Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэсавая сакратарка «Маладога Фронту» Тацьцяна Шапуцька атрымала адмоўны адказ на сваё хадайніцтва аднавіць яе на 2-ім курсе юрыдычнага факультэта БДУ.

«Законам РБ „Аб вышэйшай адукацыі“, Статутам БДУ, Правіламі ўнутранага распарадку в БДУ вызначаны правы й абавязкі студэнта, за невыкананьне якіх да студэнта ўжываюцца меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня, у тым ліку і адлічэньне. Выкананьне ва ўсталяваныя тэрміны патрабаваньняў навучальнага пляну і навучальных праграмаў, а таксама добры сярэдні бал пасьпяховасьці не вызваляе студэнта ад выкананьня іншых абавязкаў і адпаведна ад ужываньні да яго мер дысцыплінарнага ўзьдзеяньня», — піша рэктар БДУ Сяргей Абламейка.

«У той жа час спадар Абламейка, чамусьці, не зазначае, што паказчыкі пасьпяховасьці студэнта — прыярытэтныя: унівэрсытэт найперш навучальная ўстанова. Акрамя таго, рэктар забывае пра пункт 6.7 Правілаў унутранага распарадку, згодна зь якім пры ўжываньні меры дысцыплінарнага ўзьдзеяньня павінна ўлічвацца цяжкасьць зьдзейсьненай правіны, абставіны, пры якой яна была зьдзейсьнена, папярэдняя вучоба і паводзіны. Рэктар парушыў гэты пункт, прызначыўшы пакараньне, якое яўна не адпавядае парушэньню ў выглядзе выезду за мяжу на тры дні», — цытуе словы Тацьцяны Шапуцькі прэсавая служба МФ.

Прэсавую сакратарку «Маладога фронту» Тацьцяну Шапуцьку адлічылі зь юрыдычнага факультэту БДУ пасьля таго, як яна паўдзельнічала ў Форуме грамадзянскай супольнасьці «Ўсходняе Партнэрства».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG