Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як адзначаюць Каляды вядомыя ў Беларусі людзі, праваслаўныя паводле веравызнаньня? Свае калядныя рэцэпты прапануюць літаратуразнаўца, доктар філялягічных навук Міхась Тычына, мастак Алесь Пушкін, філёзаф Уладзімер Конан, адзін са старэйшых беларускіх паэтаў Мікола Аўрамчык.


Літаратуразнаўца, доктар філялягічных навук Міхась Тычына адзначае Каляды ў поўнай адпаведнасьці з традыцыямі герояў Коласаўскай “Новай зямлі” – за сьвяточным сталом зь вясковымі прысмакамі:

Міхась Тычына
“Лічу, што і фізычна, і ўвогуле ёсьць усе іншыя прычыны казаць, што паварот сонца да вясны – гэта і ёсьць Пачатак. А дамінантай у гэтым -- Каляды, нараджэньне Хрыста... Што тычыцца калядных традыцыяў, то яны, натуральна, ёсьць. Калі традыцыі кулінарныя, то на стале звычайныя стравы, якія яшчэ ў вёсцы бацькі рабілі. Гэта імкнуся захаваць і я, і мае дзеці. То бок, гэта чыста беларускія, вясковыя традыцыі, апісаныя яшчэ Якубам Коласам у паэме “Новая зямля”. Акрамя хіба парсючка пасярод стала: ня тое што задавальненьне дарагое, а проста досыць складана зрабіць гэта ў гарадзкіх умовах. Дзеля гэтага трэба ўсё ж жыць на вёсцы”.

Мастак Алесь Пушкін сёньня зь першай зоркай ідзе калядаваць па сваім родным Бабры. Расказвае, якім будзе маршрут калядоўнікаў:

Алесь Пушкін
“Трэба павіншаваць найперш крыўдзіцеляў. Пойдзем калядаваць тых, хто калісьці мяне калаціў, да хлопцаў, якіх выхавала расейская дырэктарка Шэкун. Я сёньня запытаўся ў мамы аднаго хлопца, які мяне біў, гэта Аляксей Біруля. Яна была ў царкве, я пацікавіўся: а дзе Лёша? Кажа, прыехаў зь Менску, дома. Сяргей Шынкевіч, Дзіма Сасноўскі – усіх гэтых хлопцаў, якія мяне калацілі, канечне, трэба наведаць у выглядзе калядоўнай кампаніі, павіншаваць. Падставіць мех, можа яны што ўкінуць. А калі ня ўкінуць, то тады я ім падару венік, каб у лазьні выганялі д’ябла азлабленьня.

Потым трэба зайсьці да судзьдзі Андрэя Сіза, які асудзіў мяне за тое, што ў свой час выставіў шпакоўні, і за гэта ён даў мне штраф 875 тысяч рублёў (тады ў эквіваленце 400 даляраў). Ведаючы, што гэтыя грошы я не буду прасіць у заходніх фондаў, а буду сам выплачваць. Хацеў бы таксама павіншаваць нашага былога ўчастковага, старшага лейтэнанта Андрэя Бярозку, але, на жаль (а можа і не выпадкова), ён зараз сядзіць у турме. Чалавек, які круціў мне рукі 25 сакавіка, асуджаны за тое, што “крышаваў” наркатрафік. То бок, спачатку такіх людзей. А потым ужо трэба наведаць і настаўніц, і мэдсёстраў, якія ў нас ходзяць, і лясьнічых, і нашага старшыню сельрады. Трэба падысьці вясёлай каляднай кампаніяй, пастукацца ў хату, сказаць, што Бог аб’явіўся, дазвольце казу папускаці, песьні пасьпяваці і паспрабаваць іх трошкі павесяліць. Зло -- дабром перамагаем!”.

Вядомы беларускі філёзаф Уладзімер Конан кажа, што яшчэ ад дзяцінства Каляды, Вялікдзень у ягонай сям’і лічыліся найвялікшымі сьвятамі. Ён так і не прызвычаіўся да сьвецкіх сьвяткаваньняў, якія часьцяком трапляюць у поўную супярэчнасьць з хрысьціянскімі канонамі:

Уладзімер Конан
“Калі вучыўся ў школе яшчэ ў Заходняй Беларусі, на Наваградчыне, усе традыцыі, традыцыйныя абрады захоўваліся: і з зоркай хадзілі, і песьні сьпявалі. Праўда, песьні ў Заходняй Беларусі былі з крыху рэлігійным адценьнем, то бок, адначасова сьпявалі і народныя, і рэлігійныя. Хоць мы і жылі бедна, але Каляды былі найвялікшым сьвятам для ўсіх – і для дзяцей, і для дарослых. Дарэчы, ёлку таксама ставілі на Каляды, а не на Новы год. Новы год цяперашні наогул у нас не заўважалі. Яго сьвяткавалі 14 студзеня, то бок, па старым стылі, па царкоўным календары.

Таму ў мяне захавалася нейкая містыка (можа не такая, як у дзяцінстве і маладосьці) менавіта ад гэтых сьвятаў – Каляд, Вялікадня. А не ад савецкіх. Ці сьвецкіх, што ў прынцыпе адно і тое ж. Бо сьвецкі Новы год па сутнасьці язычніцкі. Ня ў горшым сэнсе, а народнае сьвята (ад слова “языкі” -- народы). Яно зьвязанае з усялякімі гульбішчамі і г.д. І я заўсёды зьдзіўляўся, калі праваслаўныя наладжваюць такія гульбішчы на Новы год. Бо на Новы год у нас – у маіх бацькоў і дзядоў – пачынаўся так званы шчыры пост. З 1 да 6 студзеня дазваляліся толькі хлеб і вада. Таму ўнутрана я бліжэй туды, хоць ужо мала што засталося, няма тых абрадаў. Але хоць успомніць – і то добра”.

А вось адзін са старэйшых беларускіх паэтаў, заслужаны работнік культуры Беларусі Мікола Аўрамчык гаворыць, што з зайздрасьцю глядзіць на людзей, якія захавалі векавыя традыцыі. Ён жа – тыповая ахвяра савецкай сыстэмы, якая грунтавалася на бязбожніцтве:

“З задавальненьнем гляджу і слухаю, як гэта ўсё сьвяткуецца, а сам не прывучаны. Мае бацькі служылі ў панскім двары, дык вось дзіва, але памешчык сам і ягоная кабета ня верылі ў Бога. Дык яны такія ў мяне засталіся, і нас зь дзяцінства ніхто да гэтага не прывучаў. Адна бабуля трохі вадзіла мяне прычашчаць у царкву. Дык гэтага ж мала! А цяпер, канечне, зайздросна глядзець на людзей, якія усё гэта ведаюць, разумеюць і ўмеюць, усе старыя рытуалы захоўваюць. Натуральна, нешта сьвяточнае ў такія дні ў дзяцінстве было, але зусім не ў такім пляне, як нават цяпер гэта ўсё перадаецца па радыё, паказваюць па тэлебачаньні. Бабуля верыла, малілася, дзеда, відаць, таксама прымушала. У царкву на Вялікдзень вазілі яйкі сьвяціць. Але ні маці, ні бацькі ніколі не хрысьціліся, ні маліліся. Таму і нас так выхавалі. Вось і дажыліся тым часам да такога. Шкада, канечне…”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG