Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выжыве беларускі рынкавы сацыялізм?


Сёньняшні Менск, піша амэрыканскае інтэрнэт-выданьне “GlobalPost” , мог бы пакідаць уражаньне ідэальнага кавалку Савецкага Саюзу, але эканамічны спад паказаў шчыліны і ў “рынкавым сацыялізьме Беларусі”


Тыя, хто знаёмы з унікальнымі асаблівасьцямі памерлага Савецкага саюзу, – піша аўтар “GlobalPost” Дэвід Стэрн, – у гэтай 10-мільённай краіне на ўсходзе Эўропы адчуюць вострае пачуцьцё дэжа-вю, часам нават да настальгічных дрыжыкаў. Назвы галоўных вуліц застаюцца нязьменныя – Карла Маркса, Рэвалюцыйная, Інтэрнацыянальная. Плякаты на галоўных плошчах дэкляруюць славу радзіме і дасягненьням пралетарыяту. 7 лістапада тут усё яшчэ ўслаўляюць бальшавіцкую рэвалюцыю, а цягнікі і аўтобусныя станцыі ўсё яшчэ захоўваюць савецкі пах смажанай каўбасы і варанай капусты.

Аднак падабенства зь мінулым сягае значна глыбей. “Рынкавы сацыялізм”, які афіцыйна дэкляруюць беларускія ўлады, уяўляе сабой камбінацыю плянавай савецкай эканомікі з тонкім покрывам капіталізму свабоднага рынку. Больш чым дзьве траціны эканомікі, застаюцца пад кантролем дзяржавы. Але ёсьць і адрозьненьні ад СССР. Аляксандар Лукашэнка кіруе адзінаасобна – без камуністычнай партыі. Але яшчэ больш важна тое, што Беларусь сёньня не зьяўляецца недзеяздольнай эканомікай, якой быў Савецкі Саюз перад сваім падзеньнем. Беларусы маюць самы высокі ўзровень жыцьця на прасторы былога СССР, а іх эканоміка ў апошнія 10 гадоў расла на 10% штогод.

Беларусы могуць свабодна падарожнічаць і пакідаць краіну, узровень беднасьці зьяўляецца самым нізкім на постсавецкай прасторы, сацыяльная сыстэма захоўвае рысы савецкай, а насельніцтву гарантавана амаль 100-працэнтная занятасьць. Крамы поўныя тавараў з троху абмежаваным асартымэнтам, а вуліцы чыстыя і дагледжаныя дзякуючы цэламу войску дворнікаў.


Рэпрэсіі ў абмен на дабрабыт?


Але за ўсё гэта беларусы плацяць вялікую палітычную цану – так сама, як гэта было ў Савецкім Саюзе. Сучасная Беларусь – адна з самых рэпрэсіўных дзяржаваў сьвету, якую Злучаныя Штаты і Эўрапейскі Зьвяз называюць “апошняй дыктатурай Эўропы”. Палітычных іншадумцаў перасьледуюць і маргіналізуюць, урад маніпулюе правам рэгістрацыі партый, няўрадавых арганізацый і незалежных газэт і выкарыстоўвае яго для наступнай расправы зь імі. Вулічныя маніфэстацыі дазваляюцца рэдка – вельмі часта іх разганяе паліцыя, а іх удзельнікаў садзяць у турмы. Нядаўна па краіне пракацілася хваля выкраданьняў апазыцыянэраў, а ў мінулым – яны наогул проста зьнікалі.

Дыпляматы і палітолягі гавораць аб маўклівым “сацыяльным кантракце” паміж кіруючай элітай і насельніцтвам. Народ як бы негалосна кажа ўладзе: “Вы забясьпечвайце стабільны эканамічны рост, а мы будзем вас падтрымліваць”. Праблема, аднак, заключаецца ў тым, што ў выніку леташняга эканамічнага спаду Беларусь страціла дзьве свае галоўныя апоры – гіганцкі рынак збыту для сваёй прадукцыі ў Расеі і танныя расейскія нафту і газ. У выніку ўладам давялося ісьці на паклон да Міжнароднага валютнага фонду па крэдыты і прасіць грошай у Расеі. Тым ня менш, кіраўнік Беларусі, замест скарачэньня пэрсаналу, скарачае працоўны тыдзень на фабрыках да 3-4 дзён і падтрымлівае таннымі крэдытамі прадпрыемствы, прадукцыя якіх назапашваецца на складах з-за незапатрабаванасьці. Лукашэнка загадаў дэкрэтам, каб рост ВУП сёлета дасягнуў 11-1%, а тым часам міжнародныя фінансавыя структуры лічаць, што ён ледзьве вырасьце на 3-4%.


"эканамічная мадэль Беларусі сябе вычарпала"


На думку журналіста “GlobalPost”, надзеі беларускага ўраду на міжнародныя крэдыты і аднаўленьне расейскай эканомікі як цягніка беларускай – марныя. Ён піша, што міжнародная эканамічная тапаграфія незваротна зьмянілася, і што, магчыма, эканамічны крах ня здарыцца, але гіганцкія тэмпы прыросту беларускага ВУП у мінулым – справа мінулага. Мадэль “рынкавага сацыялізму” ў Беларусі, паводле Дэвіда Стэрна, была нежыцьцяздольная. Або эканоміку дывэрсыфікуюць, прыватызуюць і адкрыюць для зьнешніх інвэстыцый, або яна будзе паступова канаць у наступныя гады.

У выніку “сацыяльны кантракт” паміж народам і ўладай, які быў асновай кіраваньня Лукашэнкі, можа быць пастаўлены пад сумнеў у бліжэйшыя месяцы, – піша Дэвід Стэрн, – і заканчвае свой артыкул выказваньнем заходняга дыплямата ў Беларусі, які заявіў, што эканамічная мадэль Беларусі сябе вычарпала.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG