Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Славаччыне распачаўся скандал у сувязі з выбухоўкай, якая была закладзеная ў самалёт, што ляцеў у Ірляндыю.

Славак Стэфан Гонда вяртаўся з каляднага адпачынку ў роднай краіне ў Ірляндыю, дзе ён працуе па кантракце электрыкам. Ён ня ведаў, што ў ягоным багажы закладзена 90 грамаў выбухоўкі.

Гэта зрабіла славацкая паліцыя ў часе адмысловых вучэньняў, пра якія пасажыры не былі папярэджаныя. Гексаген заклалі ў багаж двух выпадковых пасажыраў (першапачаткова была інфармацыя, што васьмі), каб праверыць службы бясьпекі. У багажу Стэфана Гонды сабака выбухоўкі не знайшла, і ён паляцеў у Дублін. Славацкая паліцыя пасьпела папярэдзіць ірляндцаў, і ў Дубліне багаж Гонды ўжо чакалі.

Сам Стэфан Гонда заявіў журналістам, што ня мае прэтэнзіяў да паліцыі.

Але ірляндзкая прэса адзначае, што 90 грамаў гексагену было б дастаткова, каб зьнішчыць самалёт. І хаця з гексагенам не было выбуховага прыстасаваньня, якое магло б прывесьці яго ў дзеяньне, жыцьцё пасажыраў было пад пагрозай, адзначае Irish Times.

Дырэктар памежнай паліцыі Славаччыны Цібар Мака прызнаў, што аналягічныя вучэньні праводзяцца і з наркотыкамі. Журналісты пытаюца: што будзе, калі ў гэтыя наркотыкі “забудуць” у багажы пасажыра, які ляціць, напрыклад, у Сінгапур альбо ў некаторыя іншыя азіяцкія краіны дзе за перавоз нават мізэрнай долі наркотыкаў прадугледжана сьмяротнае пакараньне?

У верасьні 1999 года у адным з дамоў Разані жыхарамі быў знойдзены закладзены ў падвал гексаген. Спэцслужбы заявілі, што праводзіліся антытэрарыстычныя вучэньні. Вэрсія спэцслужбаў была абвергнутая Аляксандрам Літвіненкам (пазьней быў атручаны палёніем і памёр у Лёндане) і Юрыем Фельштынскім у кнізе “ФСБ ўзрывае Расею".

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG