Лінкі ўнівэрсальнага доступу


“Вольны горад Горадня”


Толькі сьляпы ня бачыць сёньня патрэбу адновы, патрэбу зьменаў, толькі глухі ня чуе чароўных скрыпічных гукаў гімну Эўропы, што чуваць нам скрозь рэшткі калючага дроту, цераз нашую дбайна зацыраваную бляшаную заслону. Таму, хто не эўрапеец у душы, гэтага не зразумець. Але паўстае пытаньне: навошта нам, эўрапейцам, неэўрапейцы? Колькі нам танчыць пад іхнюю, невядома якую, дудку?! Колькі яны будуць намі загадваць? Мы не чарапахі і не па трыста год жывем! “Пераменаў, мы чакаем пераменаў!” Шлягер канца савецкіх часоў гучыць нібы для нас напісаны, для драцяной клеткі з трусамі, дзе гісторыю паўтараюць пад абрыдлым фарсавым соўсам. Вельмі прыкра, бо ведаеш, што гэта зусім не спэктакль, і нельга ўстаць і пакінуць глядзельную залю.

Жадаць іншым, як вядома, трэба такіх жа добрых рэчаў, як і самому сабе. Мяне папрасілі для аднаго сайту павіншаваць гарадзенцаў, выказаць пажаданьні на сёлета. Што ж, хай ня ўсе жыхары прачытаюць, вырашыў я, але вазьму ды пажадаю ім, каб Горадня стала спачатку “свабоднай эканамічнай зонай”, затым “вольным горадам”, спадзяюся таксама, што й салодкія абяцанкі-цацанкі пра 50-кілямэтровую зону аднойчы раптам спраўдзяцца, і гарадзенцы паедуць бязь візаў ня толькі ў суседнія Польшчу і Літву, але — скрозь усю Эўропу, ды зірнуць у бок Амэрыкі з наберажнай, адкуль выпраўляўся сваім часам Калюмб, каб рашуча пераадолець мяжу Старога сьвету. Гэх, самому хацелася б, каб такія мае словы — ды Богу ў вушы.

Чаму абвострыліся мае думкі “бязьвізавыя”, “панэўрапейскія”? Прычына на паверхні — таму, што нашыя славянскія браты — сэрбы, чарнагорцы, македонцы пад заслону году атрымалі жаданае запрашэньне ад Эўропы — you are welcome! Нарэшце доўгачаканае падарожжа па эўрапейскіх шляхах з поўнай свабодай выбару, пра якое марылі! А нас, замест гэтага, зноўку прыядналі да, выбачайце, цюбяцеек. Так, мы ім патрэбныя, каб лягчэй дабрацца да Бэрліна і Парыжу было, куды вядуць усе шляхі, але для нас саміх дарога туды латвейшай ня робіцца. Жывеш пры самай мяжы, але адчуваеш сябе закілзаным. Мы, па сутнасьці, за сетчатым плотам апошняга эўрапейскага заапарка, дзе наведнікаў робіцца ўсё болей, вось і паўднёвыя славяне з другога боку ядуць лёды і тыцкаюць у нас пальцамі, непрыемнае пачуцьцё, дальбог! Сэрбскае начальства, вунь, пачало адразу складаць заяву ў Эўразьвяз, не марнуючы часу. Я чалавек увогуле не зайдросьлівы, але як тут не пазайздросьціш!

Эўрапейская каўрыжка


Памятаю, як міжволі ўпадаў у мэлянхалічны настрой, назіраючы па “Euronews” цырымонію далучэньня да Эўразьвязу Баўгарыі. Нават іх з Румыніяй прынялі! Паказалі тады таксама, як да эўрапейскага “пазла” — складзенай з каўрыжак мапы заходняй часткі кантынэнту прыклалі баўгарскую і румынскую часткі. Маўляў, зараз каву будзьма піць разам, за агульным сталом.

Я ўдзячны лёсу, што мог калісьці свабодна глядзець польскае тэлебачаньне. Мы з-за сваёй жалезнай заслоны бачылі, дзякуючы яму, у рэпартажным рэжыме савецкі штурм у Вільні, адчувалі радасьць усходнебэрлінцаў, калі яны трапілі за Брандэнбурскую браму, калі пачалі ламаць Бэрлінскі мур, з хваляваньнем назіралі за падзеямі ў Бухарэсьце, мы перажывалі разам зь імі, з кім апынуліся ў агульным сацлягеры.

Чым далей, на жаль, мы ня можам больш адчуваць натхненьня, калі на нашых вачах у вабнай Эўропе працягваюць адбывацца зьмены, бо свае спадзяваньні застаецца толькі пахаваць пад крамлёўскай сьцяной побач з Фэліксам, Ёсіфам, Ільлічом. Уласна кажучы, і наш беларускі цягнік адзін момант, выехаў на вольны прасьцяг, але спыніўся перад эўрапейскай каляінай, якая вузейшая, як вядома, за савецкую, быццам адмыслова. Пастаяў цягнік зь вечна “зачыненымі на зіму” вокнамі, так што мы, пасажыры, і дыхнуць не пасьпелі. І загналі нас назад у дэпо, дзе пыляцца і ржавеюць мясьнікоўскі браняпоезд, тачанкі, бронзавы браневічок зь Ленінам з прастрэленым з гранатамёту тулавам (пра здарэньне ў Піцеры ўсе чыталі), маўзалей — яшчэ з двума прозьвішчамі, жалезабэтонныя гербы СССР, бляшаныя сярпы-молаты.


Сталінскі прысмак


Ніяк не пазбыцца прыкрага адчуваньня, што пад заслону мінулага году нашая любая радзіма стала яшчэ больш патыхаць сталінскім трупам і парадкамі. Ня ведаю, ці паставяць назад на ўсіх плошчах стода ў шынэлі зь люлькай у кулаку, але бюсты ўжо ёсьць сталінскія. І вось зноўку скідаюцца, кажуць, на больш сур’ёзны манумэнт ды ў сталіцы. Асабліва “расчуліла” паведамленьне, што на будучы помнік разам з мільёнам рублёў нечая рука паклала 49 эўра. Вось, браткі, навошта нашаму начальству Эўропа, іхнія эўра — на ўласную сталінскую настальгію. А ніхто й не сумняваўся, зрэшты.

Гэтак званая 50-кілямэтровая зона — незагойная рана гарадзенцаў. Ну, хочацца людзям крыху адчуць сябе вольнымі, крыху эўрапейцамі ў сваёй музэіфікаванай краіне. Сапраўды, гэта вельмі па-людзку — дазволіць жыхарам каралеўскага ў мінулым гораду наведваць польскую і літоўскую тэрыторыі на адлегласьць пяцьдзесят менавіта кілямэтраў, наведваць з пасьведчаньнем у кішэні, бяз пашпарту нават і візы — пагатоў. А тут яшчэ некалькі гадоў апошніх “пад’юджваюць” газэты, інтэрнэт-сайты: вось-вось, кажуць, зьдзейсьніцца!

Апошнім летам нехта нават фальстарт зрабіў: дакладна, папярэдзілі, літоўскі зь беларускім прэм’еры падпішуць у Новым каралеўскім замку пагадненьне пра 50-кілямэтровую зону. У якасьці культурнай праграмы для начальнікаў у суседнім — Старым замку над Нёманам зрабілі джазавы фэст. Але ж “адмашка” зь Менску не паступіла, гарадзенцы толькі аблізнуліся. Ведаюць у душы яны, што ўладзе гэтай ня трэба, каб людзі свабодна маглі ў Эўропе бываць, уладзе больш прыемна, каб было наадварот заўжды.


Вольныя шляхі


Пачытайце мясцовую прэсу: кепска ў Літве суседняй зусім зрабілася! Кожны жук і жаба, кінуўшы родны кут, па Эўропе свабодна разьяжджае, а як Штаты візы скасавалі для прыбалтаў, дык увогуле “хоць шаром пакаці” стала, усе на заробкі ўцяклі, паразыты. Вось такая рыторыка. А я ж памятаю часы, калі гэная наша прэса аблівала гразёй суседзяў: бачыце, абжэрліся свабодай сваёй, у дамах замест вады гарачай толькі летняя, замест газу — керагаз вярнуўся на кухню!

Так, усё правільна. Людзі ўцякалі масава калісьці з ГДР, і тады сьцяну паставілі ў Бэрліне. Затым уцякалі гэтак жа — сем’ямі, пад’ездамі, калі сьцяна развальвацца пачала, але свабодны выезд за мяжу яшчэ быў забаронены. Бо любому чалавеку хочацца свабоднага жыцьця, хочацца мець вольны выбар, зарабляць нармальныя грошы і мець годнае жыцьцё. Уласна кажучы, цераз Бэрлінскі мур уцякалі толькі ў адзін бок, часта — са сьмяротным вынікам. Прыпамінаецца цытата з Э.Канэці, каторую я выкарыстаў калісьці ў сваім апавяданьні, наконт Кітайскай сьцяны, якая “занадта шырокая і вялікая. Цераз яе не пералезеш. Дзеля гэтага яе і збудавалі”. Цікава, што ў сакрэтных дакумэнтах плян пабудовы Бэрлінскай быў некалі пазначаны красамоўна “Праект Кітайская сьцяна-ІІ”.

Днямі падзяліўся са мной адзін гарадзенец на вуліцы плянамі на сёлетні год: афармляе дакумэнты, каб зьехаць да Нямеччыны, куды раней перабраліся бацькі. І вось ягоныя словы: не таму, еду, што жыць дрэнна, а таму, што можна жыць лепей. Але адразу сябе зрэдагаваў: усё ж у Нямеччыне нават пэнсіі большая, чымсьці ў Беларусі заробак, нават любы эмігрант на чарнавой працы заробіць лепей, чымсьці атрымае на рукі на добрай пасадзе тут… Я толькі слухаў і запісваў.

У нашых газэтах дагэтуль сядзіць калі ня сталінскі цэнзар, дык унутраны рэдактар — дакладна. У іх у корцы мазгавой: беларусаў можна толькі прымусам у ГУЛАГ жывёльнымі эшалёнамі вывозіць, даць ім магчымасьць вольнага выбару і свабоднага выезду — крамола несусьветная! Карацей: ГУЛАГу больш няма, таму хай сядзяць у хаце поседам, не змарнуюцца, няхай тэлевізар слухаюць, ён ім усё раскажа — як за плотам беларускім дрэнна жывецца. А “бэтэ” верыць абавязаны ўсе пагалоўна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG