Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Апоўдні 7 студзеня на вершаліне галоўнай гарадзкой ёлкі, усталяванай на плошчы Перамогі ў Віцебску, залунаў нацыянальны сьцяг.


Паводле мінакоў і тых гараджанаў, што прыйшлі зь дзецьмі на калядныя сьвяткаваньні або на каток, сьцяг бел-чырвона-белае палотнішча памерам ня менш як чатыры мэтры, разгарнулася побач з зоркай на версе ёлкі. Людзі адразу зьвярнулі на гэта ўвагу, пачалі фатаграфаваць і здымаць на камэры ў мабільных тэлефонах.

Праз колькі хвілін вакол ёлкі замітусіліся міліцыянты, якія дзяжурылі на плошчы. Тым часам на ёлцы можна было разгледзець і чалавека, які, верагодна, вывесіў сьцяг. Супрацоўнікі міліцыі атачылі ёлку ды выклікалі супрацоўнікаў МНС. Сьцяг на вачох у соцень жыхароў Віцебску здымалі з дапамогай пажарнай машыны: вышыні лесьвіцы хапіла, каб адмыслоўцы ўзьняліся на 40-мэтровую канструкцыю галоўнай гарадзкой ёлкі.

На плошчу зьехаліся з дзесятак міліцэйскіх машын і спэцтэхнікі, сярод супрацоўнікаў МУС гараджане пазналі галоўнае гарадзкое і нават абласное міліцэйскае начальства.

Міліцыянты былі дужа заклапочаныя: навагоднія і калядныя сьвяткаваньні на плошчы Перамогі сёлета праводзяцца ўпершыню, прычым паводле ініцыятывы самога старшыні віцебскага аблвыканкаму Аляксандра Косінца, які аддаў загад усталёўваць гарадзкую ёлку менавіта тут.

Лёс чалавека, які, верагодна, вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг, пакуль невядомы: ніхто ня бачыў, ці затрымалі яго, ці ён пасьпеў уцячы. Сябра КХП БНФ Сяргей Каваленка, які назіраў за падзеямі, выказаў меркаваньне, што сьцяг ўзьняты ў гонар сьвята Божага Нараджэньня.

Сяргей Каваленка
Пасьля інцыдэнту са сьцягам актывізаваліся і міліцыянты, і людзі ў цывільным – яна пачалі пільна прыглядацца да усіх, хто здымаў сьцяг на фота і відэа, асабліва да журналістаў, якія зьехаліся на плошчу, даведаўшыся пра надзвычайныя навіны. У рэдактара сайту “Народныя Навіны Віцебска” Сяргея Серабро супрацоўнікі міліцыі запатрабавалі пашпарт і перапісалі асабістыя дадзеныя, бо ягоны “выгляд выклікае падазрэньні” – менавіта такія тлумачэньні далі журналісту. Міліцыянты таксама хацелі, каб спадар Серабро паказаў ім фотаздымкі, зробленыя на плошчы, але па тэхнічных прычынах паглядзець адзьнятае не атрымалася.

Фотаздымкі бел-чырвона-белага сьцяга на гарадзкой ёлцы Сяргей Серабро прапанаваў увазе наведнікаў сайту Радыё Свабода.



Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG