Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Лёндане адбылося пахаваньне Веры Рыч


Паніхіда па ангельскай паэтцы і перакладчыцы Веры Рыч адбылася ва Ўкраінскай каталіцкай катэдры найсьвятой вандроўніцкай радзіны.


Пахавальная цырымонія прайшла ў Мэрылібоўнскім крэматорыі.

У паведамленьні Англа-беларускага таварыства адзначаецца, што грашовыя ахавяраваньні, сабраныя падчас цырымоніяў разьвітаньня, будуць выкарыстаныя, у прыватнасьці, для падтрыманьня культурных і адукацыйных праектаў, над якімі працавала нябожчыца.

Вера Рыч памерла ў Лёндане на 74-м годзе жыцьця. Яе першы пераклад на ангельскую зь беларускай мовы быў надрукаваны ў мюнхэнскай газэце “Бацькаўшчына” ў 1957 годзе. Вера Рыч пераклала творы Купалы, Коласа, Багдановіча, Гаруна, Цёткі, Бядулі, Арсеньневай, Крапівы, Геніюш, Гілевіча, Барадуліна, Іпатавай ды іншых беларускіх аўтараў. Апошнім часам працавала над перакладам “Новай зямлі” Якуба Коласа.





Фота і відэа Алеся Чайчыца

Глядзець відэа:



Словы пра Веру

Вера Рыч. Запозьненае віншаваньне



Вера РЫЧ

НА ЯКОЙ МОВЕ ГАВАРЫЛІ Ў ЭДЭМЕ?

Ці Д’ябал спакушаў яе
Праз немца-тлумача?
(Гудыбрас)

Якую мову Змей любіў?..
О, толькі не кажыце,
Што гэны Змей габрэем быў
І мовіў на іўрыце!

Габрэі не пры чым. Адказ
Павінен быць па тэме:
Як намякае Гудыбрас,
Быў немец у Эдэме.

Ягонай мовай Сатана
Шаптаў такое Еве,
Што чырванела і яна,
І яблык той на дрэве.

Хай мове гэтай праз прымус
Вучыўся Змей — цяжкая! —
Але глядзіце: для спакус
Прыдатная якая!

Хоць што той яблык! Так, на грош
Граху… На два надкусы…
У тых жа немцаў значна больш
Пацехі са спакусы.

Ну, хоць бы Фаўст, які прадаў
Душу… Ці сціплы Лютэр,
Які — за веру! — скрыжаваў
Паўсвета ў бойцы лютай.

Бо вера лепшая адна
За іншую?.. Магчыма.
Глядзіць у цемру Сатана
Пякельнымі вачыма.

У позірку — спакусаў прах
І тых, хто іх любіў…
І сніцца Д’яблу ў страшных снах,
Што мову ён забыў!

Яму вядома аднаму:
Пры бляску чорных лямп
Яна спатрэбіцца яму,
Каб напісаць "MEIN KAMPF".


Пераклад Уладзіміра Някляева.



НА ЯКОЙ МОВЕ ЎСЕ РАЗМАЎЛЯЛІ Ў ЭДЭМЕ?


Мо д'ябал спакушаў Яе
Нямецкім словам?

«Гудыбрас»

На якой такой мове ўсе размаўлялі ў зялёным Эдэме?
Дзеля Бога, ня трэба казаць пра яўрэйскае сьветлае слова,
Бо мой верш, такім чынам, заглухне і зьвяне адразу,
І пытаньне цяжкое ніколі ня знойдзе патрэбных адказаў.

Гудыбрас вельмі мудра паставіў пытаньне.
Шмат начэй і шмат дзён я шукала рашэньне,
У задушлівай цемры сумневаў блукала бясконца.
Я шукала матывы і тэмы, падказкі і знакі…

Гудыбрас запытаўя: мо словам жалезным нямецкім
Д'ябал думкі абгортваў свае, нібы чорнай паперай?
Ён сьмяяўся і лаяўся, еньчыў, скуголіў… Ён сьпяваў, гергатаў,
Покі не перакінуўся ў цела вялізнай брунатнай зьмяюкі…

Так, нямецкая мова прыдатная для спакушэньня,
І ня толькі каб зьвесьці ў зманы цнатлівую чыстую Еву,
Падарыўшы ёй яблык агніста-чырвоны і сакавіты,
Ад якога вядзецца адлік чалавечым шматлікім пакутам.

Пагадзіся, што мова нямецкая цяжкая для вывучэньня.
Яе правілы могуць у вучня старанага выклікаць горыч,
Нават самы дасьціпны настаўнік нямецкае мовы
Мусіць шмат намагацца, каб адпрацаваць дробны грошык.

Але д'ябал, бяспрэчна, разумны, разважлівы й прагны
Да навук самых розных і самых сакладаных у сьвеце.
Ён, нажаль, бессьмяротны, і ў часе не абмежаваны,
Мову можа вучыць і вучыць ён бясконца…

Д'ябал здатны засвоіць і вывучыць мову любую,
Праз любую вядомую мову ён чыніць спакусы.
Шмат народаў і нацый пачулі ад д'ябла ласкавае слова.
Але ж немцы – яны абяцалі наш сьвет ўдасканаліць імгненна!

Фауст – доктар і майстар нямецкі, вынаходнік друкарні...
Спадзяюся, ты ўсё яшчэ помніш пра гэтага майстра, які
Мог прумусіць пякельныя чорныя сілы працаваць на сябе.
Нават Фауст і той спакусіўся, а потым абрынуўся ў бездань.

А яшчэ адзін немец, што думаў пра Божую справу і шукаў
І шукаў, як царкву ўдасканаліць, паправіць, ачысьціць…
Нават ён, нават Лютар быў д'яблам ліхім скарыстаны!
Хрысьціяне, паверыўшы Лютару, йшлі забіваць хрысьціян.

Так, нямецкая мова цяжкая, грувасткая, жорсткая
Нават для д'ябла. Нават ён адпакутаваў, вучачы мову крыжакаў.
Толькі ён спадзяваўся, што мова крыжакаў прыдасца аднойчы,
Бо на ёй, менавіта на ёй будзе надыктаваны "MEIN KAMPF".


Пераклад Адама Глобуса
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG