Радзівон, Медзьвядзёў ды я хадзілі да архітэктараў, дапамагалі ім дыплёмы рабіць. Гэта ўжо была хваля пасьля журналістаў... Журналісты і два фізыкі прыйшлі — Ігар Міклашэвіч і Сяргей Санько цяпер. А там была хваля архітэктарак і французаў. З «заммоваў». І ўтварыліся такія цёплыя адносіны, што проста без Майстроўні ўжо жыць немагчыма... Хто яшчэ? Юля Лыскова. Яна ўжо ў палітэхнічным вучылася. Як яна прыйшла да нас? Напэўна, праз Садоўскага. Ці яшчэ раней?.. Віялета, Вэрця, Наталя, Юля — гэта касьцяк тых сьпевак.

Дубавец: На свае гады Гэнік зусім не выглядае, быццам застаўся такім самым хлапчуком, якога запомнілі майстроўцы.

Лойка: «Усе кажуць, што я вельмі добра захаваўся і што выглядаю на 18 гадоў. І я тут жа расказваю дзяўчатам рэцэпт свае маладосьці: у 18 гадоў я перайшоў на беларускую мову і тут жа затармазіўся ў сваім разьвіцьці. Так што не губляйце часу, пераходзьце на беларускую мову.


Я — Гэнік Лойка. Генік — такога імя няма


Я Гэнік Лойка. У нас такое імя ёсьць Гэнік. У „Нашай Ніве“ пастаянна Генікам пішуць. Ёсьць Гэнік, Гэнюсь, а ў суседняй вёсцы ёсьць Кгенюсь. А Генік — няма такога імя. Так што Гэнік. Мама кажа, што каб Гэнікам называцца, трэба было б, мабыць, Гэндрыкам запісацца ў пашпарце. Але ж там у тыя часы ніхто пра гэта ня думаў. Напісалі так, як сказалі запісаць. Так што мяне завуць Гэнік Лойка, маю 47 гадоў, нарадзіўся ў вёсцы Мікелеўшчына, Мастоўскі раён, жыву ў Менску. Нарадзіў трох дзяцей».

Гэнік Лойка ў народнай драме «Цар Максімілян». Архіўнае фота, 1981 год

Дубавец: Пасьля таго, як Майстроўня падзялілася на мноства новых суполак, Гэнік працягваў свой удзел у менскай Талацэ. З 2000-га году стаў вядомы сваімі пленэрамі гіганцкіх скульптураў зь пяску пад бела-жоўта-белым сьцягам.

Лойка: «Можа дзесяць гадоў пленэрства гэтага. А так я неяк сядзеў... Пасьля Талакі ўжо недзе згубіўся, асеў у сям’і. Думаю, сьцяг вісіць на Доме ўраду... Ажно не. Сьцяг сарвалі...»

Дубавец: На пытаньне пра самыя яскравыя падзеі жыцьця Гэнік задумляецца ненадоўга:

Лойка: «Напэўна, Майстроўня. Яна як задала тон вось гэты, нацыяналізм... Усё абсыпалася, а нацыяналізм застаўся назаўсёды. Мне здаецца, што Майстроўня — гэта ўсё ж такі пачатак».
Вострая брама
“Вострая Брама. Гісторыя аднаго цуду” – гэта гісторыя пра тое, як аднойчы беларуская ідэя выйшла з падпольля на вуліцу і стала грамадзкай зьявай. Адбылося гэта на Каляды 1980 году, калі нарадзілася першая публічная арганізацыя – Беларуская Майстроўня. Калі Майстроўня ўбярэцца ў сілу, яна ператворыцца ў шырокі нацыянальны рух па ўсёй Беларусі, а нацыянальная ідэя матэрыялізуецца ў выглядзе незалежнай краіны.

Сэрыя “Гісторыя аднаго цуду” – пра самы пачатак, пра той Калядны цуд нараджэньня, пра Майстроўню і яе стваральнікаў, пяць дзясяткаў асобаў, беларускі шлях якіх пачаўся трыццаць гадоў таму.
Сяргей Дубавец
Пісьменьнік, літаратурны крытык, выдавец. Нарадзіўся 17 верасьня 1959 у горадзе Мазыры. Гадаваўся й вучыўся ў Менску. Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. Служыў у войску. Галоўны рэдактар газэтаў «Свабода» (1990—1991) і «Наша Ніва» (1991—2000), радыё «Балтыйскія Хвалі» (2000—2001), аўтар перадачаў на Радыё Свабода (з 1997). Кнігі: «Практыкаваньні» (1991), «Русская книга» (1997, другое выданьне 2009), «Дзёньнік прыватнага чалавека» (1998), «Вострая Брама» (2005), «Вершы» (2007), «Як?» (2009). Электронны адрас: dubaviecs@gmail.com

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG