Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Дык з кім Расея мае мытны саюз? Я думаю, з Украінай, а не зь Беларусьсю”


У сёньняшніх «Званках на Свабоду» слухачы разважаюць пра маючыя адбыцца ў наступным годзе прэзыдэнцкія выбары, пытаюцца пра сэнс мытнага саюзу Расеі, Беларусі і Казахстану, перадаюць навагоднія і калядныя віншаваньні.

Выбары ў Беларусі яшчэ ня надта хутка, але літаральна кожны дзень слухачы дзеляцца сваімі (збольшага пэсымістычнымі) развагамі наконт касмэтычных зьменаў у Выбарчы кодэкс і пэрспэктыў самой выбарчай кампаніі:

Спадарыня Іванаўна, Квасоўка: «Наконт выбараў. Ды іх у нашай краіне няма. Мы на іх ня ходзім, і мы ім не патрэбныя. Што захочуць, тое і паставяць. А што мы іх цярпім, ім напляваць. Глядзяць на людзей спадылба або адвернуць галаву ў іншы бок. Дзьверы для нас усюды зачынены. Зьневажаюць і абіраюць. Закон для іх такі: «разделяй и властвуй...»

Актыўна абмяркоўваюць слухачы «Свабоды» і Мытны саюз Расеі, Беларусі і Казахстану. Вось адно з такіх тэлефанаваньняў:

Спадар Зіноўеў: «Я ў Смаленскай вобласьці не сустракаў прадуктовай крамы, дзе б не было ўкраінскага піва, а беларускае ёсьць толькі ў Смаленску і яшчэ ў Рудні. Дык з кім у Расеі мытны саюз? Думаю, з Украінай, а не зь Беларусьсю. І пуцінскі рэжым ведае, што там, дзе на расейскіх прылаўках беларускія тавары, там расейскія тавары не купляюць. Вось такі мытны саюз».

Тэлефанаваньне сталага слухача «Свабоды» спадара Зіноўева камэнтуе эканаміст Сяргей Балыкін:

«Мытны саюз — зь Беларусьсю, але ж мытны саюз не азначае, што будуць прымушаць набываць беларускія тавары. А будуць набываць тыя тавары, якія больш якасныя, гэта натуральна. Мытны саюз — гэта толькі інструмэнт, які спрашчае гандаль, але ж не прымушае некага нешта набываць. У Расеі эканоміка ўсё ж такі больш рынкавая, чым у Беларусі, і ніхто не прымушае расейскага бізнэсоўца закупляць нейкі тавар. Таму ён і купляе той тавар, які больш якасны і больш танны. Калі параўноўваць украінскае і беларускае піва, дык я — за ўкраінскае».

Цягам апошніх двух тыдняў рэдакцыйная аўдыёпошта перапоўненая віншаваньнямі і пажаданьнямі нашых слухачоў. Часам яны жартаўлівыя, часам — занадта сур’ёзныя. Да прыкладу, наш сталы слухач з Маладэчна абураецца, чаму не павіншаваў беларусаў з Новым годам прэм’ер-міністар краіны:

«Чаму Сідорскі, як і Пуцін, які разам зь Мядзьведзевым павіншаваў расейцаў, не павіншаваў праз радыё ці тэлебачаньне беларускі народ з Новым годам? Відавочна, Лукашэнка прыватызаваў гэтыя СМІ, і Сідорскаму недаступныя яны?»

Спадар Сяргей, Менск: «Прывітаньне ахвярам этнацыду, а таксама супрацоўнікам ідэалягічных аддзелаў і спэцслужбаў. Зычу ў новым годзе першым трошкі паразумнець і асэнсаваць свае інтарэсы. А другім і трэцім — пакалупацца ў сваёй душы і розуме і знайсьці там нешта карыснае для Беларусі і народу».

А завершым праграму «Званкі на Свабоду» такім аптымістычным пажаданьнем:

«У гэтым годзе ўсім беларусам хацеў бы пажадаць больш аптымізму. Нацыя перажыла сапраўднага дыктатара, ці тырана, як яго называюць — Джугашвілі-Сталіна. Перажылі Сталіна — перажывем і Лукашэнку. Так што больш аддавайце ўвагі сем’ям. Перажывем мы гэты рэжым, перажыве беларускі народ і Лукашэнку. Больш аптымізму! Дзякуй».

Нагадаю, што тэлефон «Свабоды» ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для SMS-паведамленьняў: +375 29 391-22-24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG