Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Менскія клюбы ня лепшыя за пермскую “Хромую лошадь”


Беларуская генэральная пракуратура накіравала ліст першаму намесьніку Міністэрства ў надзвычайных сытуацыях, у якім прапанавала тэрмінова зрабіць захады для абсталяваньня сыстэмамі пажарнай бясьпекі з вывадам на пульт дыспэтчара МНС месцаў масавага адпачынку людзей. Пракуратура прапануе праверыць навучаньне абслугі навыкам пажаратушэньня і эвакуацыі людзей у клюбах, рэстаранах і г.д.

Падчас пракурорскай праверкі ў Менску высьветлілася, што ў шэрагу сталічных клюбаў і рэстаранаў парушаны нормы пажарнай бясьпекі.

Напрыклад, у адным начным клюбе і ў адным рэстаране ўвогуле адсутнічае вывад сыгналу спрацоўваньня пажарнай аўтаматыкі на пульт дыспэтчара МНС.

Між тым, пракуратура зазначае, што менавіта адсутнасьць такога вываду аўтаматыкі на цэнтральны пульт МНС у пермскім клюбе «Хромая лошадь» прывяла да трагічных наступстваў пажару.

У лісьце Генэральнай пракуратуры адзначаецца, што кіраўніцтва аднаго рэстарана павінна было выправіць парушэньне яшчэ да ліпеня 2008 году. Супрацоўнікі рэстарану, якія згодна са службовымі абавязкамі былі задзейнічаныя ў рэалізацыі пляну эвакуацыі людзей у выпадку пажару, не былі забясьпечаныя камплектамі індывідуальных сродкаў абароны органаў дыханьня.

Кіраўніцтва аднаго з клюбаў увогуле не атрымала такога прадпісаньня ад інспэктара пажарнага нагляду.

Пракуратура зьвяртае ўвагу на тое, што супрацоўнікамі МНС не практыкуецца прыпыненьне дзейнасьці аб’ектаў з масавым знаходжаньнем грамадзян, дзе ёсьць сур’ёзныя парушэньні патрабаваньняў пажарнай бясьпекі.

У часе праверкі высьветлілася, што ў адным клюбе, які толькі нядаўна пачаў дзейнічаць, пажарная сыгналізацыя у асобных службовых памяшканьнях няспраўная, шафы, у якіх знаходзяцца пажарныя краны, заваленыя гульнявымі аўтаматамі і сталамі.

Некаторыя супрацоўнікі клюбу ня ведалі, дзе знаходзяцца сродкі тушэньня пажару, і ня ведалі, што рабіць, калі пачнецца надзвычайная сытуацыя.

На некаторых аб’ектах масавага адпачынку людзей адсутнічалі дакумэнты, якія б пацьвярджалі пажарна-тэхнічныя характарыстыкі канструкцый сцэнічных каробак, перакрыцьця столі, пакрыцьця падлогі і г.д.

У сваім лісьце пракуратура таксама зьвярнула ўвагу на тое, што не было дакумэнтаў, якія б пацьвердзілі апрацоўку драўляных канструкцый і штор супрацьпажарнымі сродкамі.

Пракуратура канстатуе, што на ўсіх аб’ектах супрацоўнікі, адказныя за пажарную бясьпеку, а таксама пэрсанал не валодалі неабходнымі навыкамі дзеяньняў у выпадку надзвычайнай сытуацыі.
XS
SM
MD
LG