Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Паведамленьне аб зрыве перамоваў у Маскве абвяргаюць абодва бакі


Намесьнік міністра эканомікі Беларусі Анатоль Філонаў, які ўзначальвае беларускую дэлегацыю ў Маскве, абвергнуў інфармацыю аб зрыве перамоваў. Аналягічную заяву зрабіла і прадстаўніца Міністэрства энэргетыкі Расеі Ірына Есіпава.

У інтэрвію агенцтву РИА «Новости» Філонаў заявіў:

“Цяпер работа дэлегацыі ў Міністэрстве энэргетыкі Расеі працягваецца і праходзіць у канструктыўнай форме”.

Чыноўнік дадаў, што бакі займаюць блізкія пазыцыі па цэлым шэрагу пунктаў.

Таксама і расейскі бок абвяргае інфармацыю аб зрыве перамоваў. Расейскі бок сьцьвярджае, што перамовы ідуць канструктыўна і працягнуцца ў чацьвер. У інтэрвію “Інрэрфаксу” прадстаўніца Міністэрства энэргетыкі Расеі Ірына Есіпава выказала надзею, што пагадненьне будзе дасягнута найбліжэйшым часам. Есіпаву падтрымаў і яе непасрэдны начальнік, міністар энэргетыкі Расеі Сяргей Шматко. Ён разьлічвае, што пагадненьне аб пастаўках нафты ў Беларусь будзе падпісана ў бліжэйшы час.

Раней сёньня, крыніца ў беларускай дэлегацыі ў Маскве на перамовах па нафце паведаміла, што расейскі бок сарваў перамовы.

Агенцтва БЕЛТА прыводзіла словы ананімнага ўдзельніка перамоваў у Маскве:

“Сёньня ўвесь дзень беларуская дэлегацыя вяла перамовы ў Міністэрстве энэргетыкі Расеі. Паводле стану на 14:00 у выніку працы экспэртаў пазыцыі бакоў былі максымальна збліжаныя”.

Аднак пасьля гэтага, паводле крыніцы, расейскія перамоўшчыкі ўзялі тайм-аўт для дакладу кіраўніцтву ўраду Расейкай Фэдэрацыі.

“Пасьля вяртаньня расейскія перамоўшчыкі фактычна адмовіліся ад усіх дасягнутых дамоўленасьцяў і вярнуліся на пазыцыі пачатку году. – цытавала агенцтва БЕЛТА неназванага члена беларускай дэлегацыі. – І гэта пры тым, што напярэдадні бакамі была дасягнута дамоўленасьць аб тым, што ў выпадку ўзгадненьня ўмоваў на ўзроўні экспэртаў для падпісаньня адпаведных дакумэнтаў сёньня ў Маскву ў другой палове дня выедзе першы намесьнік прэм’ер-міністра Беларусі Ўладзімер Сямашка”.

Расея і Беларусь увайшлі ў 2010 год без пагадненьня аб пастаўках і транзыце нафты. Цяпер транзыт нафты праз тэрыторыю Беларусі ў эўрапейскія краіны працягваецца, як і пастаўкі на беларускія нафтаперапрацоўчыя заводы.

Раней расейскі бок заявіў, што ў выпадку непадпісаньня пагадненьня з 1 студзеня 2010 году Беларусі давядзецца аплачваць 100% мыта пры пастаўках расейскай нафты. Менск настойвае на захаваньні льготнага рэжыму.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG